Складана, але цікава

1.4.2015
 

- У сёлетняй рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі прынялі ўдзел 109 вучняў 9 – 11 класаў, - расказаў старшыня журы па геаграфіі, загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта БДУ, доктар геаграфічных навук, прафесар П.С.Лопух. – Алімпіяда складалася з трох тураў – тэарэтычнага, мультымедыйнага і практычнага. У тэарэтычным туры, на які адводзіліся 3 гадзіны, вучням прапаноўваліся 8 пытанняў па розных раздзелах фізічнай і эканамічнай геаграфіі. У мультымедыйным туры патрабавалася за 1,5 гадзіны на аснове прапанаванага ілюстрацыйнага матэрыялу знайсці адказы на пытанні, якія тычыліся розных геаграфічных аб’ектаў і карт. Змест практычнага тура сёлета быў зменены і максімальна набліжаны да ўзроўню міжнароднай алімпіяды. Тур складаўся з дзвюх частак. За першыя 2 гадзіны вучні павінны былі абазначыць на гатовай картаграфічнай аснове аб’екты пэўнага квартала Брэста, зыходзячы з іх функцый. За другія 2 гадзіны патрабавалася на аснове атрыманай інфармацыі выканаць 4 блокі заданняў і скласці 2 карты, дзе апісаць геаграфічнае становішча тэрыторыі, яе гістарычнае фарміраванне, значэнне, мэтавую і функцыянальную прыналежнасць, а таксама вызначыць праблемы пэўнай тэрыторыі і прапанаваць шляхі іх вырашэння. Гэтае заданне добра правярала факталагічныя ўменні і навыкі школьнікаў.

Найбольшыя цяжкасці ў алімпіяднікаў выклікаў практычны тур. Некаторыя вучні не ўмеюць сістэматызаваць і аналізаваць інфармацыю. У цэлым жа ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў парадаваў. Сярод іх шмат працавітых, мэтанакіраваных і здольных вучняў. Хацелася б, каб пераможцы абласных этапаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд таксама мелі пэўныя прывілеі пры залічэнні ва УВА.

Адзінаццацікласнік Раман Пульвас з гімназіі № 1 Ліды ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 3 класа. У 9 і 10 класах юнак станавіўся ўладальнікам дыпломаў ІІІ ступені рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Гэтым прадметам Раман захапляецца даўно. Асабліва падабаюцца яму эканамічная геаграфія і геаграфія краін і мацерыкоў.

Да алімпіядных спаборніцтваў юнака з 9 класа рыхтуе настаўнік геаграфіі У.М.Валюк, манера выкладання якога дазваляе вельмі лёгка засвойваць цікавы матэрыял. Шмат даводзіцца працаваць і самастойна ў вольны ад вучобы час.

Сёлетняя алімпіяда падалася Раману складанай, але цікавай. Самымі цяжкамі для яго аказаліся заданні па фізічнай геаграфіі, звязаныя з гісторыяй фарміравання Зямлі. Неадназначныя ўражанні выклікала заданне пра гісторыка-культурнае развіццё Беларусі, якое, на думку юнака, не вельмі суадносіцца з геаграфіяй. У мультымедыйным туры замест ранейшых 30 пытанняў было 45. Раман лічыць, што практычны тур стаў больш цікавым, але на яго правядзенне выдаткавана мала часу.

- Галоўнае на алімпіядзе – вера ў сябе, - упэўнены юны географ. – Можна многага не ведаць, але дзякуючы ўпэўненасці дасягнуць добрых вынікаў.

Юнак з радасцю адзначыў высокі ўзровень арганізацыі алімпіяды, найперш бытавых умоў і харчавання. Адчуваліся надзвычай добразычлівыя адносіны да гасцей з боку кіраўніцтва і педагогаў Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Спадабалася юнаку і насычаная культурная праграма.

Раман прызнаўся, што пасля заканчэння гімназіі збіраецца паступаць на геаграфічны факультэт БДУ. Праўда, пакуль не вызначыўся, на якую спецыяльнасць: “Геалогія” ці “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Юнак лічыць іх даволі перспектыўнымі ў якасці будучай прафесіі.

Дзевяцікласніца Валерыя Альгамец з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя ўдзельнічае ў алімпіядах па геаграфіі з 6 класа. Гэтым прадметам дзяўчыну зацікавіла маці Людміла Рыгораўна, якая працуе настаўніцай геаграфіі. Дзякуючы ёй Валерыю прыцягваюць іншыя краіны і заморскія падарожжы. Трэба адзначыць, што вучаніца на працягу 3 гадоў удзельнічала ў рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях у секцыі “Геаграфія”, дзе атрымлівала дыпломы розных ступеней. А ўвогуле, прызналася Валерыя, у ліцэі ўдзяляецца вялікая ўвага падтрымцы і падрыхтоўцы алімпіяднікаў.

У тэарэтычным туры найбольш складанымі для дзяўчыны аказаліся “кліматычныя” пытанні і пытанні, звязаныя з эканамічнай геаграфіяй. Мультымедыйны тур падаўся даволі лёгкім. Ды і практычны тур быў вельмі цікавым. Валерыя шкадуе толькі пра недахоп часу для яго выканання.

Алімпіядніца надзвычай высока ацаніла ўзровень арганізацыі спаборніцтваў. Дзяўчыне вельмі спадабаўся прыгранічны Брэст, абвешчаны сёлета культурнай сталіцай Беларусі.

З выбарам будучай прафесіі Валерыя пакуль не вызначылася, але цвёрда ўпэўнена, што геаграфічныя веды абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Валерыя Альгамец з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, Мікіта Рагоўскі з гімназіі Светлагорска і Ягор Гафараў з гімназіі № 1 Віцебска, дзесяцікласнікі Міхаіл Стрэмаус з сярэдняй школы № 18 Баранавіч, Арцём Зубрыцкі з гімназіі № 22 Мінска і Вольга Папко з сярэдняй школы № 5 Жлобіна, адзінаццацікласнікі Павел Хвалько з гімназіі № 3 Баранавіч, Іван Дарашэвіч з гімназіі № 5 Баранавіч і Уладзіслаў Дагліс з гімназіі № 1 Жодзіна. Спецыяльны прыз Міністра адукацыі Беларусі дастаўся адзінаццацікласніку Андрэю Валасюку з Юхнавіцкай сярэдняй школы Іванаўскага раёна.

***

- Сёлета ў рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні ўдзельнічалі 38 дзяўчат і 39 юнакоў з 8 – 11 класаў і ПТНУ, - расказала старшыня журы па працоўным навучанні, загадчыца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі ВДУ імя П.М.Машэрава,

кандыдат тэхнічных навук І.А.Сысоева. – Задача алімпіяды па працоўным навучанні заключаецца ў тым, каб школьнікі паказалі здольнасці і дасягненні ў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці.

Алімпіяда складалася з тэарэтычнага, практычнага і творчага тураў. У тэарэтычным туры, на які адводзілася адна гадзіна, школьнікі адказвалі на пытанні, складзеныя ў тэставай форме. Гэты тур правяраў веды алімпіяднікаў не толькі па тэарэтычных асновах працоўнага навучання, але і па многіх сумежных вучэбных дысцыплінах, напрыклад, па матэматыцы і фізіцы. Прыемна, што вучні паспяхова справіліся з прапанаванымі пытаннямі.

Практычны тур доўжыўся 4 гадзіны. У ім неабходна было паказаць майстэрства ў стварэнні пэўных вырабаў. Так, юнакі з дапамогай драўніны і металу шчыравалі над мадэлямі помнікаў Перамогі, а дзяўчаты – над сувенірнымі вокладкамі для пашпартаў з элементамі беларускіх матываў. Спачатку вучні на працягу паўгадзіны стваралі тэхналагічныя карты вырабаў, а затым пачыналі ўвасабляць задуманае ў рэальнасць. Заданні практычнага тура атрымаліся аптымальнымі па складанасці.

Надзвычай цікава прайшоў творчы тур, на якім прэзентаваліся і абараняліся індывідуальныя праекты, прычым у рознай форме: у вершах, песнях і танцах. Радуе, што майстэрства вучняў з году ў год павышаецца. Акрамя тэхналагічнага боку вырабаў, ацэньвалася і ўменне іх прыгожа прэзентаваць. Вызначыць самыя лепшыя работы было надзвычай цяжка, бо яны эксклюзіўныя і нераўназначныя па сваім прызначэнні.

Па словах І.А.Сысоевай, алімпіяда па працоўным навучанні патрабуе павышэння матывацыі яе ўдзельнікаў праз каціроўку атрыманых дыпломаў пры залічэнні ў пэўныя УВА. Старшыня журы выказала вялікую падзяку настаўнікам-энтузіястам і таленавітым вучням.

Адзінаццацікласнік Аляксей Ваўчок з сярэдняй школы № 181 Мінска ўдзельнічае ў “працоўных” алімпіядах з 8 класа. Да гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва юнака заахвоціў настаўнік працоўнага навучання Г.Э.Кокар.

На думку Аляксея, для практычнага тура быў выбраны даволі складаны выраб для выканання. У творчым туры юнак прэзентаваў сервіровачны столік з электрададаткам, над якім шчыраваў паўгода. У тэарэтычным туры найбольшыя цяжкасці выклікалі разліковыя задачы.

Аляксей прызнаўся, што навыкі і ўменні, атрыманыя на працоўным навучанні, надзвычай карысныя для жыцця. А вось прафесійную дзейнасць юнак плануе звязаць з праграмаваннем.

Дзесяцікласніца Ганна Шчука з гімназіі № 4 Баранавіч таксама ўдзельнічае ў алімпіядзе па працоўным навучанні з 8 класа. На рахунку дзяўчыны некалькі дыпломаў ІІІ ступені, атрыманых на абласных спаборніцтвах. На заключны этап рэспубліканскай алімпіяды Ганна прыехала ўпершыню.

Дзяўчына прызналася, што любіць майстраваць сваімі рукамі. У свой час Ганна наведвала гурток мяккай цацкі ў Палацы дзіцячай творчасці Баранавіч.

Заданне практычнага тура алімпіядніцы спадабалася і цяжкасцей не выклікала. У творчым туры Ганна паказвала летнюю сукенку з аксэсуарамі. А вось у тэарэтычным туры давялося папацець над пытаннямі па матэрыялазнаўстве.

Працоўным навучаннем дзяўчына захапляецца для душы. У будучым плануе стаць перакладчыкам.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнік Уладзіслаў Карасёў з сярэдняй школы № 13 Жлобіна, дзевяцікласніцы Кацярына Хілько з гімназіі № 74 Мінска і Марына Нікалаеня з Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага Капыльскага раёна, дзесяцікласнік Андрэй Віннік з сярэдняй школы № 13 Жлобіна, адзінаццацікласнікі Ілья Завадскі з Перакольскай сярэдняй школы Клічаўскага раёна, Лізавета Чаховіч з сярэдняй школы № 2 Оршы і Аляксандр Малашэнка з сярэдняй школы № 13 Жлобіна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: