Брэстаўчанка пакарыла “Неўскія берагі”

13.10.2014
 

Шлях да высокай узнагароды ляжаў праз 6 конкурсных выпрабаванняў: “Вясельнае пляценне”, “Прычоска маладой”, “Дзённая прычоска на доўгіх валасах”, “Вячэрняя прычоска на доўгіх валасах” і “Тэхнічная катэгорыя” (крэатыўная і вячэрняя прычоскі). Лепшыя вызначаліся па суме балаў.

- Спаборніцтвы былі складанымі як фізічна, так і псіхалагічна, бо праходзілі ў надзвычай хуткім тэмпе. У адзін дзень патрабавалася выканаць тры работы, пераключаючыся з адной намінацыі на другую. На вячэрнюю прычоску, напрыклад, адводзілася ўсяго 25 хвілін. Пры гэтым улічвалася чысціня выканання. Канечне, было вельмі прыемна бачыць адабральную рэакцыю суддзяў на прычоскі, выкананыя Алесей. Журы адзначыла задуму і высокую тэхніку выканання работ дзяўчыны, - расказала трэнер пераможцы М.А.Булдык.

Прызавы фонд конкурсу адпавядаў узроўню спаборніцтваў. Алеся Назарава атрымала ад іх арганізатараў набор якасных прафесійных інструментаў і касметыкі сусветных брэндаў.

Каманда каледжа складалася з 4 чалавек. Аднагрупніца Алесі Вікторыя Чараўко годна выступіла ў намінацыі “Модны вобраз”. М.А.Булдык атрымала дыплом за падрыхтоўку каманды і высокія вынікі на конкурсе. Акрамя таго, тры медалі заваявала мадэль-студэнтка з Брэста Кацярына Кавалёва. Выпускніца каледжа Кацярына Лось, якая сёння працуе цырульнікам у салоне “Афабель”, стала трэцяй у тэхнічнай і моднай катэгорыях.

Трэба адзначыць, што на рахунку Алесі Назаравай шмат узнагарод розных прэстыжных конкурсаў (“Ружа вятроў” у Мінску, “Залаты падснежнік” у Гомелі і інш.).

- Алеся надзвычай таленавітая і працавітая дзяўчына. Упэўнена, што яе імя яшчэ неаднаразова будзе ў ліку пераможцаў на чэмпіянатах свету і Еўропы. Удзел у такіх конкурсах – неабходны этап прафесійнага станаўлення сапраўднага майстра сваёй справы, - адзначыла М.А.Булдык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: