Павышаць выхаваўчы патэнцыял вучэбных прадметаў

22.12.2014
 

На ім разглядаліся пытанні, звязаныя з выхаваннем дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, у замяшчальных сем’ях, і рэалізацыяй абласной Праграмы выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2011 – 2015 гады ў школах, ПТНУ і ўстановах дадатковай адукацыі. Гэтыя пытанні, як падкрэсліў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, патрабуюць пастаяннай увагі, сур’ёзнага падыходу і сістэмнай работы.

Загадчыца сектара аховы дзяцінства абласнога ўпраўлення адукацыі Л.У.Касцюк расказала, што сёння на Брэстчыне пражываюць 2974 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. У 978 апякунскіх сем’ях выхоўваюцца 1186 дзяцей, у 475 прыёмных сем’ях – 660, у 36 дзіцячых дамах сямейнага тыпу – 229. Летась каля 76% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, былі ўладкаваны на сямейныя формы выхавання. Змяншаецца колькасць дзяцей, што змяшчаюцца ў інтэрнатныя ўстановы (сёння ў 5 такіх установах пражываюць 335 дзяцей). Назіраюцца выпадкі, калі ў інтэрнатныя ўстановы накіроўваюцца дзеці, якія раней выхоўваліся ў замяшчальных сем’ях. Бывае, што дзеці мяняюць прыёмныя сем’і.

Вялікая ўвага ўдзяляецца якасці падбору замяшчальных бацькоў, іх падрыхтоўцы і суправаджэнню. З мэтай прапаганды сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, у раёнах вобласці выкарыстоўваюцца СМІ і інтэрнэт-рэсурсы. На сайтах СПЦ і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму таксама размяшчаецца адпаведная інфармацыя. Выдаюцца лістоўкі і буклеты, арганізуюцца выступленні на бацькоўскіх сходах і ў працоўных калектывах. Недахопы па папулярызацыі замяшчальнага бацькоўства выяўлены ў Брэсце, Іванаўскім, Кобрынскім, Пінскім і Лунінецкім раёнах.

Навучанне кандыдатаў у прафесійныя замяшчальныя бацькі ажыццяўляецца па праграме прафесійнай падрыхтоўкі прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, рэкамендаванай Нацыянальным цэнтрам усынаўлення. На жаль, пракурорскія праверкі выяўляюць слабую падрыхтоўку (найперш прававую) кандыдатаў у замяшчальныя бацькі.

Напаўняльнасць прыёмных сем’яў на працягу апошніх гадоў не мяняецца і складае каля 1,4 дзіцяці, у ДДСТ – каля 6,4. Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі звяртаюцца ў СПЦ і аддзелы адукацыі, спорту і турызму па праблемах адаптацыі дзяцей у сем’ях, узнікнення рэўнасці паміж роднымі і прыёмнымі дзецьмі, зняцця эмацыянальнага напружання, страхаў і трывожнасці ў дзяцей. Бацькі цікавяцца, як пераадолець праблемы падлеткавага ўзросту, цяжкасці ў асваенні школьнай праграмы, развіць пазнавальныя інтарэсы ў дзяцей і скарэкціраваць іх паводзіны, выбраць адэкватныя выхаваўчыя ўздзеянні, забяспечыць прафесійнае самавызначэнне дзяцей, арганізаваць іх сустрэчы з роднымі і г.д. На жаль, не ва ўсіх прыёмных сем’ях і ДДСТ распрацаваны планы іх развіцця.

З мэтай кантролю ўмоў пражывання дзяцей-сірот у замяшчальных сем’ях праводзіцца іх анкетаванне, ажыццяўляецца маніторынг становішча такіх дзяцей у сем’ях. Ва ўсіх раёнах вобласці працуюць метадычныя аб’яднанні і клубы прыёмных сем’яў. Створаны ўмовы для павышэння кваліфікацыі прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў на базе Брэсцкага абласнога ІРА (“Асаблівасці выхавання прыёмнага дзіцяці, змешчанага ў прафесійную замяшчальную сям’ю” і “Кампенсатарныя бацькоўскія функцыі і асаблівасці іх ажыццяўлення”).

Аналіз анкетавання дзяцей з прыёмных сем’яў і ДДСТ паказвае, што 92% з іх хацелі б падтрымліваць адносіны з прыёмнымі бацькамі ў дарослым узросце, амаль 4 % не маюць такога жадання. 98% апытаных дзяцей цалкам задавальняе жыццё ў сям’і. 82% дзяцей адзначаюць, што падтрымліваюць адносіны з роднымі. Гэта важна для гарманічнага развіцця асобы дзіцяці.

Па словах Л.У.Касцюк, праведзены аналіз паказвае, што прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі забяспечваюць неабходныя ўмовы, якія садзейнічаюць паспяховай сацыялізацыі прыёмных дзяцей.

Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк расказаў, што на аснове абласной Праграмы выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ва ўстановах адукацыі Брэстчыны распрацаваны рэгіянальныя праграмы. Іх змест улічвае стан выхаваўчай работы і культурна-гістарычных асаблівасцей рэгіёна, запыты сем’яў і іншых суб’ектаў адукацыйнага працэсу.

Вопыт работы навучальных устаноў вобласці па актуальных напрамках выхавання дзяцей пастаянна асвятляецца ў СМІ (часопіс “Народная асвета”, “Настаўніцкая газета”). На сайтах школ створаны вэб-старонкі з інфармацыяй пра сучасныя формы і змест выхавання, праведзеныя мерапрыемствы. Так, на сайце Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання створана старонка “Стужка часу”, дзе размешчана гісторыя каледжа ў карцінках і падзеях з часу заснавання ўстановы да нашых дзён. На старонцы “Музей” можна адправіцца ў віртуальны экскурсійны 3D тур.

На сайце сярэдняй школы № 1 Жабінкі створана старонка рэсурснага цэнтра па фарміраванні гендарнай культуры і культуры сямейных адносін, які з верасня гэтага года працуе ва ўстанове. У рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін” створаны сайт “Знайдзі сябе”, дзе размяшчаюцца матэрыялы з вопыту работы з цяжкімі падлеткамі, прапануюцца распрацоўкі асобных мерапрыемстваў і “Кніга для бацькоў, дзеці якіх эксперыментуюць з наркотыкамі”.

Папаўняецца база даных інавацыйных форм патрыятычнага выхавання і перадавога педагагічнага вопыту ў гэтым напрамку. За два апошнія гады створаны абласныя электронныя базы па нарматыўным прававым забеспячэнні выхаваўчага працэсу, гульнявых і камп’ютарных тэхналогіях у выхаваўчым працэсе, дапамозе класным кіраўнікам і арганізатарам прафілактычнай работы ў школах, прафілактычнай рабоце з вучнямі ў сферы здаровага ладу жыцця і інш. Створаны анатаваныя каталогі метадычных

матэрыялаў і педагагічнага вопыту па культурным вольным часе, грамадзянска-патрыятычным выхаванні, арганізацыі шостага школьнага дня, энерга- і рэсурсазберажэнні.

Вядзецца вывучэнне і прапаганда вопыту пазітыўнага сямейнага выхавання: сярэдняя школа № 15 Пінска, Мікашэвіцкая гімназія імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна, гімназія № 4 Брэста, гімназіі №№ 1 і 5 Баранавіч, Жамчужненская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна, сярэдняя школа № 1 Ганцавіч, сярэдняя школа № 4 Лунінца і інш.

Адным з важнейшых напрамкаў работы з’яўляецца павышэнне выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў. Так, на абласным узроўні абагульнены вопыт работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства (Гарадзішчанская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна, сярэднія школы №№ 7 і 33 Брэста, Тальмінавіцкая сярэдняя школа Ляхавіцкага раёна і гімназія № 3 Брэста), настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (Сошненская сярэдняя школа Пінскага раёна, гімназія Пружан), настаўнікаў рускай мовы і літаратуры (Белавежская сярэдняя школа Камянецкага раёна), настаўнікаў англійскай мовы (сярэдняя школа № 2 Жабінкі) і інш.

Ва ўстановах адукацыі вобласці створаны 26 эксперыментальных і інавацыйных пляцовак па ўкараненні ў выхаваўчы працэс сучасных навукова-педагагічных дасягненняў: “Апрабацыя мадэлі выхавання патрыятызму ў навучэнцаў ПТНУ сродкамі краязнаўства” (Брэсцкі дзяржаўны ПТК сферы абслугоўвання і Белаазёрскі дзяржаўны ПТК электратэхнікі), “Укараненне мадэлі стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па павышэнні фінансавай дасведчанасці вучняў” (гімназія № 3 і сярэдняя школа № 3 Пінска, Ліцэй ПалесДУ), “Укараненне мадэлі сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае грамадзянскаму і прафесійнаму самавызначэнню вучняў” (сярэдняя школа № 19 Баранавіч) і інш.

Ва ўсіх рэгіёнах вобласці працуюць школы “Лідар”. Наладжана супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой і ўстановамі культуры. У практыку работы ўкараняюцца інтэрактыўныя формы навучання навыкам бяспечнай жыццядзейнасці. Так, пры Брэсцкім абласным упраўленні МНС створана Школа хуткага рэагавання. Ва ўстановах адукацыі вобласці ўкараняюцца рэгіянальныя мадэлі выхавання дзяцей і моладзі “Школа – цэнтр вольнага часу” па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прафілактыцы шкодных звычак, экалагічнай адукацыі, працоўным выхаванні, арганізацыі другаснай занятасці падлеткаў у пазаўрочны час, культуры энерга- і рэсурсазберажэння.

Шмат увагі ўдзяляецца прафесійнаму самавызначэнню вучняў. У работу ўкараняюцца праграмы факультатыўных заняткаў і аб’яднанняў па інтарэсах, накіраваных на прафарыентацыю дзяцей: мадэль бесперапыннай прафарыентацыі школьнікаў на спецыяльнасці, запатрабаваныя рэгіянальным аграпрамысловым комплексам (Русіноўская, Вольнаўская і Гарадзішчанская сярэднія школы, Мірнаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа Баранавіцкага

раёна); мадэль сеткавага ўзаемадзеяння раённых ВМК, школ і УВА, накіраваная на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей і інш. У шэрагу школ вобласці да 50% дзевяцікласнікаў арыентаваны на выбар рабочых спецыяльнасцей. Многія гімназіі і ліцэі актыўна супрацоўнічаюць з УВА. У ПТНУ працуюць штабы працоўных спраў па працаўладкаванні ў вольны ад вучобы час непаўналетніх, у тым ліку тых, хто стаіць на ўліку ў ІСН.

Па словах М.К.Тарасюка, у сферы выхаваўчай работы трэба вырашыць яшчэ шмат праблемных пытанняў. Так, слабая матэрыяльная база большасці ўстаноў дадатковай адукацыі, недахоп якаснага сучаснага абсталявання і часам нізкая кваліфікацыя спецыялістаў не дазваляюць арганізаваць адукацыйны працэс на належным узроўні. Да 40% УДА вобласці маюць патрэбу ў капітальным рамонце. Аснашчанасць спартыўным інвентаром устаноў адукацыі складае толькі каля 61%. Недастаткова развіваюцца ў школах пешаходны, водны і велатурызм. Да турыстычных мерапрыемстваў слаба далучаюцца бацькі. Не задавальняюцца запыты дзяцей у дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага і тэхнічнага профілю. Недастаткова выкарыстоўваюцца магчымасці УДА ў павышэнні якасці зместу і арганізацыі шостага школьнага дня, занятасці дзяцей у пазаўрочны і канікулярны час. Адной з галоўных задач застаецца стварэнне сістэмы ўзаемадзеяння школ, УДА, ПТНУ і УВА ў прафарыентацыі падлеткаў.

Адсутнічае работа па шырокім далучэнні вучняў да навукова-даследчай дзейнасці. Колькасць работ, якія прадстаўляюцца на абласныя конкурсы, змяншаецца, а іх якасць зніжаецца. Недастаткова актыўна ў сістэме дадатковай адукацыі выкарыстоўваюцца завочная (дыстанцыйная) форма навучання і ІКТ.

Амаль не ажыццяўляецца кантроль за рэалізацыяй выхаваўчага патэнцыялу ўроку і выхаваўчай работай па прадмеце. Гэтыя пытанні на педсаветах не разглядаюцца.

Недастаткова выкарыстоўваюцца сайты ўстаноў адукацыі па ўзаемадзеянні з бацькамі і папулярызацыі адукацыйных паслуг. Органы вучнёўскага самакіравання мала прыцягваюцца да планавання, арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў. Большую частку дзяцей, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах, складаюць малодшыя школьнікі (57%). Сярод 14 – 17-гадовых дзяцей такіх толькі 11%. У школах не дзейнічаюць штабы працоўных спраў па працаўладкаванні непаўналетніх у вольны ад вучобы час.

Выклікае трывогу сітуацыя з павелічэннем злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў (11 летась і ўжо 35 сёлета). Шмат непаўналетніх затрымліваюцца за распіццё спіртных напіткаў. Гэта патрабуе актывізацыі работы сярод вучняў і іх бацькоў па антынаркатычнай і антыалкагольнай асвеце.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: