Ці лёгка быць цяжкім?
19.9.2014Творчае спаборніцтва, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ІРА пры ўдзеле Валынскага абласнога цэнтра сацыяльных службаў для дзяцей, сям’і і моладзі (Украіна) і муніцыпалітэта гміны Дрэлюва (Польшча), праходзіла ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін” па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна” на 2007 – 2013 гады.
- Конкурс, на які было даслана больш за 130 работ, праводзіўся з мэтай прыцягнення ўвагі педагагічнай грамадскасці і бацькоў да праблемы выхавання і стварэння ўмоў для раскрыцця творчых здольнасцей падлеткаў, фарміравання ў іх уяўленняў пра ўласную ролю і жыццёвае прызначэнне ў сучасным грамадстве, развіцця самастойнай арыентацыі дзяцей у новай сацыяльнай сітуацыі, стымулявання творчай дзейнасці школьнікаў і навучэнцаў ПТНУ, а таксама актывізацыі супрацоўніцтва бацькоў і дзяцей. Пры ацэньванні сачыненняў улічваліся іх унікальнасць (самастойнасць выканання), раскрыццё тэмы, лагічнасць, паслядоўнасць і пісьменнасць выкладання, сувязь з асабістым і жыццёвым вопытам. Аўтары работ прыемна парадавалі членаў журы дарослымі разважаннямі, якія грунтаваліся на канкрэтных (найчасцей уласных) жыццёвых прыкладах. Большасць падлеткаў прызналіся, што быць цяжкім надзвычай складана, бо гэта стварае праблемы не толькі самому дзіцяці, але і іншым людзям, - расказала метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Н.М.Янчук.
Пераможцамі конкурсу сталі Настасся Гулікава з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання і Валянціна Верамко з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. На другім месцы – адзінаццацікласнік Леанід Трус з Крошынскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, на трэцім – дзесяцікласніца Таццяна Юсупава з Быценскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна.
Вось якую гісторыю апісала ў сваёй рабоце Настасся Гулікава: “… Я – адзінае дзіця ў сям’і. Маці працуе настаўніцай матэматыкі, тата – вадзіцелем у аўтобусным парку. Усё спачатку было нібыта добра: любячая матуля, клапатлівы бацька… Пачаліся сваркі і скандалы дома, высвятленне адносін паміж бацькамі. Надышла чорная паласа ў маім жыцці. Бацькі пастаянна сварыліся, зусім мяне не заўважалі. Тата пачаў піць. А маці замкнулася ў сабе. Наша сям’я ўжо не была ранейшай.
Штодзень бацька прыводзіў дамоў кампанію “сяброў”, якія сядзелі да ночы, пілі і гучна слухалі музыку. Маці плакала… А мне было страшна і адзінока. Часам я не ела па некалькі дзён: тата быў у запоі, а маці не займалася дамашнімі справамі. Я была кінута на волю лёсу. Нікому да мяне не было справы.
З кожным днём я больш і больш прызвычайвалася да жахлівай сітуацыі дома. Мне станавілася ўсё роўна, хто прыйшоў дамоў, дзе маці, калі легчы спаць. Для мяне ўжо не было ніякіх аўтарытэтаў і абмежаванняў. Я была цалкам прадастаўлена самой сабе.
Я магла суткамі не з’яўляцца дома. Бацькі не хваляваліся. Але не думайце, што я знаходзіла прыстанак у кампаніях алкаголікаў ці наркаманаў. Я проста бязмэтна бадзялася па гарадскіх вуліцах…
Пачаліся пропускі заняткаў у каледжы. Часта званілі аднагрупнікі і куратар групы. Расказаць ім праўду было сорамна. Я хлусіла, што хварэю. Але пастаянна хлусіць немагчыма. У выніку – унутрыкаледжны ўлік. Свет пачаў разбурацца… У галаве круцілася пытанне: “За што? Я ж не наркаманка, не злодзей, не алкагалічка…”. Адміністрацыя каледжа паведаміла пра пастаноўку мяне на ўлік бацькам. Але ім усё роўна…
Становішча ў сям’і не мяняецца. Я не ведаю, як далей жыць і што рабіць. Вінавачу ва ўсім бацьку – разбурыў сям’ю, зламаў жыццё мне і маці.
Аднагрупнікі мяне не разумеюць, бо яны не ведаюць сапраўдную прычыну маіх паводзін. Я стала вельмі замкнёнай, хаця раней была вясёлай і ўпэўненай у сабе…
У мяне з’явіліся новыя сябры. Яны, як і я, нікому не патрэбны, кінуты на волю лёсу… З катэгорыі цяжкіх… І толькі з імі я магу быць шчырай… Усё маё жыццё знаходзіцца пад строгім наглядам педагогаў, інспектараў ІСН і іншых людзей, якія выступаюць у ролі суддзяў і лічаць сваё жыццё правільным.
Я заблыталася ў тым, што правільна, а што не. Калі людзі гавораць гэтыя словы, то вельмі часта супярэчаць самім сабе. Гэта выклікае ў мяне злосць, якая змяняецца сумам. Ніхто ніколі не хацеў мяне зразумець, убачыць, што я ахвяра абставін. Я не магу змяніць сям’ю, не магу знайсці аднадумцаў сярод “добранадзейных” равеснікаў. Спадзяюся, што пасля заканчэння каледжа паступлю ў самы далёкі ўніверсітэт краіны і назаўсёды пакіну родны дом…
Адчуваю сябе ў нейкай яме, з якой не магу выбрацца сама. Часта зрываюся, раблю неабдуманыя ўчынкі. Здаецца, што з кожным днём выбрацца з гэтай ямы ўсё цяжэй і цяжэй…
Ці лёгка быць цяжкай? Цяжкай быць вельмі складана і невыносна. Хачу сказаць равеснікам: “Ніколі не кідайце і не пазбягайце чалавека, які зрабіў памылку і мае патрэбу ў дапамозе. Кожны з нас можа апынуцца ў падобнай сітуацыі…”.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.