Павышаць прафесійную кампетэнтнасць кіраўнікоў

2.6.2015
 

- Сёння на Піншчыне працуюць 127 дырэктараў школ, загадчыкаў дзіцячых садкоў і іх намеснікаў, - расказвае дырэктар Жыдчанскай сярэдняй школы, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання дырэктараў школ А.М.Дубіна. – За апошнія 3 гады кіраўніцкі склад абнавіўся амаль на 23% (пераважна за кошт дырэктараў школ і іх намеснікаў). Сярэдні ўзрост дырэктараў школ – 47 гадоў, іх намеснікаў – 40, загадчыкаў дзіцячых садкоў – 44, іх намеснікаў – 40. Колькасць кіраўнікоў школ пенсіённага ўзросту складае каля 18%, а дзіцячых садкоў – каля 3%. Амаль 35% кіраўнікоў маюць стаж работы на пасадзе не больш за 5 гадоў, каля 21% - больш за 15 гадоў.

У раёне працуюць маладыя кіраўнікі, якія вылучаюцца ініцыятыўнасцю, актыўнасцю і імкненнем да прафесійнай рэалізацыі, і іх вопытныя калегі, якія могуць перадаць ім багаты вопыт і адпаведныя навыкі. Метадычная работа з кіраўніцкімі кадрамі спланавана зыходзячы з іх прафесійнага ўзроўню і педагагічнай пазіцыі, зацікаўленасці і асабістых адносін да праблем і перспектыў удасканалення і развіцця ўстаноў адукацыі.

Асаблівую ўвагу ва ўдасканаленні кіраўніцкай дзейнасці і паляпшэнні падбору і расстаноўкі кадраў раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму ўдзяляе фарміраванню іх рэзерву і рабоце з ім. Рэзерв кадраў зацвярджаецца штогод на аснове прапаноў устаноў адукацыі. З мэтай удасканалення работы з рэзервам і эфектыўнага выкарыстання кадравага патэнцыялу праводзіцца вучоба з кіраўнікамі і іх стажыроўка. Амаль усе кіраўнікі, прызначаныя апошнім часам, знаходзілся ў рэзерве кадраў.

- Прыярытэтнымі напрамкамі работы з кіраўніцкімі кадрамі з’яўляюцца павышэнне якасці кіраўніцкай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, стварэнне ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі і творчай дзейнасці кіраўнікоў, пошук, вывучэнне, прапаганда і папулярызацыя ўзораў эфектыўнай кіраўніцкай практыкі, - адзначае А.М.Дубіна. – Гэта рэалізуецца праз тэарэтычныя, навучальныя і практычныя семінары, метадычныя аб’яднанні, кансультацыі, субяседаванні, конкурсы і інш. Так, у мінулым навучальным годзе на пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання дырэктараў школ і праблемных семінарах адпрацоўваліся пытанні, звязаныя з атэстацыяй і аналітычнай дзейнасцю кіраўнікоў. Выкарыстанне розных форм і метадаў работы (тэарэтычных і практычных) дазваляе вырашыць адну з важнейшых задач метадычнага аб’яднання – павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці кіраўніцкіх кадраў.

Метадычная работа ў раёне з’яўляецца асобасна арыентаванай і будуецца такім чынам, каб зацікавіць, захапіць і нацэліць кіраўнікоў на далейшую самаадукацыю. На працягу некалькіх гадоў практыкуецца адпрацоўка пытанняў па адной, найбольш актуальнай для пэўнага перыяду тэме. На першым пасяджэнні яго ўдзельнікі паглыбляюцца ў тэму, вывучаюць нарматыўную базу і ставяць канчатковую мэту работы. Наступныя пасяджэнні з’яўляюцца практычнымі і праходзяць на базе розных навучальных устаноў. Важна, што на кожным пасяджэнні выпрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі.

У 2011/2012 навучальным годзе вучоба дырэктараў школ раёна праходзіла па тэме “Забеспячэнне бесперапыннасці адукацыі праз ажыццяўленне пераемнасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу”, якая адпавядала запытам кіраўнікоў устаноў. Першае пасяджэнне было праведзена ў форме круглага стала, прысвечанага сучасным праблемам пераемнасці дашкольнага і школьнага навучання дзяцей з АПФР. На семінарскіх занятках адпрацоўваліся пытанні рэалізацыі прынцыпаў бесперапыннасці і пераемнасці ў сістэме выхавання ўстаноў адукацыі. Трэцяе пасяджэнне прайшло на базе Ласіцкай сярэдняй школы ў форме практыкуму “Кіраўніцкая дзейнасць дырэктара школы па забеспячэнні пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”.

У 2012/2013 навучальным годзе метадычнае аб’яднанне працавала над тэмай “Сістэмны падыход у рабоце ўстаноў адукацыі па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, безнагляднасці, злачынстваў і правапарушэнняў”. Гэтая работа праводзілася з мэтай стварэння ўмоў для ўдасканалення кіраўніцкай кампетэнтнасці кіраўнікоў школ па забеспячэнні эфектыўнасці прафілактычнай дзейнасці. Першае пасяджэнне адбылося ў форме семінара, падчас якога дырэктары школ вывучалі напрамкі дзейнасці кіраўніка па рэалізацыі нарматыўных прававых дакументаў і кантролі за іх эфектыўным выкананнем. На другім пасяджэнні, прысвечаным стварэнню сістэмы педагагічнага процідзеяння амаральным і проціпраўным паводзінам падлеткаў, прайшоў круглы стол з удзелам дырэктараў школ, метадыстаў раённага ВМК, супрацоўнікаў пракуратуры і РАУС. Трэцяе пасяджэнне праводзілася на базе трох школ у форме семінара-практыкуму па тэме “Установа адукацыі як цэнтр актыўнай выхаваўчай работы з падлеткамі”. Заключным этапам работы стала тэматычная інтэрнэт-канферэнцыя.

Адным з напрамкаў вучобы кіраўнікоў у 2013/2014 навучальным годзе з’яўлялася работа па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагогаў. На першым пасяджэнні адпрацоўваліся пытанні іх атэстацыі, на другім – разглядаліся пытанні ўдасканалення аналітычнай дзейнасці ў школах і ролі кіраўніка ў гэтым. Так, была прэзентавана кіраўніцкая дзейнасць Бярозавіцкай сярэдняй школы па тэме “Выніковы аналіз работы ўстановы адукацыі як важнейшая ўмова эфектыўнага кіравання школай”. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з тэхналогіяй падрыхтоўкі і правядзення педагагічнага савета, выпрацоўкі рашэнняў і кантролю іх выканання. Пытанне арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей разглядалася на прыкладзе лагера “Парэчча”.

Сістэмная метадычная работа вядзецца і з кіраўнікамі дашкольных устаноў. Так, на сайце дзіцячага сада – пачатковай школы пасёлка Садовы працуе форум “На шляху да атэстацыі” для суіскальнікаў першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. На базе Малоткавіцкага ясляў-сада эфектыўна дзейнічае Школа кіравання, на пасяджэннях якой адпрацоўваюцца пытанні кантрольна-аналітычнай дзейнасці, пажарнай бяспекі і гадавога планавання.

- Творчыя, дасведчаныя і ініцыятыўныя кіраўнікі дашкольных устаноў Піншчыны ахвотна дзеляцца напрацоўкамі эфектыўнай кіраўніцкай практыкі з калегамі праз публікацыі ў прафесійным друку, конкурсы-прэзентацыі, выступленні на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і семінарах, - гаворыць А.М.Дубіна. – Працягваецца вывучэнне еўрапейскай дашкольнай адукацыі. Так, летась прадстаўнікі раёна наведалі Славакію. На семінары і круглым стале ў вучэбна-педагагічным цэнтры Браціславы абмяркоўваліся праблемы развіцця дашкольнай адукацыі і шляхі іх вырашэння.

Па словах А.М.Дубіны, Піншчына валодае даволі кваліфікаваным і перспектыўным кіраўніцкім кадравым складам, які пры ўмелым фарміраванні і кіраванні можа эфектыўна працаваць і дасягаць пастаўленых мэт.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: