Прафесіі, запатрабаваныя часам

5.12.2014
 

Сёння гістарычны факультэт універсітэта ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Гісторыя. Сусветная і айчынная культура”, “Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны”, “Гісторыя. Замежная мова (англійская)” і “Гісторыя (рэлігій)”.

- З’яўленне новых спецыяльнасцей абумоўлена сучаснымі запытамі грамадства, - расказвае дэкан гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Н.П.Галімава. – Перш чым іх выбраць, на факультэцкім сайце было праведзена апытанне, якое пацвердзіла актуальнасць прафесій палітолага і археолага. Гэтых спецыялістаў сёння рыхтуе невялікая колькасць УВА краіны.

Па словах Н.П.Галімавай, гістарычнае ўспрыманне свету і яго аналіз вучаць моладзь жыць у сучасным грамадстве. Спецыяльнасць “Гісторыя. Паліталогія” падыходзіць для тых, хто збіраецца звязаць жыццё з палітыкай. Гэта добрая база як для будучага дэпутата, так і члена ўраду. Калі чалавек добра і правільна гаворыць, лагічна і асэнсавана мысліць, ведае, што і каму прапанаваць, то гэта 90% поспеху, лічыць дэкан гістфака.

Спецыяльнасць “Гісторыя. Археалогія” таксама надзвычай актуальная і карысная. Сёння ў гарадах актыўна будуюцца сучасныя бізнес-цэнтры, жылыя комплексы, іншыя аб’екты інфраструктуры. Але перш чым будаваць дамы, неабходна правесці археалагічную экспертызу мясцовасці, каб не пахаваць пад бетонам каштоўныя адгалоскі мінулага. Гэтым якраз і займаецца археолаг. Выпускнікі, якія атрымаюць такую спецыяльнасць, змогуць працаваць у будаўнічых фірмах адпаведнымі экспертамі.

- Гэта добрая работа, - заўважае Н.П.Галімава. – Археалагічная экспертыза сёння каштуе дорага. На Брэстчыне толькі адзін супрацоўнік нашага факультэта мае дазвол на яе правядзенне. Акрамя таго, выпускнікі-археолагі змогуць працаўладкавацца ў музеях, знайсці месца ў сістэме адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: