«Радавод» ў г. Пінску

22.02.2016
06 студзеня 2016 года ў г. Пінску прайшоў занальны агляд абласнога адкрытага фальклорнага фестывалю «Радавод»

06 студзеня 2016 года ў г. Пінску прайшоў занальны агляд абласнога адкрытага фальклорнага фестывалю «Радавод». У аглядзе прынялі ўдзел фальклорныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, юныя майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці і арганізатары гульнявых праграм з Лунінецкага, Столінскага, Іванаўскага, Драгічынскага, Пінскага раёнаў і г. Пiнска. Свае праграмы прадставілі як узорныя фальклорныя калектывы, чыя творчасць ужо добра вядома гледачам не толькі сваіх рэгіёнаў, але і вобласці, рэспублікі і замежжа, так і новыя творчыя аб’яднанні.

Новымі песнямі і музыкай, танцамі, знойдзенымі падчас фальклорных экспедыцый, узрадавалі вучні і педагогі з узорных ансамбляў «Сунічка» ЦДТ г. Лунінца, фальклорнага танца “Палескія плясуны”, народнай музыкі «Млынок», народнай песні «Весялінка» СШ №2 г.Століна, клуба аматараў фальклору “Гутаўцы”, Драгічынскага раёна, фальклорнага гуртка «Забава», Пінскага раёна, фальклорнай вакальна-харэаграфічнай групы «Спадчына» СШ №3 г. Пiнска і інш. Яскравым і па народнаму маляўнічым было выступленне юных аматараў фальклору з Іванаўскага раёна: заліхвацкія лашкары з Адрыжынскай сярэдняй школы, запальныя гарманісты з ансамбля «Грай, гармонік» і самабытныя танцы «Янаўшчызны» ансамбля фальклорнага танца «Каразель». З традыцыйнымі народнымі гульнямі і песнямі Драгічынскага раёна пазнаёмілі гледачоў і журы занальнага агляду юныя ўдзельнікі фальклорнага гуртка «Спадчына» і сямейнага калектыва «Бабуліны ўнукі», якія выйшлі на сцэну разам са сваёй бабуляй.

Юныя майстры народных промыслаў знаёмілі з традыцыямі сваіх рэгіёнаў і дэманстравалі свае ўменні ў ганчарным мастацтве і кераміцы (гурток “Гліняная цацка”, Столінскі РЦДзТ; Палюховіч Аляксандр, Малоткавіцкая дапаможная школа-інтэрнат), саломапляценні (Маліч Святлана, Мотальскі ВПК дзіцячы сад - сярэдняя школа ), вышыўцы і ткацтве (студыя народных промыслаў “Вышыванка”, Столинскі РЦДзТ; навучэнцы Бездзежскай і Навапапінской СШ, Драгічынскі раён), роспісу па шкле (Агарка Кацярына, Аснежыцкая СШ, Пінскі раён), лазапляценні (Неўдах Уладзіслаў, Калауравічскі яслі-сад - сярэдняя школа, які навучыўся майстэрству ў свайго дзеда), выцінанцы (навучэнцы гуртка “Творчая майстэрня”, Столінскі РЦДзТ). Удзельнікі конкурсу “Бабуліна кухня” прадставілі зборнікі рэцэптаў традыцыйных страў, запісаныя ў жыхароў свайго рэгіёну. Вынікі летніх фальклорных экспедыцый аформлены ў выставы навукова-даследчых работ навучэнцаў.

Першы занальны агляд VI абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” паставіў перад журы складаную задачу: вызначыць лепшых у розных намінацыях. Але казаць пра вынікі рана - наперадзе занальныя агляды ў Баранавічах і Брэсце, ад якіх аргкамітэт і журы чакаюць новых яркіх уражанняў і адкрыццяў.

поделиться в: