Фарміраваць сеткавыя прафесійныя супольнасці педагогаў

4.12.2014
 

Падчас насычанага мерапрыемства, арганізаванага Брэсцкім абласным ІРА, яго ўдзельнікі наведалі Малоткавіцкую, Беразовіцкую, Пагост-Загародскую, Парахонскую, Пінкавіцкую, Гарадзішчанскую сярэднія школы і Малоткавіцкую дапаможную школу-інтэрнат, дзе праз прэзентацыі, тэматычныя выставы, майстар-класы і творчыя лабараторыі азнаёміліся з цікавымі і карыснымі напрацоўкамі.

Пра адукацыйную прастору рэгіёна і ролю раённай метадычнай службы ў павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама А.І.Прылоўская:

- Роля органаў кіравання адукацыяй заключаецца найперш у стварэнні ўмоў для якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу. У 75 установах адукацыі Піншчыны створаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу кожнага дзіцяці.

Сістэма дашкольнай адукацыі сарыентавана на задавальненне запытаў сям’і і грамадства, рознабаковае развіццё малышоў у адпаведнасці з іх узроставымі і індывідуальнымі асаблівасцямі. Дашкольнай адукацыяй у раёне ахоплены каля 94% дзяцей. Вялікая ўвага ўдзяляецца іх здароўезберажэнню.

Над павышэннем якасці адукацыі працуюць 38 школ. Выніковая атэстацыя іх выпускнікоў паказвае, што прадметная падрыхтоўка вучняў палепшылася ў старшых класах і знізілася ў 5 – 9-х. Павялічылася колькасць адзінаццацікласнікаў, якія здаюць экзамены на высокім і дастатковым узроўні. Але вынікі ЦТ сведчаць пра неабходнасць удасканалення работы ў гэтым кірунку. 69% выпускнікоў базавай школы працягваюць навучанне ў старшых класах.

Прыярытэтным кірункам развіцця сістэмы адукацыі Піншчыны ў бягучым навучальным годзе застаецца далейшае павышэнне якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёння ёй ахоплены амаль 86% вучняў.

Работа ўстаноў дадатковай адукацыі па развіцці творчых здольнасцей дзяцей і арганізацыі іх занятасці з’яўляецца важным фактарам зніжэння ўзроўню злачыннасці сярод непаўналетніх. Усе падлеткі, якія стаяць на прафілактычным уліку, задзейнічаны ў аб’яднаннях і спартыўных секцыях, розных мерапрыемствах.

У адукацыйнай галіне Піншчыны працуюць каля 1,2 тысячы педагогаў. Амаль 87% настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю, амаль 19% - вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У сістэме дашкольнай адукацыі гэтыя лічбы больш нізкія: 42% і 10% адпаведна.

Шмат увагі ўдзяляецца бесперапыннаму павышэнню кваліфікацыі педагогаў праз курсавую падрыхтоўку і работу метадычнай сеткі ў міжкурсавы перыяд. На жаль, сустракаюцца асобныя работнікі, якіх

даводзіцца літаральна ўгаворваць прайсці курсавую падрыхтоўку. Але ёсць і тыя, хто гатовы штомесяц наведваць розныя курсы.

А.І.Прылоўская лічыць, што неабходна пабудаваць сістэму адсочвання эфектыўнасці метадычнай работы, аптымізаваць метадычную сетку такім чынам, каб яна не адцягвала педагогаў ад асноўнай работы.

Радуе, што ў раёне павялічваецца колькасць настаўнікаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці ІКТ. Усе ўстановы забяспечаны асобнымі камп’ютарамі для кіраўніцкай і адукацыйнай дзейнасці. Сярод прыярытэтаў – развіццё электроннага адукацыйна-інфармацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі як асноўнага навучальнага рэсурсу ў павышэнні якасці адукацыі і фарміраванне сеткавых прафесійных супольнасцей педагогаў.

У стварэнні ўмоў для творчай дзейнасці педагогаў і павышэнні якасці адукацыі вядучая роля належыць раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету. Выніковасць яго работы штогод аналізуецца на пасяджэннях савета аддзела адукацыі, спорту і турызму. Далейшае ўдасканаленне сістэмы метадычнай работы А.І.Прылоўская бачыць у аптымізацыі сеткі метадычных фарміраванняў і рэалізацыі сістэмна-дзейнаснага падыходу.

- Удасканаленне метадычнай работы ўключае максімальнае далучэнне да яе педагогаў праз розныя формы дзейнасці (ад пастаянных да разавых), развіццё педагагічнай творчасці і самарэалізацыі педагогаў, узмацненне ролі метадычных фарміраванняў па пошуку, абагульненні перадавога педагагічнага вопыту і яго распаўсюджанні, арганізацыю рэфлексійнай дзейнасці педагогаў пры аналізе іх дзейнасці і выпрацоўцы шляхоў вырашэння педагагічных праблем і цяжкасцей, а таксама самааналіз педагагічных працэсаў і фарміраванне ўмення абагульняць уласны вопыт, - адзначыла А.І.Прылоўская.

- Кіраванне метадычнай работай працякае эфектыўна тады, калі яе задачы, змест і арганізацыйныя асновы дакладна і ясна ўсведамляюць усе ўдзельнікі, таму запыты кіраўнікоў і педагогаў па ўдасканаленні навукова-метадычнай падрыхтоўкі ў значнай ступені можна задаволіць пры ўмове захавання прынцыпаў індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі, - заўважыла загадчыца раённага ВМК А.Я.Шпакоўская. – Дыферэнцыраваны падыход да зместу і форм метадычнай работы з педагогамі (як маладымі, так і вопытнымі) рэалізуецца з улікам аналізу паказчыкаў якаснага і колькаснага складу педкадраў раёна і вынікаў дыягностыкі па выяўленні іх прафесійных цяжкасцей і адукацыйных запытаў. Пастаўленыя задачы ажыццяўляюцца праз метадычны савет, сетку з 57 метадычных фарміраванняў кіраўнікоў і педагогаў, міжшкольных і школьных метадычных аб’яднанняў на базе 36 устаноў адукацыі.

Самымі шматлікімі фарміраваннямі з’яўляюцца раённыя метадычныя аб’яднанні (26), дзе разглядаюцца пытанні нарматыўнага прававога забеспячэння, арганізацыі адукацыйнага працэсу, выкарыстання прыватных методык і інш. Адной з асноўных структур метадычнай работы з’яўляюцца міжшкольныя метадычныя аб’яднанні. Іх работа будуецца на дыягностыцы праблем і цяжкасцей пры выкладанні прадметаў. Педагогі авалодваюць

найбольш эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы, вучацца іх творча прымяняць і інш. Пасяджэнні праводзяцца на базе школ, дзе прэзентуецца творчая справаздача ўстановы і асобных педагогаў, арганізуюцца адкрытыя вучэбныя і выхаваўчыя мерапрыемствы.

Аднымі з самых прадуктыўных метадычных фарміраванняў з’яўляюцца творчыя групы настаўнікаў пачатковых класаў, рускай і беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, біялогіі і інфарматыкі, настаўнікаў-дэфектолагаў і кіраўнікоў дашкольных устаноў. Вынікі дзейнасці такіх груп прадстаўлены ў выглядзе распрацовак урокаў, тэм, раздзелаў, памятак, прэзентацый і інш.

Эфектыўна працуюць і праблемныя групы педагогаў, створаныя для вырашэння канкрэтных метадычных праблем. Так, намеснікі загадчыкаў па асноўнай дзейнасці дзіцячых садкоў працуюць над каляндарна-тэматычным планаваннем па вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі, настаўнікі хіміі – над павышэннем узроўню прафесійнай кампетэнтнасці ў рашэнні алімпіядных задач, настаўнікі пачатковых класаў распрацоўваюць заданні для алімпіяд і інтэлектуальных марафонаў малодшых школьнікаў.

У раёне дзейнічаюць прафесійныя клубы “Гаспадыня” і “Прыёмная сям’я”. Іх работа накіравана на тое, каб кожны педагог мог знайсці занятак па душы, рэалізаваўшы свае асобасна-прафесійныя патрэбы. Эфектыўна функцыянуе і творчая лабараторыя кіраўнікоў гурткоў раённага цэнтра творчасці “Скарбніца”, дзе можна апрабаваць розныя педагагічныя ідэі.

- Безумоўна, колькасць метадычных фарміраванняў не з’яўляецца паказчыкам якасці работы метадычнай службы рэгіёна, але менавіта іх разнастайная сетка дазваляе ўлічваць жыццёвыя і прафесійныя ўстаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі, вопыт і ўзровень прафесіяналізму кіраўнікоў і педагогаў, - адзначыла А.Я.Шпакоўская. – Аказваюцца кансалтынгавыя паслугі па падрыхтоўцы ўстаноў да комплекснага вывучэння іх дзейнасці і самакантролю. Гэта дазваляе эфектыўна і аптымальна арганізаваць метадычную падтрымку як асобных кіраўнікоў і педагогаў, так і педкалектываў.

Штогод педагогі Піншчыны павышаюць прафесійныя навыкі ў АПА і Брэсцкім абласным ІРА. Добра зарэкамендавала сябе работа выязных курсаў на базе раёна, што дазваляе ахапіць найбольшую колькасць педагогаў і значна сэканоміць грашовыя сродкі і час.

Падчас семінара прагучала шмат цікавых і змястоўных дакладаў. Удзельнікі мерапрыемства расказвалі пра арганізацыю інавацыйнай дзейнасці ў школе, апрабацыю мадэлі рэсурснага цэнтра ва ўстанове спецыяльнай адукацыі, ролю музейнай педагогікі ў адукацыйным працэсе, актыўныя формы метадычнай работы з настаўнікамі і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: