Навучыць педагогаў вучыцца

31.3.2015
 

Кажуць, што цяжка лячыць урачоў, а вучыць настаўнікаў тым больш. Гэта неаднаразова пацвярджала практыка работы з педагогамі. У такой сітуацыі важную ролю адыгрывае метадычная служба, якая каардынуе ўсе напрамкі метадычнай дзейнасці ў раёне. Метадыст павінен быць мабільным і творчым, здольным ісці наперад і весці за сабой іншых. Такім жа павінен быць і кожны настаўнік. Толькі педагог-майстар можа зацікавіць вучняў. Таму настаўніку неабходна пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, удасканальваць свае веды і педагагічнае майстэрства, назапашваць і абагульняць уласны вопыт работы, каб лёгка арыентавацца ў сучасным адукацыйным полі, умець рэальна ацаніць сябе і паставіць пэўныя задачы для далейшага ўдасканалення дзейнасці.

Мэта раённай метадычнай службы заключаецца ў стварэнні ўмоў для педагогаў, якія садзейнічаюць пастаяннаму ўдасканаленню іх прафесійнай дзейнасці, прыводзяць яе ў адпаведнасць з сучаснымі дасягненнямі навукі і практыкі, стымулююць інавацыйную накіраванасць работы педкалектываў.

У бягучым навучальным годзе працуюць 24 раённыя, 10 міжшкольных і 124 школьныя метадычныя аб’яднанні, 2 творчыя і адна праблемная групы, 2 школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства і 5 школ кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання, а таксама 6 майстар-класаў. Вядзецца актыўная работа з маладымі педагогамі, якія наведваюць заняткі 7 раённых школ. Метадычная вучоба кіраўніцкіх кадраў ажыццяўляецца ў рамках 11 метадычных аб’яднанняў. Акрамя таго, у раёне дзейнічаюць 2 рэспубліканскія інавацыйныя пляцоўкі (на базе гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага).

Метадысты раённага ВМК праводзяць пастаянную работу, звязаную з павышэннем даступнасці навукова-педагагічнай інфармацыі ў адпаведнасці з прафесійнымі патрэбамі педагогаў, забяспечваюць трансляцыю перадавога вопыту настаўнікаў на школьным, раённым, абласным і рэспубліканскім узроўні, фарміруюць атмасферу творчага пошуку ў педкалектывах, арганізуюць індывідуальныя кансультацыі і метадычныя дні на базе школ, аналізуюць вучэбныя заняткі педагогаў, даюць неабходныя рэкамендацыі, ажыццяўляюць маніторынг, які дазваляе адсочваць эфектыўнасць метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу і метадычнай вучобы ў раёне.

У рабоце метадычнай службы ёсць шэраг праблем. Так, патрабуюць істотнага перагляду падыходы да арганізацыі метадычнай работы з педагогамі для развіцця сістэмы метадычнага забеспячэння. Палепшыць яго можа індывідуальна арыентаваны падыход.

Сёння метадычнае забеспячэнне наладжана па адпрацаванай схеме “метадычны кабінет – установа адукацыі”. Педагогам прапануецца вызначаны механізм павышэння іх прафесійнага ўзроўню, алгарытм, з якога можна выбраць уласную схему метадычнага забеспячэння. Такая сістэма работы не заўсёды эфектыўная. Даволі часта педагогі становяцца пасіўнымі і, зыходзячы з занятасці, не могуць фізічна знайсці час, неабходны для падрыхтоўкі і абагульнення педагагічнага вопыту. Узнікае неабходнасць метадычнага забеспячэння педагогаў, арыентаванага на прафесійныя патрэбы кожнага з іх і стварэнне ўмоў для рэалізацыі індывідуальнай траекторыі творчага росту педкадраў. Такі падыход, канечне, не выключае ўдзелу педагогаў у традыцыйных формах павышэння кваліфікацыі. Але гэты ўдзел грунтуецца на выбары адэкватных форм прафесійнага самаўдасканалення.

Раённы ВМК імкнецца стварыць для педагогаў такія ўмовы, якія дазваляюць ім весці актыўную творчую дзейнасць, планаваць штодзённы план па самаадукацыі і абагульненні педагагічнага вопыту. Метадычная вучоба накіравана на матывацыю педагогаў да творчага пошуку. Матывамі выступаюць адчуванне паспяховасці, кар’ерны рост, пераадоленне прафесійных цяжкасцей, паляпшэнне дабрабыту і інш.

Мяняючы формы работы з педагогамі, метадысты імкнуцца далучыць іх да актыўнай і рознабаковай дзейнасці, дзе можна сябе добра праявіць: работа з высокаматываванымі вучнямі, удзел у канферэнцыях і конкурсах педмайстэрства, тэматычных конкурсах і выставах. Гэта прыносіць станоўчыя вынікі. Так, на працягу некалькіх гадоў раён лідзіруе ў алімпіядным руху сярод сельскіх рэгіёнаў вобласці. Вучні і педагогі становяцца пераможцамі і прызёрамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсаў.

Раённы ВМК з’яўляецца арганізатарам работы па павышэнні прафесіяналізму педагогаў Лунінеччыны. Метадычны кабінет узаемадзейнічае з рознымі ўстановамі адукацыі, у тым ліку навуковымі. Але цэнтрам праяўлення і развіцця прафесіяналізму з’яўляецца найперш школа. Змест і формы метадычнага забеспячэння прафесійнага росту педагогаў вызначаюцца ў навучальнай установе, зыходзячы з кантынгенту педкадраў.

Метадычны кабінет павінен сёння выступаць мадэратарам ідэй, пасрэднікам паміж людзьмі розных поглядаў і перакананняў. Гэта перспектыўны план работы раённага ВМК і метадычнага савета. Акрамя таго, сёння на раённым узроўні існуе патрэба ў пошуку і вучобе педагогаў-мадэратараў, якія ажыццяўлялі б узаемадзеянне па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

У сучасных умовах метадыст павінен валодаць добрай інтуіцыяй, умець весці гутарку і дыскусію, быць гнуткім і дыпламатычным, ініцыіраваць працэс вучобы і павышэння педагагічнага майстэрства, падштурхоўваць да самаадукацыі педагогаў і кіраваць імі на аснове раўнапраўнага партнёрства пры наяўнасці высокай ступені прадметнай і арганізатарскай кампетэнтнасці. Усе метадысты раённага ВМК своечасова павышаюць кваліфікацыю, праходзяць атэстацыю, удасканальваюць веды.

Валянціна БОГДАН,
загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі,
спорту і турызму Лунінецкага райвыканкама.