“Крымінальная” прафарыентацыя

3.10.2014
 

Сюжэт гульні заключаўся ў расследаванні крадзяжу, нібыта ўчыненага ў адной з гасцініц Брэста (у бізнес-лэдзі скралі дарагое калье). Для паспяховага выканання задання ўдзельнікам неабходна было як мага хутчэй прайсці некалькі кантрольных кропак з падказкамі. Юныя дэтэктывы выехалі на месца здарэння, дзе апыталі сведкаў і ўзялі доказы.

Падчас гульні школьнікі даведваліся шмат цікавага. Так, на майстар-класе, які правяла эксперт-крыміналіст Ларыса Каняева з упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Брэсцкай вобласці, юныя пінкертоны пазнаёміліся з асаблівасцямі зняцця адбіткаў пальцаў з доказаў (паводле сюжэту гульні злачынец пакінуў адбіткі пальцаў на кілішку). Акрамя таго, школьнікі вучыліся правільна запаўняць пратакол.

Гульнявыя задачы, на здзіўленне арганізатараў, аказаліся для многіх удзельнікаў цяжкаватымі. Так, ніхто не здагадаўся, па матывах якога вядомага мастацкага твора праводзілася гульня (апавяданне Артура Конан-Дойла “Блакітны карбункул”). І гэта нягледзячы на тое, што імёны герояў квесту супадалі з імёнамі персанажаў твора. Толькі адной камандзе ўдалося раскрыць заблытаную справу – затрымаць злачынца і правільна запоўніць выніковы пратакол гульні. Пераможцай стала каманда “Правазнаўцы” з сярэдняй школы № 28.

- Мы вырашылі паказаць школьнікам знутры працоўныя будні следчых, для чаго прапанавалі расследаваць умоўную крымінальную справу, - расказаў намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Андрэй Дулевіч. – Кожная каманда школьнікаў уяўляла сабой следча-аператыўную групу, накшталт той, якая штодзень дзяжурыць у райаддзеле міліцыі. Супрацоўнікі абласнога УУС і раённых аддзелаў унутраных спраў рэгулярна праводзяць прафілактычныя і прафарыентацыйныя заняткі ў класах прававога кірунку. Сёлета было вырашана правесці заняткі ў форме квест-гульні. Упэўнены, што падобныя гульні будуць ладзіцца і надалей, а задачы стануць яшчэ больш закавырыстымі і цікавымі.

Трэба адзначыць, што сёння ў школах Брэстчыны дзейнічаюць больш за 40 прававых класаў. Па выніках сёлетняй уступнай кампаніі 61 прадстаўнік вобласці стаў курсантам Акадэміі МУС Беларусі і Магілёўскага інстытута МУС Беларусі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота прэс-службы УУС Брэсцкага аблвыканкама.

поделиться в: