Маладым кіраўнікам – увага і клопат

24.2.2015
 

Штогод у школы прыходзяць маладыя кіраўнікі. У іх шмат клопатаў. Найпершы – як забяспечыць якасны адукацыйны працэс?

- На Піншчыне вучоба маладых кіраўнікоў ажыццяўляецца праз работу Школы маладога дырэктара, - расказвае яе кіраўнік, дырэктар Кашэвіцкай сярэдняй школы А.Ф.Кажаноўская. – На вучэбны год плануюцца тры пасяджэнні, якія ўключаюць тэарэтычныя і практычныя заняткі.

Удзельнікі школы наведваюць заняткі на працягу 3 гадоў. Пасля выпуску выдаюцца пасведчанні, дзе пазначана тэматыка вывучаных пытанняў і канкрэтныя адрасы эфектыўнай педагагічнай практыкі. Штогод у школе займаюцца 10 кіраўнікоў.

У 2012/2013 навучальным годзе ў школе разглядалася тэма “Педагагічны савет – пастаянна дзеючы калегіяльны орган самакіравання педагагічных работнікаў”. На першым пасяджэнні былі падрабязна прааналізаваны розныя падыходы да арганізацыі і правядзення педагагічных саветаў. Выступленні вопытных кіраўнікоў вызначаліся аргументаванасцю і абапіраліся на факты.

Другое пасяджэнне праходзіла на базе Лемяшэвіцкай сярэдняй школы. Маладыя кіраўнікі не толькі наведалі пасяджэнне педагагічнага савета, але і былі актыўнымі яго ўдзельнікамі. На пасяджэнні разглядаліся пытанні, звязаныя з афармленнем пратаколаў і рашэнняў педагагічных саветаў, выданнем загадаў па іх выніках. Увага кіраўнікоў акцэнтавалася на неабходнасці забеспячэння сістэмнага кантролю ў выкананні прынятых рашэнняў.

Выніковае пасяджэнне праводзілася ў форме прэзентацыі вопыту работы маладых кіраўнікоў па вызначанай тэме на базе Мерчыцкай базавай школы. Такая форма работы пабуджае кіраўнікоў працаваць над сабой, бо на іх уважліва глядзяць калегі. Калі тваёй работай цікавяцца, гавораць пра яе, то пачуццё адказнасці за даручаную справу павышаецца. Нават той, хто працуе без асаблівага энтузіязму, не хоча адставаць ад калег і імкнецца паказаць, на што здольны.

Работа школы ў 2013/2014 навучальным годзе планавалася ў адпаведнасці з выяўленымі праблемамі і цяжкасцямі ў практычнай дзейнасці маладых і нядаўна прызначаных кіраўнікоў на аснове праведзенага анкетавання. На пасяджэннях разглядаліся пытанні, якія тычыліся работы ўстановы адукацыі па выкананні заканадаўства па ахове працы, сістэмы вядзення дакументацыі і арганізацыйных аспектаў дзейнасці кіраўніка на навучальны год.

Пасяджэнні праводзіліся на базе апорных школ. Маладым дырэктарам быў прадастаўлены пакет дакументаў у электронным выглядзе па планаванні работы ў галіне аховы працы. На практычных занятках кіраўнікі ўбачылі, як у адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі праходзіць Дзень аховы працы.

Па словах А.Ф.Кажаноўскай, работа са зваротамі грамадзян з’яўляецца адным з важнейшых участкаў дзейнасці ўсіх кіраўнікоў. Дырэктару надзвычай важна ўдасканальваць канал зваротнай сувязі па пытаннях, якія асабліва цікавяць і хвалююць бацькоў. Матэрыялы па гэтай рабоце, падрыхтаваныя юрыстам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, былі дадзены ў электронным выглядзе кожнаму кіраўніку.

Акрамя таго, на працягу навучальнага года вялася кансультацыйная дзейнасць па пытаннях, якія тычыліся аналізу дзейнасці ўстановы адукацыі, структуры яе гадавога плана і арганізацыі работы педкалектыву па розных праблемах.

- Асоба кіраўніка вызначае поспех школы. Дырэктар укараняе змены, прымае новаўвядзенні, падтрымлівае дух перамен і творчасці ў калектыве. Кіраўнік будзе добрым і аўтарытэтным настаўнікам педагогаў і дзяцей да таго часу, пакуль удасканальвае сваё прафесійнае майстэрства. Работа Школы маладога дырэктара запатрабавана і будзе працягнута, - падагульняе А.Ф.Кажаноўская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: