У бяспецы дзяцей дробязей не бывае
20.10.2014Да любых недахопаў варта адносіцца вельмі ўважліва, каб пазбегнуць цяжкіх наступстваў. Бо за кожнай, здавалася б, дробяззю, стаяць жыццё і здароўе людзей, - гэтымі словамі начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук задаў тон чарговаму пасяджэнню калегіі свайго ведамства, дзе разглядаліся арганізацыя харчавання дзяцей у дашкольных установах і бяспечнага падвозу школьнікаў, а таксама меры па прафілактыцы вытворчага і дзіцячага траўматызму ва ўстановах адукацыі вобласці.
Галоўны спецыяліст аддзела тэхнагляду абласнога ўпраўлення адукацыі А.А.Белаш засяродзіла ўвагу на ўзаемадзеянні медыцынскіх работнікаў з адміністрацыямі ўстаноў адукацыі па пытаннях арганізацыі харчавання дзяцей. Гэтае ўзаемадзеянне прадугледжвае ўдасканаленне медыка-псіхолага-педагагічнага суправаджэння выхаванцаў садкоў, забеспячэнне рацыянальнага і збалансавага харчавання дашкольнікаў, укараненне ў работу камп’ютарных праграм для складання штодзённага меню, меню-патрабавання і аналізу выканання натуральных норм.
Як вядома, з 2012 года ўсе медыцынскія і дыетычныя сёстры ў дашкольных установах перайшлі ў падпарадкаванне сістэмы аховы здароўя. Гэта спарадзіла шэраг спецыфічных праблем, якія дасюль з’яўляюцца невырашальнымі. На пачатак бягучага навучальнага года ў 540 дашкольных установах вобласці прадугледжана 691 стаўка медыцынскіх работнікаў (запоўнена 598). Большая палова ставак вакантная ў Брэсце і Брэсцкім раёне. Не ўкамплектаваны цалкам медработнікамі ўстановы Кобрынскага, Ляхавіцкага і Пінскага раёнаў. Найбольш праблематычна забяспечыць медперсаналам малакамплектныя сельскія дзіцячыя садкі, медыцынскае суправаджэнне ў якіх ажыццяўляюць прадстаўнікі ФАПаў, амбулаторый і ўчастковых бальніц.
У адпаведнасці з існуючымі нарматыўнымі дакументамі медыцынскі работнік павінен разам з кладаўшчыком, загадчыкам установы і шэф-поварам удзельнічаць у складанні меню-раскладкі дзённага ці сутачнага рацыёну, ажыццяўляць кантроль за выкананнем тэхналогіі прыгатавання ежы, кулінарнай апрацоўкай, закладкай у кацёл харчовых прадуктаў, выхадам гатовых страў, смакавымі якасцямі ежы, выкананнем умоў захоўвання і тэрмінаў прыдатнасці (захоўвання) харчовых прадуктаў. Распрацаваны алгарытм складання меню-патрабавання, які размяркоўвае абавязкі як загадчыка ўстановы, повара і кладаўшчыка, так і медработніка. Але на практыцы карыстацца алгарытмам даволі цяжка. Гэта звязана найперш з тым, што ў дашкольных установах, дзе медсёстры з’яўляюцца сумяшчальнікамі, іх удзел у арганізацыі харчавання дзяцей заключаецца толькі ў кантролі. Выяўляюцца факты, калі службовыя інструкцыі медработнікаў не ўзгадняюцца ў кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, функцыі па напісанні меню-
патрабавання не прапісваюцца ў службовых абавязках медработнікаў і не выконваюцца.
А.А.Белаш адзначыла, што сумеснае выкананне пэўнай работы некалькімі адказнымі асобамі прадугледжвае выкананне гэтай работы адной асобай пры дапамозе, згодзе і адабрэнні іншых адказных асоб. Гэта адносіцца і да складання меню-патрабавання. Работа з камп’ютарнай праграмай “Электроннае меню”, што дазваляе значна скараціць час складання такога меню, весці аўтаматычны ўлік выканання натуральных і грашовых норм, адсочваць тэрміны прыдатнасці прадуктаў харчавання і інш., таксама прадугледжвае работу аднаго чалавека, які валодае навыкамі работы на камп’ютары і ведамі тэхналогіі прыгатавання ежы, здольны аналізаваць і адсочваць выкананне норм харчавання. Акрамя таго, карэкціраваць харчаванне дзецям з індывідуальнай дыетай па рэкамендацыях урача-педыятра, распрацоўваць тэхналагічныя карты прыгатавання страў для дзяцей, што стаяць на дыспансерным уліку з захворваннямі страўніка-кашэчнага тракту, павінен спецыяліст, які арыентуецца ў дыеталогіі.
На пачатак бягучага навучальнага года камп’ютарныя праграмы “Электроннае меню” ўстаноўлены ва ўсіх дашкольных установах Іванаўскага, Івацэвіцкага і Кобрынскага раёнаў, Пінска і Брэста. Марудна праводзіцца гэтая работа ў Брэсцкім, Жабінкаўскім, Камянецкім і Пінскім раёнах, а таксама ў Баранавічах. Гэта зноў-такі звязана з тым, што ў штатным раскладзе дашкольных устаноў адсутнічае спецыяліст, у функцыянальныя абавязкі якога ўваходзіць арганізацыя харчавання, які валодае пытаннямі тэхналогіі прыгатавання ежы, дзіцячай фізіялогіі, дыеталогіі і які мог бы працаваць з праграмай. Сітуацыю выправіла б увядзенне ў штат дзіцячых садкоў стаўкі тэхнолага, але сродкаў у бюджэце на гэта няма. Таму неабходна захаваць у службовых абавязках медсёстраў, замацаваных за дашкольнымі ўстановамі, абавязкі па дыетычным харчаванні, каб забяспечыць якасную арганізацыю харчавання ў дзіцячых садках.
Сваім бачаннем праблемы, звязанай з арганізацыяй харчавання дашкольнікаў, падзяліліся прадстаўнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, абласнога ўпраўлення аховы здароўя і дзіцячых садкоў. У выніку абмеркавання пытання ўсе пагадзіліся, што неабходна павышаць адказнасць медработнікаў за працу ў дашкольных установах і дакладна вызначыць функцыянальныя абавязкі медсёстраў.
Галоўны спецыяліст аддзела тэхнагляду абласнога ўпраўлення адукацыі Г.І.Ганчар расказаў пра арганізацыю бяспечнага падвозу школьнікаў да месца вучобы. Сёння ў падвозе 13,5 тысячы дзяцей задзейнічана 277 аўтобусаў (з іх 7 замацавана за СВК). 240 аўтобусаў эксплуатуюцца не больш за 10 гадоў, астатнія – ад 11 да 15 гадоў (патрабуюць спісання). Паводле неабходных патрабаванняў, толькі 216 аўтобусаў маюць жоўты колер. Сёлета за кошт абласнога бюджэту было набыта 24 школьныя аўтобусы, 12 аўтобусаў атрымана за кошт сродкаў банка.
У арганізацыі падвозу дзяцей існуе шэраг праблем. Адна з галоўных – падбор і цякучасць вадзіцельскіх кадраў у аддаленых маланаселеных пунктах з-за нізкага заробку. Сёння ў вобласці не хапае 5 вадзіцеляў школьных аўтобусаў.
Па словах Г.І.Ганчара, у аддзелах адукацыі, спорту і турызму неабходна (пры магчымасці) мець рэзервовы аўтобус, каб не спыняць падвоз у выпадку паломкі асноўнага транспарту. Акрамя таго, школьныя аўтобусы павінны быць забяспечаны электроннымі рэгістратарамі, якія дазваляюць рухацца па платных дарогах.
Прафілактыка і папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці праваахоўных органаў і ўстаноў адукацыі Брэстчыны. Гэтая работа ўключае прафілактычныя гутаркі з вучнямі і іх бацькамі, гульні і віктарыны на веданне Правіл дарожнага руху, практычныя заняткі з вывучэннем жэстаў рэгуліроўшчыка і маршруту бяспечнага шляху са школы дамоў, кіналекторыі з дэманстрацыяй прафілактычных відэаматэрыялаў, конкурс дзіцячых малюнкаў “Дарожная бяспека вачыма дзяцей”, акцыі “Бяспечнае дзяцінства”, “Бяспечная дарога ў школу” і “Дзеці – наша будучыня”, конкурс атрадаў юіраўцаў і інш. Навучанне бяспечным паводзінам дзяцей на дарозе праходзіць таксама з выкарыстаннем мультымедыйнай гульні “Знаўцы Правіл дарожнага руху”, распрацаванай абласным упраўленнем ДАІ. Вялікая работа праводзіцца і па папулярызацыі выкарыстання святловяртальных элементаў. У 66 установах адукацыі абсталяваны пляцоўкі па вывучэнні Правіл дарожнага руху.
Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, стан дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму выклікае занепакоенасць. За 8 месяцаў гэтага года на Брэстчыне зарэгістравана 43 ДТЗ з удзелам дзяцей, у выніку якіх 3 дзіцяці загінулі. Па віне дзяцей-пешаходаў зарэгістравана 8 ДТЗ (загінулі 2 дзіцяці). Найбольшая колькасць ДТЗ адбылася ў маі-чэрвені.
Г.І.Ганчар падкрэсліў, што прафілактычная работа павінна насіць пастаянны характар. Так, штомесяц педагогі разам з супрацоўнікамі ДАІ павінны праводзіць рэйды па кантролі за выкананнем Правіл дарожнага руху непаўналетнімі, Адзіны дзень ведаў Правіл дарожнага руху (практычныя і тэарэтычныя заняткі па бяспечных паводзінах на дарозе), а таксама розныя тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.