На адукацыйнай перадавой

23.2.2015
 

Уручэнне пасведчання аб прысваенні ганаровага звання і памятнай стужкі адбылося падчас урачыстага сходу з нагоды 75-годдзя з часу ўтварэння Брэсцкага раёна, што прайшоў у Чэрнінскім доме культуры.

У 1969 годзе Ю.А.Іваноў з адзнакай скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Настаўнік геаграфіі і біялогіі”, пасля чаго 4 гады працаваў старшынёй студэнцкага прафсаюзнага камітэта інстытута. З 1973 да 1983 года ўзначальваў школы ў Кобрынскім і Брэсцкім раёнах. Працуючы на пасадзе дырэктара Тамашоўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, стаў адным са стваральнікаў музея касманаўтыкі (да сённяшняга часу адзінага ў краіне), прысвечанага двойчы Герою Савецкага Саюза лётчыку-касманаўту П.І.Клімуку. З 1983 да 2003 года з’яўляўся загадчыкам аддзела адукацыі Брэсцкага райвыканкама, з 1993 да 1995-га – членам калегіі Міністэрства адукацыі Беларусі.

Працуючы кіраўніком раённага аддзела адукацыі, Ю.А.Іваноў распрацаваў і ўкараніў у практыку работы школ Прыбужжа сістэму дыферэнцаванага навучання. У 1993 годзе Юрый Аляксандравіч абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Арганізацыйна-педагагічнае забеспячэнне дыферэнцаванага навучання ў сельскай школе”.

- Мая першачарговая задача на пасадзе кіраўніка раённага аддзела адукацыі заключалася ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна, - расказвае Ю.А.Іваноў. – Рабілася ўсё, каб школы мелі больш эстэтычны выгляд. Вялікая ўвага ўдзялялася абсталяванню вучэбных кабінетаў і майстэрань, сталовых, спартыўных залаў і гімнастычных пляцовак. Будаваліся трусафермы і цяпліцы. Усе школы займаліся саманарыхтоўкамі. З вырашчанай прадукцыі вырабляліся бясплатныя салаты, якія добра дапаўнялі школьныя абеды.

Што да ўкаранення дыферэнцаванага навучання ў сельскіх школах, то ў гэтым кірунку за 18 гадоў у раёне было зроблена шмат. Так, ва ўстановах адукацыі Прыбужжа (першых у СССР) з’явіліся псіхолагі, якія вызначалі ўзровень падрыхтаванасці дзяцей да навучання ў школе. Гэта было звязана з тым, што не ўсе дзеці наведвалі дашкольныя ўстановы і праходзілі праграму падрыхтоўкі да школы. Для такіх дзяцей ствараліся спецыяльныя групы. Дзякуючы запаволенаму тэмпу навучання і павышанай увазе, гэтыя дзеці хутка даганялі больш паспяховых равеснікаў.

З 6 класа развівалася сетка факультатыўных заняткаў. На іх дзеці правяралі свае здольнасці ў паглыбленым засваенні пэўных прадметаў. Калі вучань разумеў, што зрабіў няправільны выбар, то на працягу года мог змяніць факультатыў.

Сітуацыя свабоднага выбару дапамагала вызначыць, якія прадметы трэба выбраць для паглыбленага вывучэння ў старшых класах. Так, пачынаючы з 8 класа дзеці, якія паказалі добрыя здольнасці ў матэматыцы, вывучалі яе больш грунтоўна па 9 гадзін у тыдзень. Гэтак жа было і з іншымі прадметамі. Многія называлі гэта рэпетытарствам за кошт дзяржавы. Педагогі надзвычай рацыянальна і прадумана выкарыстоўвалі гадзіны вучэбных планаў. У класах дзейнічалі ад 2 да 4 профільных мікрагруп. Астатнія школьнікі вывучалі тыя ж прадметы на базавым узроўні і асвойвалі пэўныя прафесіі ў вучэбна-вытворчых камбінатах, пасля чаго ішлі працаваць ці працягвалі навучанне ў ПТВ.

Ю.А.Іваноў чытаў аўтарскія курсы пра сістэму дыферэнцаванага навучання не толькі ў розных рэгіёнах Беларусі, але і ў Расіі, і Украіне. У Брэсцкі раён вельмі часта прыязджалі дэлегацыі, якія знаёміліся з напрацоўкамі прыбужскіх педагогаў. У свой час многія рэгіёны краіны падхапілі ідэю дыферэнцаванага навучання. Юрый Аляксандравіч упэўнены, што будучыня за профільнай адукацыяй.

Ю.А.Іваноў быў дэлегатам Усесаюзнага з’езда работнікаў народнай адукацыі (1988), неаднаразова выбіраўся дэлегатам рэспубліканскіх настаўніцкіх з’ездаў, з’яўляўся адным з пераможцаў ІХ Усесаюзных педагагічных чытанняў у Пензе (Расія, 1991). З 2003 года Юрый Аляксандравіч працуе ў БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе курыруе вытворча-педагагічную практыку ў студэнтаў. Работа Ю.А.Іванова адзначана граматамі Міністэрства адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Брэсцкага абл- і райвыканкама. На рахунку Юрыя Аляксандравіча, які займаецца методыкай выкладання геаграфіі, каля 70 публікацый у розных навукова-метадычных выданнях.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.