Перавесці прафесійную адукацыю на сучасныя прадпрыемствы

28.09.2015
- Усё, што акружае чалавека на рабоце, у побыце і на адпачынку, выканана рукамі рабочых і спецыялістаў. Ідэі інжынераў і канструктараў увасоблены ў жыццё менавіта імі. Інавацыйны працэс развіцця эканомікі патрабуе бесперапыннага развіцця прафесійнай адукацыі для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў.

- Усё, што акружае чалавека на рабоце, у побыце і на адпачынку, выканана рукамі рабочых і спецыялістаў. Ідэі інжынераў і канструктараў увасоблены ў жыццё менавіта імі. Інавацыйны працэс развіцця эканомікі патрабуе бесперапыннага развіцця прафесійнай адукацыі для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў. Агульнавядома, што самымі падрыхтаванымі спецыялістамі становяцца ў большасці выпадкаў тыя, хто спасцігаў азы прафесіі, пачынаючы з рабочай кваліфікацыі. Менавіта яны адчуваюць сябе больш упэўнена на інжынернай і канструктарскай пасадах, у ролі кіраўнікоў. Толькі ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі навучэнцы могуць рэалізаваць усе веды на практыцы сваімі рукамі. Наяўнасць дамоў аб узаемадзеянні ССНУ і УВА дазваляюць выпускнікам удасканальваць прафесійныя навыкі на больш высокай ступені на дзённай і завочнай форме навучання, - гаворыць дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання С.У.Шышына.

У каледжы актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Добрая матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы (5 камп’ютарных класаў, лінгафонны кабінет, інтэрактыўныя комплексы і інш.) дазваляе рыхтаваць высокапрафесійных спецыялістаў. Сёння педагогі каледжа з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні воблачных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

- Выпускнік ПТНУ павінен мець такі ўзровень кваліфікацыі, які дазваляў бы яму граматна эксплуатаваць сучасныя віды абсталявання, машын і агрэгатаў з максімальнай прадукцыйнасцю і высокай якасцю работы, - адзначае С.У.Шышына. – Гэта неабходная ўмова паспяховага вырашэння вытворчых задач. І на гэта нацэлена работа педкалектыву каледжа.

Адным з напрамкаў павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў, удасканалення прафесійных ведаў, вывучэння новай тэхнікі і тэхналогій з’яўляецца стварэнне рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання. Сёлета на базе ўстановы быў створаны рэсурсны цэнтр па профілі “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”. Цэнтр размяшчаецца ў асобным будынку і аснашчаны сучасным швейным абсталяваннем, а таксама спецабсталяваннем з праграмным кіраваннем. Лабараторыя камп’ютарнай тэхнікі дазваляе вывучаць новыя спецдысцыпліны. За 4 месяцы ў цэнтры прайшлі навучанне 223 педагогі і навучэнцы, у тым ліку з іншых ПТНУ вобласці.

Па словах С.У.Шышынай, развіццю творчай ініцыятывы навучэнцаў добра садзейнічаюць конкурсы і алімпіяды прафесійнага майстэрства з шырокім удзелам прадстаўнікоў базавых арганізацый і галіновых прафсаюзаў. Выхаванцы каледжа з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі міжнародных фестываляў прыгажосці “Неўскія берагі” і “Мінскі вернісаж”, рэспубліканскага конкурсу “Модны сілуэт”, фестывалю моды і фота “Млын моды” і інш.

- Пра якасць падрыхтоўкі навучэнцаў можна меркаваць і па выніках вытворчай практыкі ў арганізацыях і гаспадарках, - расказвае С.У.Шышына. – Калі раней выпускнікі часцей за ўсё былі задзейнічаны на выкананні другасных работ, то цяпер працуюць на сучасным высокапрадукцыйным абсталяванні і тэхніцы.

Дырэктару каледжа прыемна чытаць і чуць станоўчыя водгукі ад кіраўнікоў арганізацый аб узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў. Сёлета ўстанова выпусціла 215 спецыялістаў, якія атрымалі рабочыя кваліфікацыі, і 51 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (7 дыпломаў з адзнакай). Больш за 35% выпускнікоў асвоілі 3 і больш прафесіі. З павышаным разрадам выпушчана больш за 42% спецыялістаў.

- Адным з асноўных напрамкаў удасканалення падрыхтоўкі кадраў з’яўляецца прафарыентацыйная дзейнасць, - заўважае С.У.Шышына. – У ідэале яна павінна быць арганізавана такім чынам, каб да моманту выбару прафесіі ў падлеткаў ужо сфарміраваліся пэўныя інтарэсы. Для гэтага неабходны асобасны падыход і шырокамаштабнае інфармаванне аб падрыхтоўцы ў ПТНУ і сітуацыі на рынку працы.

С.У.Шышына ўпэўнена, што пытанні падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых немагчыма вырашыць без фарміравання ў іх актыўнай сацыяльнай пазіцыі, выхавання самастойнай, інтэлектуальна развітай і творчай асобы. 60 творчых аб’яднанняў і валанцёрскі рух дазваляюць эфектыўна арганізаваць вольны час усіх навучэнцаў. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце па грамадзянска-патрыятычным выхаванні быў цалкам абноўлены музей 44-й Гвардзейскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі. Сёння працягваецца работа па фарміраванні новай экспазіцыі, прысвечанай вязням канцэнтрацыйных лагераў.

Зразумела, што для паспяховага выканання адукацыйных задач патрэбны калектыў аднадумцаў. У каледжы працуе 83 педагогі. Гэта сплаў вопытных і маладых спецыялістаў, калектыў прафесіяналаў, дзе кожны разумее сваю адказнасць за навучанне і выхаванне моладзі.

- Усе выкладчыкі і 55% майстроў вытворчага навучання маюць вышэйшую адукацыю, больш за 70% - вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 98% - сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій у адукацыі, - гаворыць С.У.Шышына. – Педкалектыў здольны вырашыць любыя задачы па падрыхтоўцы спецыялістаў, запатрабаваных на рынку працы.

Дырэктар каледжа лічыць, што ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі неабходна вырашыць шэраг актуальных праблем. Састарэлая вучэбна-вытворчая база ПТНУ, якую немагчыма мадэрнізаваць за кошт бюджэту, не дазваляе ажыццяўляць паспяховую падрыхтоўку патрэбных спецыялістаў. Арганізацыі, органы дзяржаўнага кіравання галінамі эканомікі і інавацыйныя фонды не зацікаўлены ў спонсарскай дапамозе, накіраванай на стварэнне сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы ПТНУ і ССНУ. Ёсць праблемы і ў арганізацыі харчавання навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт бюджэту, і ў кадравым забеспячэнні, і ў прафілактыцы проціпраўных учынкаў навучэнцаў.

- Для вырашэння праблемных пытанняў трэба выкарыстоўваць новыя спосабы вучэбна-матэрыяльнага забеспячэння сучаснай прафесійнай адукацыі, - упэўнена С.У.Шышына. – Неабходна прадоўжыць стварэнне сучасных тэхналагічных рэсурсных цэнтраў калектыўнага карыстання ў кожнай галіне з аснашчэннем іх найноўшай тэхнікай, прычым з удзелам заказчыкаў кадраў, зацікаўленых у падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў. У рабоце варта больш актыўна выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі з іх выдатнымі імітацыйнымі магчымасцямі. Прафесійную адукацыю трэба максімальна перавесці на сучасныя прадпрыемствы. Патрабуе актывізацыі ўзаемадзеянне з сем’ямі навучэнцаў і праваахоўнымі органамі. Наш калектыў не стаіць на месцы, а знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых шляхоў павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў. Ад гэтага залежыць развіццё эканомікі і будучыня нашай краіны.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: