Галоўны рэсурс якасці адукацыі

29.6.2015
 

Адкрываючы семінар, першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук адзначыў, што ад прафесійнай кампетэнтнасці сучасных кіраўнікоў залежыць не толькі павышэнне якасці адукацыі, але і імідж адукацыйнай галіны ў цэлым. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама М.М.Вінічак расказаў пра адукацыйную прастору рэгіёна і работу па стварэнні ўмоў для прафесійнага росту педагогаў.

Намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму А.І.Данілюк засяродзіла ўвагу на фарміраванні кіраўніцкіх кампетэнцый кадраў:

- Кіраванне якасцю адукацыі ажыццяўляецца па-рознаму. Адзін з падыходаў грунтуецца на вызначэнні кампетэнтнасці ўсіх суб’ектаў адукацыйнай галіны. Сучасны кіраўнік павінен быць прафесійна дасведчаным, валодаць ключавымі кіраўніцкімі кампетэнцыямі, аператыўна прымаць аптымальныя рашэнні, дасканала распрацоўваць стратэгію развіцця ўстановы адукацыі і забяспечваць яе інавацыйнае развіццё, хутка і гнутка рэагаваць на перамены, умець арганізаваць каманду аднадумцаў-прафесіяналаў і паспяхова кіраваць яе дзейнасцю.

Работа па фарміраванні сучаснага прафесійнага педагагічнага і кіраўніцкага калектыву з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў работы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. На Івацэвіччыне працуюць творчыя і кампетэнтныя кіраўнікі: амаль 87% дырэктараў устаноў адукацыі маюць стаж педагагічнай работы больш за 15 гадоў, 94% - вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 97% - сертыфікаты карыстальнікаў ІКТ.

Кіраўніцкая кампетэнтнасць кадраў удасканальваецца праз розныя метадычныя фарміраванні. Іх дзейнасць уяўляе сабой комплекс практыка-арыентаваных форм навучання, накіраваных на паглыбленне ведаў па розных напрамках кіраўніцкай работы. Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца семінары-практыкумы, індывідуальныя кансультацыі, дзелавыя гульні, дыспуты, круглыя сталы, фестывалі і майстар-класы. З мэтай удасканалення прафесійных навыкаў і дзелавых якасцей, паглыблення тэарэтычнай і спецыяльнай падрыхтоўкі ажыццяўляецца стажыроўка нядаўна прызначаных кіраўніцкіх кадраў (летась яе прайшлі 6 кіраўнікоў). Арганізавана вучоба кіраўніцкага рэзерву кадраў. З кожным рэзервістам працуюць па індывідуальным плане работы. Сёлетнія пасяджэнні Школы рэзерву кіраўніцкіх кадраў, якія адбыліся на базе Косаўскай сярэдняй школы і Стайкаўскага дзіцячага сада, прысвячаліся выкарыстанню ІКТ у кіраўніцкай дзейнасці і адукацыйным працэсе, а таксама фарміраванню прафесійнага вобліку сучаснага кіраўніка дашкольнай установы.

Важнейшай умовай паспяховай кіраўніцкай дзейнасці з’яўляецца сістэмная работа па павышэнні матывацыі кіраўнікоў да мэтанакіраванага прафесійнага самаўдасканалення і самаадукацыі, найперш у сферы менеджменту. Кіраўнік павінен быць дасведчаным у прававых, юрыдычных, эканамічных, інфармацыйных і фінансава-гаспадарчых пытаннях, валодаць аналітычнымі здольнасцямі. Гэтаму ўдзяляецца павышаная ўвага.

Станоўчую ролю ў фарміраванні арганізацыйна-дзейнаснай кампетэнтнасці кіраўнікоў дашкольных устаноў адыгрывае работа метадычнага аб’яднання загадчыкаў і іх намеснікаў па асноўнай дзейнасці “Змест арганізацыйна-кіраўніцкай дзейнасці кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і ў рамках выканання стандарту дашкольнай адукацыі” (кіраўнік – загадчыца ясляў-сада № 4 Івацэвіч А.І.Навумчык). На пасяджэннях аб’яднання ўзнімаюцца пытанні нарматыўнай прававой кампетэнтнасці кіраўнікоў-дашкольнікаў, партнёрскага ўзаемадзеяння з сям’ёй і інш.

Выкарыстоўваюцца розныя формы работы для павышэння прафесійнага майстэрства і кіраўніцкай культуры, развіцця творчасці і ініцыятывы дырэктараў школ і іх намеснікаў па вучэбна-выхаваўчай рабоце (семінары-практыкумы “Адкрыты педсавет “Арганізацыя выхаваўчай і ідэалагічнай работы”, “План работы ўстановы адукацыі як асноўны сродак у кіраванні развіццём дзейнасці педагагічнага калектыву” і “Эфектыўнасць унутрышкольнага кантролю: механізм арганізацыі і падвядзення вынікаў”).

Сацыяльная кампетэнтнасць кіраўнікоў удасканальваецца праз семінары па развіцці партнёрскіх адносін з зацікаўленымі ведамствамі, калегамі з іншых рэгіёнаў і інш. Шмат увагі ўдзяляецца развіццю асобаснай кампетэнтнасці кіраўнікоў, якая заключаецца ў інтэлектуальным, творчым і крытычным мысленні, шырокім кругаглядзе, навуковай і псіхалагічнай падрыхтоўцы. Вопыт паказвае, што значных вынікаў у адукацыйнай дзейнасці дабіваюцца калектывы, кіраўнікі якіх з’яўляюцца пераможцамі розных конкурсаў. Так, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца рускай мовы і літаратуры Косаўскай сярэдняй школы Р.А.Савіцкая – пераможца абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” (2013), намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Івацэвіч А.В.Валінская – лаўрэат абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Беларусі – 2014”, былы дырэктар Мілейкаўскай пачатковай школы А.Ф.Ляховіч – уладальніца дыплома ІІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (2013) і пераможца абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” (2014).

Метадычная кампетэнтнасць кіраўнікоў фарміруецца праз іх актыўнае далучэнне да эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, авалоданне і эфектыўнае выкарыстанне ІКТ. Так, з мінулага года ў яслях-садзе №№ 4, 5 і 6 Івацэвіч рэалізуецца эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту”, а ў Косаўскай сярэдняй школе – інавацыйны праект “Укараненне мадэлі станаўлення суб’ектнай пазіцыі старшакласнікаў праз спецыяльна арганізаванае адукацыйнае асяроддзе школы”. 3 установы адукацыі падалі заяўкі на ўключэнне ў інавацыйную дзейнасць у новым навучальным годзе.

Практыка паказвае, што прафесійнае кіраванне атэстацыяй педагогаў садзейнічае павышэнню якасці адукацыі ва ўстановах. Таму з іх кіраўнікамі штогод праводзіцца адпаведны семінар.

У кіраўнікоў развіваюцца таксама арганізацыйна-камунікацыйная і інфармацыйная кампетэнтнасць. Укараненне ІКТ тэхналогій у адукацыйную дзейнасць адкрывае новыя магчымасці для навучальнай установы. Кіраўнікі актыўна выкарыстоўваюць у рабоце розныя праграмныя комплексы і сродкі. З мэтай выяўлення і папулярызацыі лепшага вопыту ў галіне выкарыстання

ІКТ ладзяцца конкурсы і e-mail-канферэнцыі сярод педагогаў. Добрых вынікаў у інфарматызацыі кіравання дасягнулі калектывы ліцэя Івацэвіцкага раёна, Косаўскай сярэдняй школы і ясляў-сада № 4 Івацэвіч. Нядзіўна, што па выніках мінулагодняга абласнога конкурсу “Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” дырэктар Косаўскай сярэдняй школы А.В.Раўчэня атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “Кіраванне інфарматызацыяй адукацыйнага працэсу”.

Сучаснаму кіраўніку не абысціся і без эканамічнай і прававой кампетэнтнасці. Для яе фарміравання праводзіцца тэматычная вучоба з удзелам спецыялістаў дзяржаўнай інспекцыі аховы працы, раённага фінансавага аддзела, пракуратуры, абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Надзвычай цікавы вопыт па тэме семінара назапашаны ў ліцэі Івацэвіцкага раёна. Дырэктар установы Я.Я.Пішчаў расказаў пра работу па стварэнні матывацыйнага асяроддзя для паспяховай самарэалізацыі педагогаў і вучняў, а яго намеснік па вучэбнай рабоце В.А.Ляўданскі падзяліўся напрацоўкамі па стварэнні ўмоў для фарміравання прафесійных кампетэнцый педагогаў сродкамі рэсурсных цэнтраў. Вопытныя настаўнікі А.М.Сарока, В.У.Арцюшэня, П.В.Сітнік і Л.М.Бурвін правялі майстар-класы па ўдасканаленні камунікацыйнай кампетэнцыі дзяцей, развіцці іх творчых здольнасцей пры вывучэнні фізікі, выкарыстанні ІКТ у выкладанні гісторыі і г.д.

Не менш цікавым і карысным атрымалася наведванне ясляў-сада № 4 Івацэвіч, дзе была прадстаўлена панарама форм і метадаў работы педагогаў па развіцці дашкольнікаў. Загадчыца ўстановы А.І.Навумчык гаварыла пра ролю прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у павышэнні якасці дашкольнай адукацыі, выхавальніца В.І.Жыгар – пра ролю развіццёвага асяроддзя, а выхавальніца В.А.Чаплыгіна – пра ўзаемадзеянне дзіцячага садка і сям’і ў фарміраванні матэматычных уяўленняў малышоў.

У Косаўскай сярэдняй школе ўдзельнікі семінара азнаёміліся з інавацыйнымі напрацоўкамі па выкарыстанні ІКТ у кіраўніцкай і вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Настаўніца пачатковых класаў А.Ф.Ляховіч расказала пра стварэнне аўтарскіх электронных вучэбна-метадычных прадуктаў і іх прымяненне ў рабоце з малодшымі школьнікамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: