Наперад, а не ўверх

21.09.2015
“Горад у горадзе”, - так часам называюць Маскоўскі раён Брэста, самую буйную адміністрацыйную адзінку ў краіне, якая радуе ўстойлівым прыростам насельніцтва. Сістэма адукацыі раёна даволі “важкая”: 73 установы адукацыі. Іх наведвае амаль 33 тысячы дзяцей. Вучэбна-выхаваўчы працэс ажыццяўляе каля 3,3 тысячы педагогаў. На працягу 7 гадоў гэтай вялікай “школьнай краінай” кіруе Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі.

Шлях у адукацыю будучага начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, выпускніка Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна пачаўся з сярэдняй школы № 5 Брэста. Энергічнага і працавітага, прынцыповага і неабыякавага маладога чалавека хутка заўважылі і ацанілі. Пасада намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 20 Брэста стала новай прыступкай у прафесійным станаўленні. Затым перспектыўны кіраўнік узначаліў Брэсцкі гарадскі цэнтр пазашкольнай работы.

На любых пасадах Ю.М.Прасмыцкі паказваў, што пры вырашэнні любых пытанняў трэба зыходзіць з інтарэсаў справы. Выдатныя арганізатарскія здольнасці, узважаныя рашэнні з элементамі рызыкі дазваляюць Юрыю Мікалаевічу ўпэўнена весці вялікі калектыў “масквічоў” да поспехаў і новых вяршынь. Штогод вучні школ Маскоўскага раёна Брэста надзвычай паспяхова выступаюць у заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Жыццёвае крэда Ю.М.Прасмыцкага “Прафесіяналізм. Сумленнасць. Прынцыповасць” гарманічна зліваецца з працоўнай дзейнасцю і ўзаемаадносінамі з людзьмі. Падначаленыя рэдка скардзяцца на начальніка.

- Прафесіяналізм, сумленнасць і прынцыповасць павінны вызначаць зямны шлях кожнага чалавека, прычым менавіта ў такой паслядоўнасці, - лічыць Юрый Мікалаевіч. – Прычым важна рухацца наперад, а не ўверх, множачы дні карыснымі справамі для людзей. Такія ўрокі жыццёвай мудрасці далі бацькі. З гадамі гэтыя ўрокі трывала замацаваліся.

Вучоба ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь дала Ю.М.Прасмыцкаму грунтоўныя веды ў галіне дзяржаўнага кіравання. Юрый Мікалаевіч адказна выконвае і дэпутацкія абавязкі: праблемы іншых прапускае праз уласную прызму бачання і адчування. Чалавечнасць – важная рыса, якую не пазычыш і не набудзеш. Гэтая якасць, уласцівая Ю.М.Прасмыцкаму, дазваляе наладжаваць стасункі з калегамі і кіраўнікамі на высокім прафесійным узроўні.

З-за напружанага працоўнага графіка ў начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму застаецца мала вольнага часу на ўласныя справы. Сям’я для Юрыя Мікалаевіча – надзейны тыл і апірышча. Тут заўсёды зразумеюць, падтрымаюць і дапамогуць. А дачушкі-шчабятухі цешаць душу сярод стомленасці і будзённасці.

Ёсць у Ю.М.Прасмыцкага і хобі – нумізматыка. “У манет сваё жыццё, - гаворыць ён. – Калекцыянаванне запаўняе пэўную нішу жыцця, робіць яго цікавым і разнастайным”.

Ніна ДРЫК.

поделиться в: