Педагог – педагогу

26.5.2015
 

Сённяшні настаўнік замежнай мовы павінен умець выбудоўваць дыялог культур, мадэліраваць сітуацыі міжкультурных зносін, валодаць сучаснымі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі і актыўна прымяняць іх у адукацыйным працэсе. Задача метадычнай службы заключаецца ў тым, каб дапамагчы педагогам навучыцца разумець канцэптуальныя асновы сучаснай адукацыйнай парадыгмы і эфектыўна выкарыстоўваць камунікацыйныя тэхналогіі, прыёмы матывацыі, арганізацыі і стымулявання вучэбнай дзейнасці школьнікаў. Настаўнікам неабходна авалодаць спосабамі і тактыкай зносін, якія забяспечваюць наладжванне партнёрскага, асобасна арыентаванага ўзаемадзеяння з вучнямі, - асноўных умоў правядзення камунікацыйнага ўрока.

Сёння вельмі важна арганізаваць прафесійныя зносіны педагогаў, стварыць умовы для дэманстрацыі, абмену і распаўсюджання станоўчага педагагічнага вопыту, які настаўнікі засвойвалі б актыўна, “прапускаючы” праз сябе. Сярод актыўных форм метадычнай работы з настаўнікамі замежнай мовы Пінска па абмене іх вопытам станоўчыя водгукі атрымаў пастаянны дзеючы семінар “Зносіны без абмежаванняў: прыёмы арганізацыі камунікацыйна арыентаванага навучання”, які пачаў праводзіцца з 2011/2012 навучальнага года.

Семінарскія заняткі праходзяць 4 – 5 разоў у год у форме майстар-класаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца методыцы іх правядзення. Першае пасяджэнне педагогаў традыцыйна прысвечана тэме “Майстар-клас як форма дэманстрацыі і абмену эфектыўнага педагагічнага вопыту”.

Тэматыку майстар-класаў педагогі вызначаюць самі. Галоўнае патрабаванне – дэманстрацыя эфектыўных прыёмаў, спосабаў і сродкаў, якія садзейнічаюць фарміраванню камунікацыйнай кампетэнцыі вучняў. Удзельнікі семінара (настаўнікі англійскай, нямецкай і французскай мовы) засвойваюць вопыт выкарыстання метадаў, прыёмаў, тэхналогій і форм арганізацыі адукацыйнага працэсу па замежнай мове не як слухачы, а як вучні, што выконваюць заданні і практыкаванні сваіх “настаўнікаў”, адказваюць на пытанні “педагогаў-майстроў”.

З мэтай удасканалення моўнай і маўленчай кампетэнцыі педагогаў імітацыйная гульня праводзіцца на замежнай мове, што стварае дадатковыя ўмовы для прафесійнага і маўленчага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў. Канчатковым вынікам работы ўдзельнікаў кожнага майстар-класа з’яўляецца стварэнне ўласнай мадэлі заняткаў з выкарыстаннем прыёмаў і метадаў, якія выкарыстоўваюць вядучыя майстар-класаў.

За час работы семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з вопытам калег па арганізацыі дзейнасці ў малых групах, з методыкай навучання замежнай мове “Навучанне па станцыях”, прыёмамі і метадамі работы з відэафільмамі, аўтэнтычнымі матэрыяламі, тэхналогіяй развіцця крытычнага мыслення (стратэгія “Зігзаг”), асаблівасцямі правядзення дэбатаў, выкарыстаннем апорных сігналаў па методыцы В.Ф.Шаталава і інш.

Сёння вопыт дзейнасці па эфектыўным прымяненні спосабаў і прыёмаў навучання замежнай мове дэманструюць лепшыя настаўнікі Пінска: удзельнікі гарадскога і абласнога этапаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”, педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў алімпіяд, канферэнцый і конкурсаў па замежнай мове, і настаўнікі, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў павышэння кваліфікацыі ў АПА і інстытуце імя Гётэ ў Мінску.

Вывучэнне меркаванняў педагогаў аб правядзенні семінарскіх заняткаў сведчыць пра іх актуальнасць і практычную значнасць. Па выніках работы семінара складзены зборнікі практычных матэрыялаў у серыі “Педагог – педагогу”, якія выкарыстоўваюць настаўнікі на вучэбных і дадатковых занятках па прадмеце.

Сёлета ў семінара з’явіўся дэвіз “Docendo discimus” (“Навучаючыся, вучымся”). І гэта нядзіўна. Дэманстрацыя ўласнага вопыту прадугледжвае яго глыбокае асэнсаванне, а прафесійныя зносіны на пасяджэннях вядуць да ўзаемаабагачэння і прафесійнага росту кожнага ўдзельніка.

Сняжана НЕВЯРОВІЧ,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі,
спорту і турызму Пінскага гарвыканкама.

поделиться в: