Падвялі вынікі трэцяга працоўнага семестра

18.11.2014
 

Сёлета перад гарадскім штабам працоўных спраў (у адпаведнасці з рашэннем Брэсцкага аблвыканкама “Аб рабоце па арганізацыі другаснай занятасці моладзі Брэсцкай вобласці ў 2014 годзе”) стаяла задача па працаўладкаванні 1,3 тысячы чалавек у складзе студэнцкіх атрадаў і 1 тысячы – у індывідуальным парадку. Заданне паспяхова выканана: у 65 студэнцкіх атрадах адпрацавалі 1307 чалавек, індывідуальна – 1030 (летась у складзе 60 атрадаў працавалі 985 чалавек). Акрамя таго, за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва быў працаўладкаваны 601 непаўналетні.

Брэсцкі гарадскі камітэт БРСМ і ўстановы адукацыі з’яўляюцца асноўнымі арганізатарамі летняй другаснай занятасці. Так, штаб працоўных спраў БрДТУ сёлета працаўладкаваў больш за 800 чалавек: студэнты працавалі ў складзе зводных рэспубліканскіх атрадаў у Краснаярскім краі і на Ямале, на аб’ектах Мінскай вобласці, на будаўніцтве сярэдняй школы ў Брэсце і АЭС у Астраўцы. Максімальны заробак склаў 8 мільёнаў рублёў.

Штаб працоўных спраў БрДУ імя А.С.Пушкіна працаўладкаваў 215 чалавек. Студэнты працавалі ў якасці валанцёраў на Чэмпіянаце свету па хакеі ў Мінску і міжнародным фестывалі “Белая вежа” ў Брэсце, а таксама ў якасці выхавальнікаў у аздараўленчых летніках Брэстчыны. Сярэдні заробак склаў 2 мільёны рублёў.

Маскоўскі і Ленінскі райкамы БРСМ арганізоўвалі работу сярод школьнікаў, навучэнцаў ПТНУ і ССНУ. Упершыню ўдалося сфарміраваць студэнцкія атрады з ліку школьнікаў.

Па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне, звязанае з працаўладкаваннем непаўналетніх. Нягледзячы на станоўчую дынаміку ў гэтым кірунку, пакуль не ўсе жадаючыя могуць атрымаць рабочае месца: наймальнікі неахвотна ствараюць неабходныя ўмовы працы для непаўналетніх. На жаль, не ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў, якія прымаюць моладзь на работу, разумеюць значнасць арганізацыі менавіта студэнцкіх атрадаў, бо такая форма працаўладкавання дазваляе павялічыць заробак байцоў на 12%. Станоўчым прыкладам з’яўляецца ўзаемадзеянне райкамаў БРСМ з ААТ “Брэстаблрэсурсы”, дзякуючы чаму ўдалося працаўладкаваць больш за 100 непаўналетніх на гэтым прадпрыемстве.

Трэба адзначыць, што гарадскі штаб працоўных спраў займаецца працаўладкаваннем моладзі не толькі ў летні час, але і на працягу ўсяго года. Плануецца, што наступным летам колькасць працаўладкаванай моладзі ў складзе студэнцкіх атрадаў павялічыцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: