Актывізаваць мэтавы набор для падрыхтоўкі запатрабаваных спецыялістаў

11.3.2015
 

На пасяджэнні разглядалася пытанне, звязанае з падрыхтоўкай і замацаваннем спецыялістаў у народна-гаспадарчым комплексе Брэстчыны. Па словах начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчука, заказчыкі кадраў амаль не выкарыстоўваюць магчымасці мэтавага прыёму абітурыентаў. Так, летась мэтавы набор па заяўках арганізацый-заказчыкаў кадраў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі склаў 4,9% ад агульнага набору, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі – 16,8%, на ўзроўні вышэйшай адукацыі – 2,1%.

Аналіз удзелу арганізацый вобласці ў фарміраванні адзінага дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кадраў у аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме паказаў, што ў ёй зарэгістраваны толькі 84 арганізацыі, з якіх 58 – гэта ўстановы адукацыі і аддзелы адукацыі, спорту і турызму. У той жа час заяўкі аб патрэбе кадраў пад прыём у ПТНУ накіравалі 503 суб’екты гаспадарання рознай формы ўласнасці, у ССНУ – 319, ва УВА – 287.

- Колькасць заявак на размеркаванне ва ўстановы адукацыі ў год выпуску спецыялістаў значна перавышае колькасць заказаў пры прагназаванні патрэб працоўных рэсурсаў, - адзначыў М.А.Ціханчук.

На Брэстчыне назіраецца стабільны попыт на спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй, асабліва на малодшы медперсанал. У сельскай мясцовасці на працягу некалькіх гадоў адчуваецца недахоп ветэрынарных урачоў. Гэта зразумела, калі ўлічыць, што летась у вобласць былі размеркаваны 40 выпускнікоў па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” (21% ад патрэбы) і 24 – па спецыяльнасці “Заатэхнія” (15% ад патрэбы). Амаль столькі ж выпускнікоў гэтых запатрабаваных спецыяльнасцей, згодна з планам дзяржаўнага размеркавання, будуць накіраваны на Брэстчыну і сёлета. Але ў вобласці сёння маюцца 134 вакансіі ветэрынарных урачоў і 103 – заатэхнікаў.

На базе Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа ўжо 6 гадоў функцыянуе філіял Віцебскай ордэна “Знак пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Адбыўся першы выпуск спецыялістаў, рыхтуецца другі. Але гэтага яўна недастаткова.

- Калі вобласць сама рыхтуе неабходных спецыялістаў, незразумела, чаму ёсць праблемы, - заўважыў А.В.Ліс. – Трэба больш актыўна праводзіць прафарыентацыйную работу, шукаць людзей і навучаць. І гэта тычыцца не толькі сельскагаспадарчых, але і іншых спецыяльнасцей, патрэба ў якіх надзвычай востра адчуваецца ў рэгіёне. Таму неабходна значна павялічыць мэтавы набор, узмацніць прафарыентацыйную работу і замацаванне кадраў.

Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на ўмовы, якія ствараюцца на месцах для маладых спецыялістаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: