У чаканні новых перамог

23.2.2015
 

- Па выніках спаборніцтваў дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеней атрымалі 477 школьнікаў, - расказала галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Т.А.Чанава. – Найбольшую колькасць алімпіяднікаў склалі аматары матэматыкі (128 вучняў), беларускай (100) і рускай (97) мовы і літаратуры, найменшую – аматары французскай (13) і іспанскай (10) мовы.

Традыцыйна найбольшую колькасць дыпломаў на абласной алімпіядзе атрымліваюць вучні Брэста, Баранавіч і Пінска. На іх рахунку сёлета – 145 (летась 140), 82 (60) і 50 (51) дыпломаў адпаведна. Надзвычай паспяхова выступілі прадстаўнікі Лунінецкага (25 дыпломаў) і Кобрынскага (24) раёнаў, а таксама Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава (30). Добрыя веды паказалі вучні Іванаўскага (16 дыпломаў), Пружанскага (13),

Івацэвіцкага (13) і Бярозаўскага (13) раёнаў. 5 і менш дыпломаў атрымалі школьнікі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага і Жабінкаўскага раёнаў.

Цікавыя вынікі атрыманы сёлета па фізіцы. Так, усе выхаванцы настаўніка фізікі сярэдняй школы № 2 Камянца М.М.Макаеда, які працуе таксама ў ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста і абласным ліцэі імя П.М.Машэрава, заваявалі дыпломы. У выніку каманда вобласці па фізіцы ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды амаль цалкам будзе складацца з вучняў гэтага таленавітага педагога.

У бліжэйшы час пачнецца актыўная і мэтанакіраваная падрыхтоўка каманд да заключнага этапу інтэлектуальнага марафону, у якім прымуць удзел каля 200 школьнікаў Брэстчыны. У кожнай каманды будзе свая мадэль падрыхтоўкі. Падчас групавых і індывідуальных заняткаў з вучнямі будуць займацца выкладчыкі УВА і настаўнікі, якія эфектыўна працуюць з адоранымі дзецьмі. Акрамя таго, запланаваны вучэбна-трэніровачныя зборы па прадметах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: