Адукацыя Брэстчыны ад вытокаў да сучаснасці

31.10.2014
 

Вытокі” і галерэя вопыту “Эфектыўная адукацыя Брэсцкай вобласці”. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік начальніка і намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук і І.В.Чоўжык, а таксама загадчыкі раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў.

- Музейная экспазіцыя і галерэя вопыту створаны для таго, каб праз выкарыстанне адукацыйнага асяроддзя Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі раскрыць маштаб і патэнцыял педагагічнага вопыту вобласці, - адзначыў першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА распрацоўшчык канцэпцыі і зместу музейнай экспазіцыі С.Р.Рачэўскі. – У аснове экспазіцыі ляжаць матэрыялы і экспанаты, сабраныя і захаваныя ў музеі адукацыі Брэстчыны, якім кіравала Марыя Якаўлеўна Крашаніннікава (дырэктар інстытута з 1980 да 1988 года). Дадатковы збор і апрацоўку экспазіцыйных матэрыялаў ажыццяўляла метадыст інстытута з вялікім педагагічным стажам Галіна Сцяпанаўна Саковіч. Навуковым кансультантам выступіў рэктар інстытута Юрый Аляксандравіч Іваноў. Фінансавую падтрымку (каля 100 мільёнаў рублёў) аказала абласное ўпраўленне адукацыі на чале з Міхаілам Андрэевічам Ціханчуком.

Па словах С.Р.Рачэўскага, сёння музеі і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі адукацыі Брэстчыны, працуюць у 33 навучальных установах. Музей гісторыі адукацыі вобласці, які да нядаўняга часу дзейнічаў у інстытуце, патрабаваў абнаўлення і дапаўнення. Папярэдняя экспазіцыя паказвала развіццё адукацыі Брэстчыны з “царскага” часу да 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Такі падыход не адпавядаў запытам сучаснасці. У выніку было вырашана істотна пашырыць экспазіцыю і паказаць развіццё адукацыі ажно з ХІ стагоддзя. Абноўленая экспазіцыя, аснову якой складаюць матэрыялы хроніка-дакументальных кніг “Памяць”, галіновых выданняў, раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, абласнога краязнаўчага музея, заканчваецца 1945 годам. У перспектыве экспазіцыя завершыцца нашымі днямі. Але ўжо сёння бачна, што работа па яе стварэнні праведзена каласальная. Не менш каласальнай яна будзе і ў далейшым.

- Значнасць і неабходнасць падобнай музейнай экспазіцыі неаспрэчныя, бо яна паказвае гісторыю развіцця адукацыйнай галіны рэгіёна ў асобах лепшых прадстаўнікоў настаўніцкай прафесіі, на якіх варта раўняцца моладзі. Вопыт папярэднікаў каштоўны і запатрабаваны. Многія з іх з’яўляюцца яскравым прыкладам самаадданага і апантанага служэння любімай прафесіі. І месца стварэння экспазіцыі невыпадковае. Інстытут развіцця адукацыі – гэта цэнтр па каардынацыі прафесійнага росту педагогаў, - заўважыў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук.

Музейная экспазіцыя ўключае дзве фотагалерэі з кароткімі даведкамі пра заслужаных настаўнікаў БССР і сучаснай Беларусі, а таксама пра старэйшыя ўстановы адукацыі вобласці. Маляўнічыя стэнды падзелены на 22 тэматычныя раздзелы: “Лаўрэнцій Зізаній і брацкая школа ў Бярэсці”, “Казімір Лышчынскі: педагагічная дзейнасць”, “З думай пра асвету краю: сустрэча Т.Касцюшкі з Песталоці”, “Адам Нарушэвіч: важкі ўклад у развіццё гістарычнай адукацыі і навукі”, “Напалеон Орда: уклад у развіццё музычнай і архітэктурнай адукацыі”, “Адукацыя Брэстчыны ў кантэксце буржуазнай Расіі: неабходнасць рэфармавання”, “Палескае Люсіна: тут настаўнічаў Якуб Колас і нараджалася яго знакамітая трылогія”, “З успамінаў пра Канстанціна Міцкевіча – настаўніка ў Пінкавічах”, “Пінск гімназічны на пачатку ХХ стагоддзя”, “Нармалізаваць становішча школы: грамадска-педагагічны рух на Кобрыншчыне пачатку ХХ стагоддзя”, “Руская гімназія ў Брэсце”, “Школы ў Заходняй Беларусі ў 1935 – 1936 гадах”, “Вы забытымі не станеце, педагогі даваенных і ваенных гадоў”, “Памятаем і шануем вас, школы лясныя…” і інш.

У галерэі вопыту, прадстаўленай у выглядзе стэндавай інфармацыі, змешчаны прафесійныя партрэты 31 настаўніка, якія маюць дасягненні ў розных напрамках педагагічнай дзейнасці і ахвотна дзеляцца напрацоўкамі на майстар-класах у Брэсцкім абласным ІРА. Сярод іх – настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 16 Пінска А.У.Ярашук (“Рэалізацыя тэхналогіі праграміраванага навучання на ўроках гісторыі і грамадазнаўства”), выхавальніца Навамышскага ясляў-сада Баранавіцкага раёна Ю.М.Ткач (“Родны край, яго гісторыя і культура на занятках з дашкольнікамі”), дырэктар Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна В.Р.Ізотаў (“Фарміраванне ў вучняў з асаблівымі інтэлектуальнымі патрэбамі навыкаў самастойнага пражывання”), настаўнік беларускай мовы і літаратуры Маларыцкай раённай гімназіі М.І.Навумчык (“Тэставы кантроль на ўроках беларускай мовы і літаратуры як сродак павышэння якасці адукацыі”), настаўніца хіміі ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста С.С.Мелехавец (“Аптымізацыя навучання вучняў рашэнню разліковых хімічных задач”), настаўнік музыкі пачатковых класаў Антопальскай дапаможнай школы-інтэрната Драгічынскага раёна А.С.Несцераў (“Прымяненне мнематэхнікі на ўроках музыкі для развіцця ў дзяцей памяці і асацыятыўнага мыслення”) і інш. Плануецца, што матэрыялы галерэі будуць рэгулярна абнаўляцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

поделиться в: