Шанаваць працу са школы

10.6.2015
 

Адкрываючы семінар у Міжлескай сярэдняй школе, метадыст Брэсцкага абласнога ІРА А.М.Чаркасевіч адзначыў, што фарміраванне ў сучасных школьнікаў паважлівага стаўлення да працы з’яўляецца адным з актуальных напрамкаў выхаваўчай работы. Без працавітасці, адказнасці і стараннасці нельга стаць добрым спецыялістам і дасягнуць значных прафесійных поспехаў.

Начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.М.Раковіч азнаёміў удзельнікаў семінара з адукацыйнай галіной рэгіёна, а загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.І.Богдан расказала пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні (тэхнічнай працы).

- На Лунінеччыне добра наладжана сістэма работы настаўнікаў працоўнага навучання, - паведаміла В.І.Богдан. – Каля 80% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У рэгіёне працуюць школьныя і раённыя метадычныя аб’яднанні, творчыя і праблемныя групы, семінары-практыкумы. Навучанне накіравана на індывідуальную работу з дзецьмі, носіць практыка-арыентаваны характар і з’яўляецца даступным для кожнага. Вучэбныя заняткі плануюцца з улікам узроставых асаблівасцей школьнікаў і накіраваны на пашырэнне іх кругагляду, развіццё лагічнага мыслення, навыкаў практычнай дзейнасці і самастойнай работы, фарміраванне актыўнага пазнавальнага інтарэсу да вывучэння тэхнічнай працы і выхаванне паважлівых адносін да працы.

Педагогі раёна цесна супрацоўнічаюць і з задавальненнем дзеляцца вопытам работы. Гэта дае станоўчыя вынікі. Так, выхаванцы настаўніка тэхнічнай працы Палескай сярэдняй школы Ф.Ф.Ходата з’яўляюцца пастаяннымі дыпламантамі абласнога конкурсу даследчых работ вучняў “З навукай у будучыню”. Аўтарскія работы педагога і яго выхаванцаў вылучаюцца арыгінальнасцю і тэхнічнымі асаблівасцямі.

У Міжлескай сярэдняй школе ўдзельнікі семінара наведалі адкрытыя заняткі па тэхнічнай працы ў 6 класе, прысвечаныя тэхналогіі зборкі аб’ёмных вырабаў з выпілаваных плоскіх дэталей з фанеры (настаўнік Ф.Л.Кацуба). Прыемна ўразілі гасцей змест школьнай майстэрні, майстэрства педагога і працавітасць яго выхаванцаў. Настаўнік з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і працоўным стажам больш за 22 гады пастаянна ўдасканальвае веды і знаходзіцца ў пошуку новых форм і метадаў работы з дзецьмі.

Удзельнікі семінара азнаёміліся таксама з дзейнасцю сярэдняй школы аграгарадка Вулька – 2. Работу школьных майстэрань прэзентавалі настаўніца абслуговай працы Г.С.Кісель і настаўніца тэхнічнай працы М.Р.Яраховіч. Арганізацыя дзейнасці педагогаў і вучняў школы атрымала высокую ацэнку калег.

Надзвычай цікавай атрымалася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагогаў і вучняў Лунінскай сярэдняй школы. Вялікі інтарэс выклікалі ўнікальныя работы настаўніцы абслуговай працы Н.С.Ярмольчык, настаўніцы выяўленчага мастацтва Н.Я.Багданец і іх выхаванцаў. Аўтарскія вырабы неаднаразова перамагалі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.

Нельга абысці ўвагай і вопыт работы педагогаў Багданаўскай сярэдняй школы, якую ўзначальвае А.А.Ярмольчык. Настаўнікі расказалі пра асаблівасці мясцовага фальклору і мастацтва, а вучні азнаёмілі з адметнымі экспанатамі школьнага музея, які захоўвае гісторыю развіцця вёскі, вырабы і аб’екты працы яе жыхароў, прыстасаванні і інструменты з індывідуальным стылем. Радуе, што моладзь не толькі старанна захоўвае, але і працягвае гісторыю малой радзімы.

Школа з’яўляецца базавай у раёне па падрыхтоўцы ўдзельнікаў алімпіяд па працоўным навучанні. Ва ўстанове працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы: настаўнік тэхнічнай працы В.Л.Жогла і настаўнік абслуговай працы А.І.Ільючык. Вялікае ўражанне ва ўдзельнікаў семінара выклікалі работы вучняў, выкананыя пад кіраўніцтвам педагогаў. Акрамя таго, В.Л.Жогла прадэманстраваў практычную частку вучэбных заняткаў у 6 класе па тэме “Прапільная разьба па драўніне. Тэхналогія выпілоўвання вострых вуглоў”, падчас якіх дзеці вырабілі сувенір “Голуб міру”.

У педагогаў добра наладжана сістэма работы з высокаматываванымі вучнямі. Штогод выхаванцы настаўнікаў паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху.

Падводзячы вынікі семінара, яго ўдзельнікі адзначылі, што вопыт работы педагогаў Лунінеччыны з’яўляецца індывідуальным, а сістэма работы – устойлівай. Пра гэта красамоўна сведчыла ўбачанае.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: