Маладосць і творчасць крочаць разам

15.5.2015
 

Падчас конкурсу журы ацэньвала адкрытыя ўрокі маладых педагогаў і якасць самааналізу праведзеных урокаў. Усе канкурсанты вылучаліся добрай падрыхтоўкай і мэтанакіраванасцю.

На суд журы былі прадстаўлены адкрытыя ўрокі настаўніцы пачатковых класаў Вольгі Мікалаеўны Федаровіч з сярэдняй школы № 14 Пінска (“Канкрэтны сэнс дзеяння множання”), настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Васільеўны Ярмольчык з Дубаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна (“Сказы з ускоснай мовай”), настаўніцы англійскай мовы Ірыны Сяргееўны Круг з сярэдняй школы № 3 Століна (“Жывёльны свет Беларусі”), настаўніка фізічнай культуры і здароўя Івана Іванавіча Леўкаўца з Охаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна (“Навучанне кіданню мячыка на далёкасць. Кантроль бегу 60 метраў. Развіццё каардынацыйных здольнасцей”) і выкладчыцы Віялеты Анатольеўны Загорнавай з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання (“Ядзерныя рэакцыі. Законы зберажэння ў ядзерных рэакцыях. Энергетычны выхад ядзерных рэакцый”).

Усе канкурсанты годна справіліся з урокамі. Маладыя прафесіяналы прыемна здзівілі высокай эрудыцыяй, метадычнай дасведчанасцю і творчым падыходам.

Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы начальнік цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.М.Кісель заўважыў, што занальны этап абласнога конкурсу на Лунінеччыне атрымаўся вельмі цікавым і разнастайным. Канкурсанты прадстаўлялі розныя прадметы. Урокі прайшлі на адным дыханні і ўразілі журы прафесійным падыходам. Так, урок В.М.Федаровіч адрозніваўся добрым тэмпам і разнастайным наглядным матэрыялам, цудоўна глядзеўся ўрок з мілагучнай беларускай мовай у Т.В.Ярмольчык, выдатнае веданне методыкі выкладання англійскай мовы прадэманстравала І.С.Круг, І.І.Леўкавец парадаваў добрай эрудыцыяй, а В.А.Загорнава захапіла займальнымі доследамі вучняў.

Цудоўна, калі маладосць і творчасць крочаць разам. Радуе, што ёсць маладыя педагогі, у якіх гараць вочы і якія з вялікай любоўю глядзяць на вучняў, добрасумленна адносяцца да прафесійных абавязкаў. Хочацца пажадаць моладзі, каб іх штодзённая праца заўсёды радавала вынікамі, а ўсе мары здзейсніліся.

Пераможцай конкурсу стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Т.В.Ярмольчык з Дубаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна. Педагог прыме ўдзел у абласным этапе конкурсу, які адбудзецца ў маі ў Брэсце.

Валянціна БОГДАН,
загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму
Лунінецкага райвыканкама.

поделиться в: