Разам з сям’ёй, а не замест яе

26.5.2015
 

Адкрываючы семінар, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Н.Д.Шамовіч адзначыла, што ён з’яўляецца цудоўнай магчымасцю ацаніць якасць работы ўстаноў адукацыі Пінска і абмяняцца цікавым і карысным вопытам. Старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга бацькоў “Крок за крокам” Т.І.Навасад запэўніла, што прафесіяналізм пінскіх педагогаў нікога не пакіне абыякавым. У гэтым удзельнікі семінара пераканаліся падчас наведвання ясляў-садоў №№ 8 і 10, сярэдніх школ №№ 14 і 18. У кожнай установе гасцей чакала насычаная праграма.

- У Пінску, дзе пражываюць больш за 135 тысяч чалавек, працуюць 57 устаноў адукацыі: 33 дзіцячыя садкі, 3 гімназіі, 14 сярэдніх школ і інш., - расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Я.М.Мендзель. – Сетка ўстаноў адукацыі задавальняе запыты вучняў і іх бацькоў у атрыманні якаснай адукацыі і рэалізацыі індывідуальных здольнасцей.

Колькасць школьнікаў штогод павялічваецца. Сёння ў навучальных установах горада атрымліваюць веды каля 15,5 тысячы дзяцей. Адукацыйны працэс на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца ў 3-х гімназіях і ліцэі ПалесДУ па фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным і філалагічным напрамках. У 10 школах асобныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. У такіх класах выкладаюць педагогі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Установы горада гатовы да ўвядзення профільнага навучання.

Важным паказчыкам работы навучальных устаноў з’яўляюцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Летась 4 выпускнікі атрымалі на ім 100 балаў. У лік лепшых устаноў горада па выніках ЦТ уваходзяць усе гімназіі, сярэдняя школа № 14 і ліцэй ПалесДУ. Амаль 70% мінулагодніх выпускнікоў сталі студэнтамі УВА.

Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі дзецьмі. Так, для павышэння выніковасці ўдзелу ў прадметных алімпіядах з 2013 года на базе гімназій працуюць рэсурсныя цэнтры па 5 напрамках і 13 прадметах, якія наведваюць каля 430 вучняў. Па выніках алімпіяднага руху Пінск уваходзіць у тройку лідараў вобласці (пасля Брэста і Баранавіч). Прыкладаў паспяховых выступленняў на розных конкурсах і канферэнцыях у пінскіх школьнікаў шмат.

Па словах Я.М.Мендзеля, эксперыменты і інавацыі з’яўляюцца важнымі ўмовамі і сродкамі развіцця адукацыйнай галіны. Летась гімназіі №№ 2 і 3, сярэднія школы №№ 3 і 18, ліцэй ПалесДУ і яслі-сады №№ 5 і 8

сталі інавацыйнымі пляцоўкамі Міністэрства адукацыі. На базе ліцэя ПалесДУ рэалізуецца эксперыментальны праект. Сёлета да работы ў рамках інавацыйных праектаў далучыліся сярэдняя школа № 9 і яслі-сады №№ 10, 35 і 42.

У сістэме адукацыі Пінска працуюць творчыя педагогі-прафесіяналы. Вучэбна-выхаваўчы працэс забяспечваюць каля 1,5 тысячы настаўнікаў і больш за 800 выхавальнікаў, сярод якіх 20 бакалаўраў і 15 магістраў навук. Вышэйшую адукацыю маюць амаль 91% настаўнікаў і амаль 56% выхавальнікаў, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю – каля 74% і 69% адпаведна. Педагогі актыўна прэзентуюць вопыт работы на конкурсах, семінарах, канферэнцыях і ў галіновых выданнях.

Я.М.Мендзель адзначыў, што сістэма дашкольнай адукацыі Пінска дынамічна развіваецца, удасканальваецца і карыстаецца даверам у насельніцтва. Выхаванне дашкольнікаў ажыццяўляецца з улікам іх схільнасцей, у тым ліку па індывідуальных праграмах развіцця. Бацькам прапануюцца новыя формы дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя групы, мацярынскія і малышкіны школы. Па-ранейшаму даволі актуальнай застаецца праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках, размешчаных у мікрараёнах-новабудоўлях.

Пытанні эфектыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі знаходзяцца на пастаянным кантролі гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму. Дашкольныя ўстановы з’яўляюцца першым сацыяльным інстытутам, з якім бацькі пачынаюць кантактаваць у выхаванні дзяцей. У аснове работы ляжаць стварэнне партнёрскіх адносін і атмасферы супрацоўніцтва, аказанне дыферэнцаванай дапамогі і падтрымкі кожнай сям’і.

Разам з традыцыйнымі формамі работы (бацькоўскія сходы, кансультацыі, наглядныя формы дзейнасці) педагогі праводзяць акцыі, праекты і фестывалі сямейнай творчасці. Так, сталі ўжо звыклымі акцыі “Працягні руку дапамогі”, “Ражджэственская зорка”, “Самы лепшы тата” і “Скажам разам дзецям: “Так!”.

У дашкольных установах арганізаваны мінібібліятэкі для бацькоў. З мэтай наладжвання зваротнай сувязі ў некаторых садках створаны паштовыя скрыні “Пытанне – адказ”. Станоўча зарэкамендавалі сябе бацькоўскія клубы: “Школа любячых бацькоў” (яслі-сад № 10), Клуб бацькоў будучых першакласнікаў “Бацькоўская акадэмія” (яслі-сады №№ 14 і 40) і Клуб педагогаў і бацькоў “Дыялог” (яслі-сад № 8).

З мэтай садзейнічання прафесійнаму развіццю выхавальнікаў па паляпшэнні якасці педагагічнай дзейнасці, арыентаванай на дзіця і яго сям’ю, дзейнічае педагагічная лабараторыя “Практыка, арыентаваная на поспех”, каардынатарам якой з’яўляецца сацыяльны педагог ясляў-сада № 10 Т.І.Беляковіч. У шэрагу дашкольных устаноў горада практыкуецца далучэнне да іх дзейнасці школьнікаў, студэнтаў, валанцёраў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.

Педагогі і бацькі актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Так, па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”

выхаванец ясляў-сада № 10 Арсень Дзядзерка з мамай быў адзначаны дыпломам І ступені за работу “Мама, тата, я – эканомная сям’я”. Сям’я кіраўніка фізічнага выхавання А.Ю.Ляўрэнцік з ясляў-сада № 11 прымала ўдзел у І Рэспубліканскім конкурсе “Сям’я года”.

Бацькі школьнікаў далучаюцца да адукацыйнага працэсу праз фестывалі сумеснай творчасці дзяцей і бацькоў, дні адкрытых дзвярэй, дні сем’яў, праекты, рэкламныя і дабрачынныя акцыі, экскурсіі, канферэнцыі, спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. З мэтай павышэння прэстыжу здаровай сям’і, захавання рэпрадуктыўнага здароўя і фарміравання маральных каштоўнасцей наладжана асветніцкая работа з бацькамі. Так, ладзяцца сустрэчы з работнікамі ЗАГСа, спецыялістамі аховы здароўя, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў і пракуратуры, рэйды “Сям’я” і “Сям’я без насілля”. Штоквартал ва ўсіх установах адукацыі праходзяць адзіныя бацькоўскія дні, прысвечаныя актуальным праблемам дзіцячага выхавання.

Ва ўсіх школах арганізавана работа па псіхолага-педагагічнай асвеце бацькоў. Праводзяцца бацькоўскія ўніверсітэты, сходы, навучальныя семінары, трэнінгі і інш. У сярэдняй школе № 18 дзейнічае бацькоўскі клуб “Школа любові”, у сярэдняй школе № 11 – Клуб псіхалагічнай падтрымкі, псіхолага-педагагічны і прававы лекторый для бацькоў, у сярэдняй школе № 7 – “Школа для бацькоў”. На сайтах устаноў адукацыі размешчаны старонкі для бацькоў.

У Пінску дзейнічае адкрыты праблемны семінар педагогаў “Духоўна-маральная адукацыя школьнікаў на аснове праваслаўных традыцый”. У бягучым навучальным годзе яго дзейнасць прысвечана тэме сямейных каштоўнасцей.

Вялікі выхаваўчы патэнцыял мае гарадскі Музей маці, размешчаны на базе сярэдняй школы № 18. Змест музейных экспанатаў накіраваны на падтрымку сям’і, мацярынства і дзяцінства, прапаганду сямейнай культуры і здаровага ладу жыцця. Музей і ўстановы адукацыі ўзаемадзейнічаюць у сямейным выхаванні праз розныя формы і метады: літаратурныя і краязнаўчыя віктарыны, выставы праектаў “Нашы імёны”, “Кім я магу ганарыцца ў маёй сям’і”, “Дынастыя”, “Герб маёй сям’і” і “Хто мы? Адкуль мы?”, фотавыстава “Зазірні ў сямейны альбом”, выставы вырабаў, старых сямейных рэчаў і інш.

- Адна з асноўных задач дашкольнай адукацыі заключаецца ў стварэнні роўных стартавых магчымасцей для дзяцей, - адзначыла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Л.Давідовіч. – Акцэнт робіцца не столькі на атрыманых ведах, уменнях і навыках дашкольнікаў у розным узросце, колькі на стварэнні спрыяльных умоў для іх развіцця.

У Кодэксе аб адукацыі вызначаны правы і абавязкі законных прадстаўнікоў непаўналетніх, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. На заканадаўчым узроўні яны могуць удзельнічаць у кіраванні ўстановай адукацыі праз яе савет, папячыцельскі савет і бацькоўскі камітэт. Гэтыя органы самакіравання па-рознаму прадстаўлены ў сістэме дашкольнай

адукацыі. Калі бацькоўскія камітэты існуюць амаль у кожным дзіцячым садку, то папячыцельскія саветы толькі ў асобных з іх.

Пазабюджэтныя сродкі, якія прыцягваюцца праз папячыцельскія саветы, накіроўваюцца на развіццё ўстановы: умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы (набыццё камп’ютарнай тэхнікі, тэхнічных і дэманстрацыйных сродкаў навучання, цацак, мяккага і спартыўнага інвентару, мэблі, надворнага гульнявога абсталявання і будаўнічых матэрыялаў), добраўпарадкаванне тэрыторыі і памяшканняў.

Па словах А.Л.Давідовіч, педагогі і бацькі ў цэлым пазітыўна ацэньваюць дзейнасць папячыцельскіх саветаў, калі забяспечаны парадак іх работы ў адпаведнасці з заканадаўствам, арганізавана інфармацыйна-тлумачальная работа і гарантавана поўная адкрытасць ва ўліку паступлення і расходавання сродкаў. Так, 88% педагогаў і 76% бацькоў Гродзеншчыны адносяцца да работы папячыцельскіх саветаў станоўча. Мэтанакіраваную работу саветаў адзначаюць 89% рэспандэнтаў Мінска. Але аналіз зваротаў грамадзян у Міністэрства адукацыі сведчыць пра парушэнні, якія дапускаюць дашкольныя ўстановы пры прыцягненні бацькоўскіх сродкаў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Адсутнічае не толькі своечасовае інфармаванне бацькоў, але і ўзаемадзеянне з шэфскімі арганізацыямі па пытаннях умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. На жаль, удзел бацькоў у органах самакіравання даволі часта зводзіцца толькі да пытанняў фінансавання і прыцягнення грашовых сродкаў.

Зразумела, што добрая матэрыяльна-тэхнічная база – гэта неабходная ўмова арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу. Але яна не ахоплівае ўсе аспекты дашкольнай адукацыі, дзе неабходны непасрэдны ўдзел бацькоў. Апошнім часам у нашай краіне актыўна развіваюцца мацярынскія школы, у рабоце якіх удзельнічаюць мамы і таты. Школы ствараюцца пераважна для дзяцей ранняга ўзросту (да 3 гадоў) з мэтай іх паспяховай адаптацыі да дашкольнай установы.

- Высокі працэнт ахопу дзяцей ранняга ўзросту падрыхтоўкай да дашкольнай установы сведчыць не толькі пра запатрабаванасць дашкольнай адукацыі, але і негатоўнасць маладых мам і татаў быць бацькамі, - заўважыла А.Л.Давідовіч. – Таму надзвычай актуальнай з’яўляецца работа па фарміраванні пазітыўнага, эфектыўнага, усвядомленага і перспектыўнага бацькоўства. Адпаведныя спецкурсы праводзяцца ў шэрагу УВА.

Сёння ў нашай краіне рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання эфектыўнага бацькоўства як умовы сацыяльнага дабрабыту выхаванцаў дашкольнай установы”. У праекце ўдзельнічаюць 8 дзіцячых садкоў, у тым ліку яслі-сад № 5 Пінска.

А.Л.Давідовіч звярнула ўвагу і на недастатковае навукова-метадычнае забеспячэнне работы па арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй. Так, у 2007 – 2010 гадах былі выдадзены толькі 3 вучэбныя дапаможнікі па гэтай тэме. Застаецца праблемай і негатоўнасць выхавальнікаў узаемадзейнічаць з рознымі катэгорыямі дзяцей. Патрабуюць вырашэння пытанні, звязаныя з традыцыйнымі і варыятыўнымі формамі ўзаемадзеяння з сем’ямі,

дыферэнцаваным падыходам да супрацоўніцтва з бацькамі і стварэннем адзінай адукацыйнай прасторы, дзе сям’я, установа адукацыі і соцыум займаюць сваё месца.

Надзвычай змястоўнымі былі выступленні выкладчыкаў АПА, Мінскага абласнога ІРА і БДПУ імя Максіма Танка, прысвечаныя навуковаму асэнсаванню тэмы семінара. Акрамя пінскіх педагогаў, цікавым вопытам узаемадзеяння з сям’ёй падзяліліся іх калегі з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна і ясляў-сада № 59 Брэста. Завяршыўся семінар прэзентацыяй праектаў грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга бацькоў “Крок за крокам” “Інтэрактыўная педагогіка” і “Школа актыўных бацькоў “Тата. Tut.by!”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: