На патрэбу рэгіёна

17.09.2015
- Для паспяховага развіцця краіны неабходна, каб кожны выпускнік школы мог прымяніць свае інтарэсы і схільнасці на практыцы, знайсці сябе ў пэўнай прафесіі і адчуць задавальненне ад работы па ёй, - лічыць дырэктар Гарадзішчанскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна С.М.Вінаград. – Не менш важна і тое, каб, атрымаўшы запатрабаваную спецыяльнасць, выпускнікі сельскіх школ вярталіся на малую радзіму і трывала замацоўваліся там. Без маладой змены нельга ўявіць будучыню вёскі.

С.М.Вінаград упэўнены, што сельская школа ва ўзаемадзеянні з рознымі сацыяльнымі інстытутамі здольна скіраваць вучняў да ўсвядомленага выбару прафесій, запатрабаваных у горадзе і вёсцы, спрыяць замацаванню маладых спецыялістаў у аграпрамысловым комплексе пэўнага рэгіёна і бесперапыннаму папаўненню рабочых кадраў сучаснага сяла. Усведамляючы гэта, калектыў Гарадзішчанскай сярэдняй школы скаапераваўся з іншымі навучальнымі ўстановамі Баранавіцкага раёна – Мірнаўскай, Вольнаўскай, Крошынскай і Русінаўскай сярэднімі школамі – для ўдзелу ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі бесперапыннай прафесійнай арыентацыі вучняў на спецыяльнасці рэгіянальнага аграпрамысловага комплексу”. Навуковым кіраўніком актуальнага праекта з’яўляецца першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі.

- Згодна з праектам, прафарыентацыя школьнікаў арганізавана сеткавым спосабам, - расказвае С.М.Вінаград. – Акрамя 5 школ, у сетку ўваходзяць прадпрыемствы сельскагаспадарчага профілю, ПТНУ, УВА і мясцовыя органы выканаўчай улады, здольныя істотна паўплываць на выбар спецыяльнасцей сельскагаспадарчай вытворчасці.

За год работы па праекце яго ўдзельнікам удалося вызначыць групы вучняў, зацікаўленых у спецыяльнасцях аграпрамысловага комплексу, увесці ў кожнай установе факультатыў “Мая прафесійная будучыня”, абсталяваць кабінеты прафарыентацыі і стэнды “Зрабі свой выбар!” для вучняў і іх бацькоў, стварыць віртуальныя кабінеты прафарыентацыі на школьных сайтах, арганізаваць другасную занятасць вучняў на 5 прадпрыемствах сельскагаспадарчага профілю раёна і работу працоўных лагераў падлеткаў, скласці і актыўна выкарыстоўваць у прафарыентацыі рэестр аграпрамысловых прадпрыемстваў Брэстчыны, вывучыць попыт на іх спецыяльнасці, класіфікаваць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці айчынных УВА, вызначыць і выкарыстоўваць эфектыўныя формы і метады арыентацыі вучняў на рабочыя спецыяльнасці, а таксама арганізаваць для вучняў і іх бацькоў сустрэчы з прадстаўнікамі шэрага ПТНУ, ССНУ і УВА.

- Сёння ў сельскагаспадарчай вытворчасці запатрабаваны аператары па ветэрынарным абслугоўванні жывёл, аператары механізаваных ферм і машыннага даення, ветэрынарныя ўрачы, леснікі, электрагазазваршчыкі, вадзіцелі, спецыялісты па рамонце абсталявання кацельняў і спецыялісты аварыйна-аднаўленчых работ, - гаворыць С.М.Вінаград. – Практыка паказвае, што ў вызначэнні жыццёвых і прафесійных планаў дзяцей актыўны ўдзел прымаюць іх бацькі. Праўда, іх парады далёка не заўсёды супадаюць з нтарэсамі і прафесійнымі намерамі вучняў, якія недаацэньваюцца ці пераацэньваюцца. Бацькоў менш за ўсё клапоціць тое, хто прыйдзе ім на змену пасля адыходу ад актыўнай працоўнай дзейнасці. Гэта падштурхнула да неабходнасці спецыяльнай прафарыентацыйнай работы з бацькамі: былі падрыхтаваны бацькоўскія сходы па азнаямленні з праектам і далучэнні бацькоў да інавацыйнага працэсу арыентацыі вучняў на спецыяльнасці, асваенне якіх дапаможа ім вярнуцца на малую радзіму, развіць прафесійныя і творчыя ўменні, праведзены індывідуальныя гутаркі і кансультацыі псіхолагаў і педагогаў з бацькамі, мамы і таты далучаліся да правядзення экскурсій для дзяцей па месцы работы.

Па словах С.М.Вінаграда, вучні сталі больш сацыялізаванымі, пачалі лепш разбірацца ў свеце прафесій, усвядомілі неабходнасць працаваць на карысць роднага краю, дзе можна вучыцца і развівацца. Гэта паказваюць спецыяльныя назіранні за работай школьнікаў у майстэрнях, на прышкольна-доследных участках, у лагерах працы і адпачынку, падчас другаснай занятасці. Не можа не радаваць той факт, што па выніках праекта 17 выпускнікоў школ сеткавага ўзаемадзеяння былі залічаны ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю не толькі вобласці, але і краіны (19% ад агульнай колькасці выпускнікоў).

- Плануем з улікам профільнага навучання забяспечыць работу профільных груп у 10 класах для вывучэння на павышаным узроўні біялогіі і арганізаваць міжшкольны факультатыў па вывучэнні батанікі і раслінаводства, - расказвае С.М.Вінаград. – Праз год, мяркуем, павінна павялічыцца колькасць вучняў, якія ўсвядомлена выберуць спецыяльнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Наш раён зацікаўлены ў тым, каб тут узрошчваліся і замацоўваліся будучыя аграрыі.

Вопыт 5 школ Баранавіцкага раёна, атрыманы за год рэалізацыі інавацыйнага праекта, сведчыць пра рэальную магчымасць выпрацоўкі ў старшакласнікаў сельскіх навучальных устаноў і ў дзяцей больш ранняга ўзросту арыентацыі на дарослую працоўную дзейнасць па месцы жыхарства. Для гэтага, упэўнены С.М.Вінаград, варта шукаць, умела і прафесійна раскрываць перавагі такой жыццёвай перспектывы. Ніхто за сельскіх настаўнікаў гэтага не зробіць.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: