Дом спраўджаных надзей

31.7.2015
 

- Сёння ў Брэсце працуюць два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, - расказвае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Ю.В.Парафянюк. – Першы адкрыўся ў студзені 2013 года, другі – у лютым 2014-га. Да канца бягучага года будзе пабудаваны трэці дом, для якога раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму шукае сямейную пару. Жадаючых стаць усынаўляльнікамі ў Брэсце шмат, а вось прыёмных бацькоў, якія хацелі б выхоўваць адразу некалькіх дзяцей, мала. Далёка не кожны адужае гэтую вельмі цяжкую і адказную справу. Тым не менш такія людзі знаходзяцца. І заслугоўваюць яны самых добрых слоў.

Так атрымалася, што ў першым доме працуюць ужо другія бацькі-выхавальнікі – Юлія Васільеўна і Дзмітрый Мікалаевіч Пятроўскія. З ліпеня мінулага года яны выхоўваюць 7 дзяцей – дзвюх дзяўчынак і пяцёра хлопчыкаў ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Акрамя іх, у сямейнай пары ёсць і ўласны 6-гадовы сын.

Юлія Васільеўна па прафесіі настаўніца гісторыі і беларускай мовы і літаратуры. Да дзіцячага дома сямейнага тыпу працавала ў сярэдняй школе № 35 Брэста. Муж заняты ў мытнай сферы.

- Заўсёды хацелася, каб работа не шкодзіла сям’і, - прызнаецца Юлія Васільеўна. – Працуючы ў школе, выношвала ідэю адкрыць дзіцячы развіццёвы цэнтр ці дзіцячы гульнявы пакой, каб выкарыстаць назапашаны педагагічны вопыт і паспрабаваць сябе ў новай, грамадска карыснай дзейнасці. Работа ў дзіцячым доме сямейнага тыпу стала цудоўнай магчымасцю зрабіць гэта, удала сумясціўшы любімы занятак з сям’ёй. Калегі, праўда, да такога рашэння аднесліся з пэўным недаўменнем.

Пра набор бацькоў-выхавальнікаў Юлія Васільеўна пачула выпадкова ў школе. Падумала: “А чаму б і не?”. Але канчатковае рашэнне было прынята толькі праз некалькі месяцаў: муж вельмі асцярожнічаў з-за вялікай адказнасці. Потым пачалася падрыхтоўчая работа.

За год работы Юлія Васільеўна ў ёй не расчаравалася, хаця працаваць надзвычай цяжка. Спачатку сямейная пара моцна перажывала, як дзеці паставяцца да новых бацькоў-выхавальнікаў. Але ўсё прайшло паспяхова дзякуючы педагагічнаму вопыту Юліі Васільеўны. Без яго, упэўнена жанчына, было б цяжэй.

- Для мяне вельмі важна бачыць вынік сваёй працы, - гаворыць Юлія Васільеўна. – Працуючы, у адрозненне ад школы, з абмежаванай колькасцю дзяцей, можна ўдзяліць кожнаму з іх больш увагі, прасачыць за зменамі ў вучобе і асобасным развіцці, палепшыць паводзіны. Хаця часу з-за бытавых абавязкаў усё роўна не хапае. Акрамя таго, выхаваўчая работа дазваляе не страціць прафесійную кампетэнтнасць, набыць новы каштоўны вопыт.

Бацькам-выхавальнікам даводзіцца вырашаць шмат праблемных пытанняў. Сярод іх – нізкая вучэбная паспяховасць дзяцей. Праўда, настаўнікі сярэдняй школы № 10 Брэста, якую наведваюць усе выхаванцы ДДСТ, адзначаюць, што пасля прыходу новых бацькоў-выхавальнікаў іх паспяховасць палепшылася.

- Гэта педагагічна запушчаныя дзеці, якім не хапае матывацыі да вучобы і якія не прывыклі вучыцца, - заўважае Юлія Васільеўна. – Адна з асноўных задач – навучыць дзяцей вучыцца, чытаць кнігі. Другая праблема – паводзіны. Трое дзяцей выхоўваліся ў інтэрнатных установах, якія сфарміравалі ў іх спецыфічныя звычкі. Так, для дзяцей з нядобранадзейных сем’яў уласцівы непаважлівыя адносіны да дарослых. Такія дзеці паважаюць толькі сілу. Словы ў якасці пераканаўчых аргументаў амаль не дзейнічаюць на іх. Таму выхаванню культуры паводзін даводзіцца ўдзяляць шмат увагі. Гэтае пытанне патрабуе штодзённай работы і пэўных педагагічных і псіхалагічных хітрыкаў. Кожны дрэнны ўчынак абмяркоўваецца, увага дзяцей скіроўваецца на недапушчальнасць кепскіх паводзін і неабходнасць заўсёды гаварыць праўду. У выхаваўчай рабоце вялікае значэнне адыгрывае ўласны прыклад. У якасці пакарання дзеці пазбаўляюцца прагляду тэлевізара і камп’ютара.

Бацькі-выхавальнікі пастаянна гавораць дзецям, што яны з’яўляюцца адной вялікай сям’ёй, дзе кожны асабістым прыкладам павінен вучыць адно аднаго лепшым чалавечым якасцям. Гэта вельмі важна для ўзаемакантролю.

- Спачатку адносіны дзяцей да працы былі рэзка адмоўныя, - працягвае Юлія Васільеўна. – Над гэтай праблемай таксама давялося папрацаваць, бо дзеці павінны навучыцца навыкам самаабслугоўвання, правілам асабістай гігіены і г.д. Кожны прыбірае свой пакой, дзяжурыць па кухні, мые за сабой посуд, працуе на агародзе. Акрамя таго, з дзецьмі праводзяцца прафарыентацыйныя гутаркі, якія скіроўваюць іх да атрымання ў будучыні пэўнай прафесіі.

У полі зроку бацькоў-выхавальнікаў знаходзяцца і міжасобасныя адносіны дзяцей, якія змагаюцца за лідарства і ўвагу да сябе. Юлія Васільеўна і Дзмітрый Мікалаевіч ставяцца да ўсіх аднолькава і паважліва. З дзецьмі ў іх склаліся надзвычай даверлівыя адносіны. У сям’і арганізаваны цікавы вольны час і калектыўная дзейнасць, якія вельмі добра аб’ядноўваюць.

- Як бы мы ні імкнуліся замяніць сваім выхаванцам маму і тату, кожны з іх марыць пра ўласную сям’ю і жадае вярнуцца да біялагічных бацькоў, - адзначае Ю.В.Пятроўская. – Усе дзеці падтрымліваюць зносіны з роднымі, якія, на жаль, не заўсёды ідуць на карысць, бо даволі часта нядбайныя бацькі шмат абяцаюць, але нічога не выконваюць. Таму з цягам часу роднасныя сувязі паступова страчваюцца.

Сям’я Пятроўскіх падтрымлівае цесныя сувязі з суседнім ДДСТ, дзе працуе сямейная пара з Мінска. Бацькі-выхавальнікі раяцца па розных праблемах, абмяркоўваюць агульныя тэмы. Добрыя стасункі склаліся і паміж дзецьмі.

- У дзіцячых дамах сямейнага тыпу, аснашчаных неабходнай бытавой тэхнікай і мэбляй, створаны належныя ўмовы для пражывання, - гаворыць Ю.В.Парафянюк. – На кожнае дзіця выплачваецца штомесячная грашовая дапамога. Заробак бацькоў-выхавальнікаў, адпачынак якіх складае 56 каляндарных дзён, адпавядае заробку школьнага педагога.

Сем’і адчуваюць моцную падтрымку з боку розных дзяржаўных і недзяржаўных структур. Раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму кантралюе ўмовы пражывання дзяцей і аказвае метадычную дапамогу бацькам-выхавальнікам. Паміж імі і супрацоўнікамі аддзела склаліся добразычлівыя і партнёрскія адносіны. Любое пытанне абмяркоўваецца і вырашаецца.

Наладжаны цесныя сувязі з гарадскім СПЦ (карэкцыйна-псіхалагічная дапамога дзецям), Чырвоным Крыжам, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Беларускім дзіцячым фондам, БРСМ, Беларускай праваслаўнай царквой, будаўнічым трэстам № 8 і раённай адміністрацыяй. Госці ніколі не прыходзяць у ДДСТ з пустымі рукамі.

- Работа дзіцячых дамоў сямейнага тыпу прапагандуе традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, дапамагае дзецям адчуць сябе любімымі і патрэбнымі, пераадолець псіхалагічныя комплексы і набыць упэўненасць у заўтрашнім дні. Цікава назіраць за развіццём выхаванцаў, іх поспехамі ў вучобе, займацца самаразвіццём і творчасцю. Калі бачыш сваю запатрабаванасць і мэтазгоднасць затрачаных намаганняў, адчуваеш вялікае задавальненне ад работы, пазнавальны педагагічны інтарэс і хочаш працаваць далей, - прызнаецца Юлія Васільеўна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: