Павышаць выніковасць узаемадзеяння ў выхаванні моладзі

11.3.2015
 

Асаблівасць Жабінкаўскага раёна заключаецца ў яго блізкасці да абласнога цэнтра і невялікім памеры. Гэта дазваляе аператыўна вырашаць многія праблемы на месцы. Тым не менш арганізацыя выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі раёна патрабуе далейшага ўдасканалення.

- Сярод актуальных пытанняў – зніжэнне злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, арганізацыя дадатковай адукацыі і занятасці дзяцей, паляпшэнне здароўя школьнікаў, - адзначае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама І.У.Тарасевіч. – Вырашэнне гэтых і многіх іншых пытанняў патрабуе ўдасканалення сістэмы ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і сем’яў з выкарыстаннем патэнцыялу соцыуму. Партнёраў у такой рабоце шмат.

Сутыкнуўшыся з праблемай неэфектыўнага ўздзеяння школы на бацькоў, якія нядобрасумленна адносяцца да выхавання дзяцей, у раёне вырашылі ўзмацніць работу камісій садзейнічання сям’і і школе, што фарміруюцца з ліку кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, прадстаўнікоў прафсаюзных і грамадскіх арганізацый. Разам з установамі адукацыі арганізуюцца выязныя саветы прафілактыкі. Набалелыя пытанні абмяркоўваюцца на сходах працоўных калектываў. Так, летась былі арганізаваны 10 выязных саветаў прафілактыкі, пытанні выхавання дзяцей абмяркоўваліся на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, а таксама на дзвюх сельгаспрадпрыемствах. Старшыня камісіі садзейнічання сям’і і школе, начальнік аддзела кадраў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” А.М.Мацюшка дзялілася вопытам работы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

- На жаль, сучасныя падлеткі слаба матываваны да вядзення здаровага ладу жыцця, - гаворыць І.У.Тарасевіч. – Вынікам гэтага з’яўляюцца рызыкоўныя паводзіны, якія вядуць да правапарушэнняў. Ніводная школа не справіцца з выхаваннем законапаслухмяных грамадзян самастойна. Абавязковай умовай эфектыўнасці прафілактычнай работы з’яўляецца развіццё міжведамаснага ўзаемадзеяння з праваахоўнымі органамі, КСН, ІСН і праваслаўнай царквой. У раёне распрацаваны комплексны план сумесных мерапрыемстваў, практыкуюцца службовыя праверкі па фактах злачынстваў, здзейсненых вучнямі, прымаюцца меры адміністрацыйнага і дысцыплінарнага спагнання ў адносінах да кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Вынікі анкетавання, праведзенага ў пачатку бягучага навучальнага года сярод усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, і павелічэнне колькасці правапарушэнняў за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў па выхаванні дзяцей падштурхнула шукаць шляхі вырашэння праблем праз масавае інфармаванне бацькоў і педагогаў аб прыкметах распазнавання

непаўналетніх, якія ўжываюць наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы. І.У.Тарасевіч лічыць, што адказнасць за прапаганду гэтых ведаў павінна ляжаць не толькі на школе, але і на праваахоўных органах, і бацьках. З гэтай мэтай быў праведзены цыкл сумесных мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў РАУС, раённай бальніцы і бацькоўскай грамадскасці.

- Адной з задач прафілактычнай работы з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці і якасці дадатковай адукацыі, - адзначае І.У.Тарасевіч. – У гэтым кірунку ёсць не вырашаныя пакуль пытанні: як разнастаіць спектр паслуг дадатковай адукацыі ў невялікім сельскім рэгіёне? як арганізаваць работу сучасных і запатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах эколага-біялагічнай і тэхнічнай творчасці пры адсутнасці неабходных спецыялістаў? Развіваць інтарэсы і здольнасці дзяцей нельга без падтрымкі бацькоў. Да работы аб’яднанняў па інтарэсах актыўна далучаюцца не толькі мамы і таты, але і бабулі, і дзядулі (у тым ліку ў якасці педагогаў дадатковай адукацыі). Так, нарадчык цэнтральнага бурачнага пункта ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” І.І.Мартынюк, якая па адукацыі з’яўляецца педагогам-псіхолагам, вядзе гурток “Ствары свой свет сам”.

Яшчэ адной праблемай застаецца павелічэнне ахопу дзяцей 14 – 18-гадовага ўзросту заняткамі ў аб’яднаннях па інтарэсах. У гэтым кірунку дапамагае ўзаемадзеянне з установамі культуры, спартыўнай школай і фізкультурна-аздараўленчым комплексам. У бягучым навучальным годзе ў Жабінкаўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адкрыліся аб’яднанні для старшакласнікаў “Цырульніцкае мастацтва”, “Мастацкі дызайн” і “Выяўленчы дызайн”. Дзякуючы сістэмнай рабоце, у аб’яднаннях па інтарэсах заняты 98% вучняў.

Па словах І.У.Тарасевіч, работа па ўдасканаленні змястоўнага напаўнення адпачынку, аздараўлення і занятасці школьнікаў у канікулярны час адлюстравана ў раённай праграме “Канікулы”. Асноўная ўвага ўдзяляецца дзейнасці аздараўленчых лагераў і лагераў працоўнага адпачынку, арганізаваным формам працы і адпачынку, а таксама другаснай занятасці (разам з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва). Так, часовая занятасць вучняў арганізавана на шэрагу сельгаспрадпрыемстваў і ў прыватных прадпрымальнікаў.

І.У.Тарасевіч прызнаецца, што доўгі час заставалася праблемным пытанне занятасці ў летні час дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, дзе няма ўстаноў адукацыі. Выйсце было знойдзена ў арганізацыі работы рознаўзроставых атрадаў па месцы жыхарства ў некаторых вёсках. Заняткі аб’яднанняў па інтарэсах і выхаваўчыя мерапрыемствы праводзяцца на базе сельскіх клубаў і бібліятэк.

Педагогі Жабінкаўшчыны неаднаразова дзяліліся назапашаным вопытам па ўзаемадзеянні ў выхаваўчай рабоце на ўзроўні вобласці і краіны.

- Многія праблемы, звязаныя з выхаваннем моладзі, школа сама не вырашыць. Разавыя мерапрыемствы працяглага выніку не даюць. Толькі ў цесным узаемадзеянні з бацькамі, дзяржаўнымі структурамі і ўстановамі можна вырашыць асноўную задачу школы – выхаваць не толькі адукаванага,

але і законапаслухмянага, маральна і фізічна здаровага грамадзяніна, адаптаванага ў сучасным грамадстве, - падагульняе І.У.Тарасевіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: