Новы імпульс у рэалізацыі творчых здольнасцей

26.5.2015
 

Конкурс – гэта не толькі свята, а найперш напружаная работа, хваляванні, радасці і расчараванні. Сёлета ў канцэртнай зале гімназіі сабраліся больш за 80 удзельнікаў з 14 устаноў адукацыі вобласці. Сярод юных музыкантаў былі тыя, хто прыехаў на фестываль-конкурс ужо другі раз.

Першапачаткова спаборніцтва задумвалася з мэтай адкрыцця юных дараванняў Брэстчыны сярод вучняў агульнаадукацыйных устаноў з эстэтычным напрамкам (сёння гэта ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з вывучэннем спецыяльных прадметаў музычнай накіраванасці на факультатыўных занятках). Паступова “Cantabile” набыў папулярнасць сярод вучняў і выкладчыкаў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў (сёлетняе журы ўзначаліла выкладчыца спецыяльнага фартэпіяна І.У.Барысевіч з Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы). Адметна, што другі раз запар у фестывалі-конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі Гомельшчыны.

Юныя музыканты спаборнічалі ў 4-х узроставых групах. Абавязковым творам праграмы з’яўлялася п’еса кантыленнага характару, якая выклікала эмоцыі, перажыванні, змену настрою і прымушала выканаўцаў выразна “спяваць” на інструменце. Чароўным гучаннем раяля пакарылі журы Ангеліна Алесік, Таісія Яўтуховіч і Марыя Драган з гімназіі № 4 Брэста (педагогі І.А.Бараннік і К.У.Жыватоўская), а таксама Цімафей Бранавіцкі з гімназіі № 2 Пінска (педагог Т.В.Трусевіч). Вучні атрымалі спецыяльны прыз, заснаваны дырэктарам Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы Р.А.Жабінскім.

Асаблівая ўвага ў падрыхтоўцы конкурсных праграм удзялялася творам беларускіх аўтараў. Прагучалі п’есы М.Шнейдэрмана, П.Падкавырава, Я.Глебава, Д.Камінскага, Я.Паплаўскай, Г.Гарэлавай, У.Грушэўскага і іншых, а таксама апрацоўкі беларускіх народных песень. Асобнае месца занялі класічныя творы, лепшыя ўзоры фартэпіяннай музыкі: санаты Л. ван Бетховена, М.Клеменці і Ё.Гайдна, “Мелодыя” А.Рубінштэйна, “Накцюрн” Ф.Шапэна, эцюды Ф.Ліста і М.Машкоўскага.

Самыя яркія ўражанні пакінулі выступленні хлопчыкаў і дзяўчынак І малодшай узроставай групы (2 дыпломы І ступені, 3 дыпломы ІІ ступені і 4 дыпломы ІІІ ступені). А вось у старшай узроставай групе дыплом І ступені, на жаль, не знайшоў свайго ўладальніка. Тым не менш без узнагарод не застаўся ніводны канкурсант. Юныя музыканты, якія не сталі лаўрэатамі фестывалю-конкурсу, атрымалі пахвальныя водзывы ў розных намінацыях.

Не засталіся без увагі і педагогі, якія рыхтавалі ўдзельнікаў “Cantabile”. За высокае педагагічнае майстэрства ў падрыхтоўцы выхаванцаў яны былі адзначаны пахвальнымі водзывамі абласнога ўпраўлення адукацыі.

Асаблівасцю сёлетняга спаборніцтва юных піяністаў стала тое, што, акрамя конкурснага праслухоўвання, у рамках “Cantabile” праводзіўся фестываль фартэпіяннай музыкі ў намінацыі “Ансамбль”. Усе ўдзельнікі фартэпіянных дуэтаў і трыа былі ўзнагароджаны дыпломамі. А вось Дар’я Кузьмінчук і Яна Кандзярэшка з Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў (педагог Л.В.Перчанка), якія выступілі з музычным нумарам “Папуры на тэмы з кінамузыкі Андрэя Пятрова”, выклікалі бурныя апладысменты гледачоў і журы. У выніку дуэт атрымаў дадатковую ўзнагароду – пахвальны водзыў абласнога ўпраўлення адукацыі.

За час існавання фестывалю-конкурсу юных піяністаў ён трывала ўвайшоў у грамадска-культурнае жыццё Брэстчыны і атрымаў шырокае прызнанне сярод бацькоў вучняў і выкладчыкаў. Кожнае спаборніцтва – гэта новы імпульс у рэалізацыі творчых здольнасцей яго ўдзельнікаў, важны крок у пашырэнні міжкультурнага дзіцячага супрацоўніцтва і абмене педагагічным вопытам.

Кацярына ЖЫВАТОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 4 Брэста.

поделиться в: