Ад творчасці настаўніка – да якасці адукацыі

14.5.2015

У сваім выступленні Н.І.Сілюк адзначыла, што ў раёне асаблівая ўвага ўдзяляецца кадраваму забеспячэнню адукацыйнай галіны. І гэта нядзіўна. Добрыя кадры – асноўная ўмова якаснай адукацыі. Амаль 94% педагогаў Драгічыншчыны маюць вышэйшую адукацыю, а 70% настаўнікаў – вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Сістэма метадычнай работы ў раёне накіравана на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. З гэтай мэтай дзейнічаюць 34 вучэбна-метадычныя аб’яднанні, 9 творчых груп, праблемная група, 2 пастаянныя семінары, 5 кансультацыйных пунктаў і даследчая лабараторыя. Праводзіцца індывідуальная работа з кадрамі, праходзяць кансультацыі па пытаннях атэстацыі. Каб не пакідаць сам-насам са сваімі праблемамі маладых спецыялістаў, у метадычнай структуры раёна працуе Школа маладога настаўніка.

Сучаснага педагога немагчыма ўявіць без валодання інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Сёння ў раёне 47% настаўнікаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі ІКТ.

На Драгічыншчыне шмат таленавітых педагогаў. Так, настаўніцы рускай мовы і літаратуры С.І.Хілько з сярэдняй школы № 2 Драгічына і Т.А.Багатырова з Антопальскай сярэдняй школы ўзнагароджаны прэміямі Брэсцкага аблвыканкама. Дзякуючы прафесійным дасягненням настаўніцы хіміі Н.Г.Крыцкай з сярэдняй школы № 1 Драгічына, гэтая ўстанова летась увайшла ў лік лепшых школ краіны па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па хіміі. Вучні педагога з’яўляюцца прызёрамі абласных алімпіяд па хіміі, маюць больш за 90 балаў на ЦТ.

Добрым прыкладам паспяховай рэалізацыі ў прафесіі з’яўляецца настаўнік-метадыст А.Б.Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына. У 2013 годзе яна стала пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года” і фіналістам заключнага этапу спаборніцтва. А.Б.Пратасевіч – адзін з актыўных членаў клуба “Крыштальны журавель”. Педагог уключана ў сістэму павышэння кваліфікацыі педагогаў не толькі раёна, але і краіны, праводзіць вялікую работу з маладымі настаўнікамі.

Адным з прыемных момантаў фестывалю стала ўзнагароджанне найбольш актыўных настаўнікаў за значны асабісты ўклад у арганізацыю метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі. Сярод іх – намеснікі дырэктара А.В.Арлінская з гімназіі Драгічына, Г.П.Гардзяйчук з сярэдняй школы № 2 Драгічына, Г.А.Арцёменка з Пярковіцкай сярэдняй школы, А.А.Савульчык з Ліпніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы імя М.М.Папова, С.У.Назарчук з Радастаўскай сярэдняй школы, Д.Э.Мелібоева з Асавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, Р.І.Церашкевіч з Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама настаўнік-метадыст А.Б.Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына.

Цікава і змястоўна прагучалі выступленні з вопыту работы калег. Так, настаўніца пачатковых класаў Г.В.Кочык з Гутаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы прэзентавала праект “Логіка і творчасць”, а настаўніца абслуговай працы А.В.Стасюк з гімназіі Драгічына, выхаванцы якой неаднаразова перамагалі ў творчых конкурсах і прадметных алімпіядах, падзялілася напрацоўкамі па стварэнні ўмоў для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў праз выкарыстанне розных відаў самастойнай работы пры вывучэнні тэарэтычнай часткі матэрыялу.

Карысным і грунтоўным атрымалася выступленне настаўніцы інфарматыкі С.П.Жаландзеўскай з гімназіі Драгічына. Педагог вывучае воблачныя тэхналогіі і магчымасці іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе.

Яркія і незабыўныя ўражанні пакінула прэзентацыя работы Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які ўзначальвае Л.І.Еўчык. Дырэктар зрабіла экскурс у гісторыю ўстановы, расказала пра дасягненні калектыву, а выхаванцы цэнтра падарылі радасныя імгненні ад творчых нумароў. Зала апладзіравала Аляксандры Міневіч і Ксеніі Ялец з гуртка “Мяккая цацка” (кіраўнік Н.М.Барадзінчык), Кацярыне Саенка, пераможцы конкурсу “Сузор’е юных талентаў”, Ягору Мацкевічу з вакальнай студыі (кіраўнік А.У.Голік), танцавальнаму гурту І.А.Цыганчук, уладальніку дыплома ІІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет” (намінацыя “Харэаграфія”).

Практычная частка фестывалю складалася з майстар-класаў, падрыхтаваных вопытнымі педагогамі раёна. Так, метадыст раённага ВМК В.П.Боева азнаёміла аўдыторыю з метадамі нейтралізацыі супраціўлення навучанню. Тэмай майстар-класа настаўніцы матэматыкі А.Б.Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына стаў алгарытмічны падыход у навучанні матэматыцы. Аб прымяненні мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі на ўроках гісторыі і ў пазакласнай рабоце па прадмеце расказала настаўніца гісторыі Т.Я.Салавейка з гімназіі Драгічына. На майстар-класе настаўніцы геаграфіі А.М.Нерад з сярэдняй школы № 1 Драгічына педагогі вучыліся працаваць з інтэрактыўнай дошкай, а калегі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Г.В.Ярмоцык з Асавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы далучаліся да духоўнай спадчыны беларусаў праз танец кракавяк і народны абрад “Радзіны”.

Метадычны фестываль падарыў педагогам магчымасць абмяняцца цікавым вопытам, натхніцца на дасягненне новых вяршынь у практычнай дзейнасці. Настаўнікі спадзяюцца, што такія карысныя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі.

Валянціна ВАЛАШЧУК,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму
Драгічынскага райвыканкама.

поделиться в: