Удасканальваць сацыяльнае партнёрства дзеля павышэння грамадскага статусу педагогаў

18.12.2014
 

У ХХVІІ справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая прайшла ў Брэсцкім гарвыканкаме, прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў М.І.Басалай, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойка, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

- У справаздачным перыядзе работа ўсіх арганізацыйных структур галіновага прафсаюза была накіравана на ўмацаванне аўтарытэту пярвічных прафсаюзных арганізацый, павышэнне прававой і сацыяльна-эканамічнай абароны работнікаў, удасканаленне калектыўна-дагаворных адносін з мэтай захавання стабільнасці і станоўчага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектывах устаноў адукацыі вобласці, - адзначыў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза В.А.Харытановіч. – Анкетаванне паказвае, што амаль 76% педагогаў ацэньваюць абстаноўку ў калектывах як стабільную і спакойную, а 79% лічаць дзейнасць выбарных органаў прафсаюза паспяховай.

Сёння членамі галіновага прафсаюза з’яўляюцца амаль 96% працуючых работнікаў (у 2003 годзе 81%) і каля 98% навучэнцаў. Колькасць тых, хто выбыў з прафсаюза па ўласным жаданні (у параўнанні з 2012 годам) скарацілася ў 3 разы. Прычынамі выхаду з’яўляюцца нежаданне ўплачваць прафсаюзныя ўзносы, рэлігійныя перакананні і міжасобасныя адносіны.

Па словах В.А.Харытановіча, асноўная ўвага ў прафсаюзнай рабоце ўдзяляецца сацыяльна-прафесійным правам педагогаў і бяспечным умовам іх працы. Гэта патрабуе ад кожнага прафсаюзнага актывіста і кіраўніка ўстановы прафесіяналізму і кампетэнтнасці, актыўнай і прынцыповай пазіцыі ў рамках закона і з улікам інтарэсаў членаў прафсаюза.

- Дзякуючы канструктыўнаму ўзаемадзеянню выбарных органаў прафсаюза з органамі кіравання адукацыяй і падтрымцы аблвыканкама, кантрактная форма найму перастала быць пугай і з’яўляецца сёння адным са шляхоў павышэння заробку педагогаў, - адзначыў В.А.Харытановіч. – Так, усім работнікам абласных устаноў адукацыі ў адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама павышаны аклады па кантракце на 25%. Падтрыманы работнікі сталовых і кухары дашкольных устаноў, вадзіцелі школьных аўтобусаў і работнікі метадычных кабінетаў.

У выніку сумеснай работы сацыяльных партнёраў у рэгіёнах на працягу 2014 года планамерна павышаюцца службовыя аклады педагогаў. Значна павысіліся аклады па кантракце ва ўстановах адукацыі Баранавіч, Столінскага, Лунінецкага, Іванаўскага і Ляхавіцкага раёнаў.

Пра якасць работы прафсаюзных пярвічак па належным забеспячэнні працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў сведчаць

калектыўныя дагаворы ўстаноў адукацыі. Па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы калектыўны дагавор пераможцамі прызнаны БрДУ імя А.С.Пушкіна і сярэдняя школа № 15 Брэста.

В.А.Харытановіч расказаў, што наймальнікі выконваюць абласное галіновае пагадненне, дзякуючы чаму ў 2011 – 2014 гадах у вобласці не дапушчаны неабгрунтаваныя звальненні работнікаў пасля заканчэння тэрміну дзейнасці кантрактаў. У той жа час пры афармленні працоўных адносін па кантрактнай форме найму дапускаюцца парушэнні. Так, асобныя наймальнікі не ўзгадняюць з прадстаўніком прафсаюза ўмовы кантрактаў з некаторымі работнікамі. Не ўсе кантракты прадугледжваюць дадатковы заахвочвальны адпачынак. Каля 7,9 тысячы кантрактаў не маюць павышэння акладаў (з іх больш за 7 тысяч – работнікі ўстаноў адукацыі Брэста, 715 і 91 – Брэсцкага і Івацэвіцкага раёнаў). Усім маладым спецыялістам устаноўлена 20-працэнтнае павышэнне па кантракце.

Нягледзячы на меры па павышэнні заробку педагогаў за кошт мясцовых бюджэтаў, яго ўзровень на Брэстчыне засмучае. Аналіз сярэдняга заробку ў сістэме адукацыі паказвае, што ў рэгіёнах назіраюцца розныя падыходы да гэтага пытання. Так, у Камянецкім раёне большую ўвагу ўдзялілі павышэнню заробку работнікам, якія забяспечваюць камфортныя ўмовы работы педагогаў і вучняў. У Баранавічах і Іванаўскім раёне значную падтрымку адчулі кіраўнікі ўстаноў адукацыі і іх намеснікі.

Памер сярэдняга заробку настаўнікаў за кастрычнік бягучага года вагаецца ад 4,4 млн рублёў у Маскоўскім раёне Брэста да 5,6 млн у Баранавіцкім раёне. Сярэдні заробак у сістэме адукацыі складае ад 3,6 млн рублёў у Пінскім раёне да 4,2 млн у Жабінкаўскім (па вобласці 3,8 млн). У асобных рэгіёнах 10 – 20% работнікаў атрымліваюць даплату да ўстаноўленага мінімальнага заробку. Пазіцыя прафсаюза – стаўкі заробку без уліку прэміравання і надбавак павінны быць не менш мінімальнага заробку.

- Прафсаюзнаму актыву і кіраўнікам устаноў варта больш актыўна працаваць з педагогамі па павышэнні кваліфікацыйных катэгорый, - заўважыў В.А.Харытановіч. – На жаль, педагогі не спяшаюцца павышаць кваліфікацыйныя катэгорыі. Так, у Альшанскіх сярэдніх школах №№ 1 і 2 Столінскага раёна працуюць 31 і 19 педагогаў са стажам работы ў першай катэгорыі больш за 15 гадоў. Не імкнуцца атрымліваць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і выхавальнікі дашкольных устаноў шэрагу рэгіёнаў. Такую катэгорыю ў Ляхавіцкім раёне маюць толькі 8,5% педагогаў, у Баранавіцкім – 7,5%, у Камянецкім – 9% (абласны паказчык каля 19%).

Выклікае заклапочанасць новая інструкцыя па атэстацыі педагогаў. Згодна з ёй выхавальнікі без спецыяльнай дашкольнай адукацыі, кіраўнікі і намеснікі дзіцячых садкоў не могуць атрымліваць і павышаць кваліфікацыйную катэгорыю. Абкам прафсаюза і абласное ўпраўленне адукацыі трымаюць гэтую праблему на кантролі. Патрабуе вырашэння і пытанне, звязанае з прысваеннем і павышэннем катэгорыі кіраўнікам школ і іх намеснікам.

Пры павышэнні заробкаў па-за ўвагай засталіся кіраўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Многія з іх прыходзяць на гэтую пасаду з дырэктараў школ, дзе маюць большы заробак. У выніку адсутнічае матывацыя для кар’ернага росту. Патрабуюць перагляду і ўмовы аплаты працы прафесарска-выкладчыцкаму складу. Сённяшнія заробкі не стымулююць маладых выкладчыкаў да абароны дысертацый.

- Нельга павышаць заробак адной катэгорыі работнікаў ці работнікам аднаго тыпу ўстаноў. Усе выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей (незалежна ад установы адукацыі) павінны атрымліваць аднолькавы стартавы заробак. А ўвогуле аплата працы павінна залежыць ад аб’ёму, якасці і вынікаў выкананай работы, - адзначыў В.А.Харытановіч.

Галіновы прафсаюз уважліва сочыць за выкананнем працоўнага заканадаўства. Дзякуючы ўмяшанню абкама і райкамаў прафсаюза папярэджаны 18 звальненняў работнікаў. Па выніках праверак і маніторынгаў выяўлены больш за 6 тысяч парушэнняў (з іх больш за 400 тычацца аплаты працы). Па патрабаванні прафсаюза вернуты 172,5 млн рублёў, якія былі незаконна ўтрыманы ці не выплачаны.

Шмат увагі ўдзяляецца забеспячэнню бяспечных умоў працы педагогаў. На жаль, не хапае фінансаў на мерапрыемствы па ахове працы, набыццё сродкаў індывідуальнай і калектыўнай абароны, а таксама на замену вучэбнага абсталявання. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі не выконваюць план замены станочнага абсталявання. Здараюцца выпадкі вытворчага траўматызму.

Работа з навучэнскай моладдзю – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці абкама галіновага прафсаюза. На базе навучальных устаноў праводзяцца злёты прафсаюзнага актыву моладзі. Арганізуюцца сустрэчы з выпускнікамі па пытаннях размеркавання і працаўладкавання. З мэтай стымулявання ўдзелу вучняў і студэнтаў у прафсаюзным жыцці прысуджаюцца стыпендыі.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з ветэранамі вайны і працы. Сёння на прафсаюзным уліку знаходзяцца каля 8,3 тысячы ветэранаў галіны. Праводзіцца сістэмная і шматпрофільная работа па далучэнні іх да грамадскай дзейнасці. Візітоўкай Брэстчыны сталі акцыі “Адзінокая магіла” і “Адзінокі ветэран”. Актывісты прафсаюзнага руху і ветэраны педагагічнай працы вобласці, якія ўнеслі вялікі ўклад у работу галіновага прафсаюза, унесены ў кнігу пашаны. Сёлета быў падрыхтаваны зборнік “Педагагічныя дынастыі Брэсцкай вобласці”, куды ўвайшлі матэрыялы пра сем’і з трыма і больш пакаленнямі педагогаў.

- На рэспубліканскім узроўні патрабуюць вырашэння пытанні, звязаныя з прадастаўленнем работнікам метадычных кабінетаў права вядзення выкладчыцкай работы ў рабочы час. Сёння сацыяльны статус метадыстаў не адпавядае іх рэальнай значнасці і прыводзіць да цякучасці кадраў. Неабходна павысіць заробак работнікаў цэнтралізаваных бухгалтэрый, груп гаспадарчага абслугоўвання пры аддзелах адукацыі, спорту і турызму, вадзіцеляў школьных аўтобусаў. Патрабуюць вырашэння

пытанні, якія тычацца захавання ранейшых умоў выхаду на пенсію па выслузе гадоў, зніжэння працягласці рабочага тыдня выхавальнікаў-дашкольнікаў да ўзроўню выхавальнікаў школ (да 30 гадзін у тыдзень) і дэфіцыту выхавальнікаў дзіцячых садкоў, педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі і замежнай мовы. Кадравую праблему ўжо не выратоўвае прыцягненне да работы пенсіянераў, таму даводзіцца звяртацца па дапамогу да студэнтаў. Зразумела, што пра якасць адукацыі ў гэтым выпадку гаворка не ідзе, - падагульніў В.А.Харытановіч.

- Паміж органамі кіравання адукацыяй і галіновым прафсаюзам склаліся добрыя дзелавыя адносіны, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Упэўнены, што прафсаюз павінен займацца не толькі вырашэннем сацыяльна-эканамічных пытанняў, але і працаваць над павышэннем якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу. Кожны педагог абавязаны павышаць свой прафесійны ўзровень, найперш праз атэстацыю.

Нельга не пагадзіцца з думкай старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойкі, які сказаў, што аднымі фінансавымі ўліваннямі сацыяльны статус педагогаў не павысіцца. Над яго павышэннем трэба працаваць самім. Як? Праз адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Праз бесперапынную самаадукацыю і самаразвіццё.

Падчас канферэнцыі прагучалі цікавыя і праблемныя выступленні начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, дырэктараў школ і загадчыкаў дзіцячых садкоў, настаўнікаў і кіраўнікоў пярвічных прафсаюзных арганізацый. Усіх іх аб’ядноўвала неабыякавасць да праблем сістэмы адукацыі.

Завяршылася канферэнцыя ўручэннем грамат і падзяк лепшым актывістам прафсаюзнага руху вобласці, а таксама ганараваннем лепшых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і прафкамаў у арганізацыі сацыяльнага партнёрства. Першае месца ў гэтай рабоце занялі аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама (начальнік А.С.Салавей) і Баранавіцкая арганізацыя галіновага прафсаюза (старшыня Т.В.Шукала).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі В.А.Харытановіч, старшыня Баранавіцкай арганізацыі галіновага прафсаюза Т.В.Шукала, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама А.С.Салавей і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

Фота Сяргея ЖУРБЕНКІ.

поделиться в: