Новая школа – абласная маладзёжная будоўля
26.8.2014На ўзвядзенні навучальнай установы, разлічанай на 1120 месцаў, задзейнічаны байцы зводнага студэнцкага будаўнічага атрада імя Героя Савецкага Саюза А.М.Кіжаватава, сфарміраванага ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.
Па ініцыятыве Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ будаўніцтва школы абвешчана абласной маладзёжнай будоўляй. Зводны атрад складаецца з трох лінейных. Усе студэнты маюць будаўнічыя разрады муляраў, бетоншчыкаў і маляроў-тынкоўшчыкаў. Нядаўна да выканання малярна-тынковачных работ прыступіў лінейны атрад з ліку 19 дзяўчат. Мяркуецца, што ў трэцім працоўным семестры праз абласную маладзёжную будоўлю пройдуць каля 150 байцоў студатрадаў.
Школа, будаўніцтва якой ажыццяўляецца за кошт абласнога бюджэту і ацэньваецца амаль у 200 мільярдаў рублёў, узводзіцца па арыгінальным праекце вядомага брэсцкага архітэктара лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерыя Кяскевіча. Будынак навучальнай установы мае нязвыклы выгляд. Вышыня школы вар’іруецца ад двух да чатырох паверхаў. Ва ўстанове будуць тры спартыўныя залы з трыбунамі, два ціры ў падвальных памяшканнях, трэнажорная, харэаграфічная і актавая зала, бібліятэка з чытальняй, 4 кабінеты працоўнага навучання, 10 спецыяльных кабінетаў (6 з іх – лінгафонныя), аранжарэя і сховішча для агародніны. Акрамя таго, у школе створана безбар’ернае асяроддзе. Дзеці-інваліды змогуць карыстацца ліфтам. Пачатковая школа аддзелена ад сярэдніх і старшых класаў. Павышаную асветленасць класных памяшканняў забяспечвае спецыяльная канструкцыя сцен у выглядзе гармоніка.
Адкрыццё школы запланавана да пачатку новага навучальнага года. Студатрадаўцы разам з вопытнымі будаўнікамі заліваюць бетон, кладуць цэглу, тынкуюць і фарбуюць сцены. Нягледзячы на вялікі аб’ём работ і сціслыя тэрміны, студэнты-будаўнікі знаходзяць час для ўдзелу ва ўсіх гарадскіх святах і спартыўных спаборніцтвах. Пасля завяршэння працоўнага семестра для моладзі будзе арганізавана экскурсія на пагранічную заставу “Брэст” імя А.М.Кіжаватава.
- Дзякуючы абласному штабу працоўных спраў летам было працаўладкавана больш за 4 тысячы чалавек, - расказаў першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ В.С.Іваноў. – Моладзь працуе ў складзе сервісных, будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных і экалагічных атрадаў. Індывідуальна працаўладкаваны 912 чалавек. Вынікі працоўнага семестра будуць урачыста падведзены напрыканцы кастрычніка.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.