Здароўе! Адказнасць! Будучыня! Супрацоўніцтва!

15.8.2014
 

Сёлета ў вобласці адбыўся конкурс валанцёрскіх каманд роўнага навучання “Моладзь – за РАЎНАдзеянне!”. У ім удзельнічалі валанцёрскія групы з 26 устаноў адукацыі Брэстчыны. Фестываль стаў фіналам абласнога конкурсу, на які былі запрошаны лепшыя валанцёрскія каманды роўнага навучання з 17 школ Брэсцкай вобласці і валанцёрская каманда з Бабруйска Магілёўскай вобласці.

Фестываль праходзіў на турыстычнай базе “Белае возера”, што ў Брэсцкім раёне. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі абласное ўпраўленне адукацыі і абласны ІРА пры падтрымцы культурна-творчага грамадскага аб’яднання “Калегіум” (Пінск).

У фестывалі ўдзельнічалі падлеткі 14 – 16 гадоў, якія ўжо маюць вопыт трэнінгавай работы з равеснікамі ў сваіх рэгіёнах. У рамках мерапрыемства валанцёры-інструктары роўнага навучання правялі 24 інтэрактыўныя сустрэчы з элементамі трэнінгу на актуальныя для сучаснай моладзі тэмы: прафілактыка ўжывання псіхаактыўных рэчываў і залежнасці ад сацыяльных сетак, рэпрадуктыўнае здароўе і адказныя сексуальныя паводзіны, гендарныя ролі і сямейныя каштоўнасці, эфектыўныя зносіны і бесканфліктныя паводзіны, упэўненасць у сабе і ўменне супраціўляцца ціску равеснікаў у рызыкоўнай для здароўя сітуацыі.

Трэба нагадаць, што навучанне па прынцыпе “роўны – роўнаму” – гэта адукацыйная дзейнасць, якую здольны ажыццяўляць падлеткі ў асяроддзі равеснікаў. Перавага такой формы прафілактычнай работы заключаецца ў тым, што яна інтэрактыўная і арганізуецца ў малых групах, дзе можна пачуць кожнага, дапамагчы кожнаму, заматываваць кожнага з удзельнікаў, пабудзіць да рэфлексіі. Ні для каго не сакрэт, што падлетак пачынае мяняцца і мяняць свае перакананні і адносіны да праблемы толькі тады, калі ствараюцца ўмовы, у якіх ён адчувае значнасць свайго ўдзелу ў працэсе. Інтэрактыўнае навучанне равеснікаў равеснікамі якраз і з’яўляецца тымі самымі ўмовамі.

Унікальнасць прынцыпу “роўны – роўнаму” яшчэ і ў тым, што такая валанцёрская адукацыйная дзейнасць стварае прастору для развіцця не толькі тых, з кім праводзіцца прафілактыка, але і для развіцця тых, хто праводзіць гэтую прафілактычную работу (для саміх падлеткаў-валанцёраў). Равеснік-валанцёр для падлетка з’яўляецца больш аўтарытэтным носьбітам інфармацыі з-за агульнага разумення праблем, а значыць выклікае і больш даверу, чым прадстаўнік дарослага свету. Перавага роўнага навучання сёння для школы відавочная, бо такі падыход у прафілактычнай дзейнасці можа дапоўніць работу настаўнікаў, псіхолагаў, сацыяльных работнікаў і ўрачоў.

Аналізуючы работу валанцёраў-інструктараў падчас правядзення імі інтэрактыўных сустрэч, эксперты адзначалі высокі ўзровень трэнерскага майстэрства падлеткаў, уменне валанцёраў узаемадзейнічаць у пары і

ўсталёўваць кантакт з групай равеснікаў, веданне дзецьмі методыкі правядзення трэнінгу і дастатковае валоданне інфармацыйным матэрыялам па тэме, з якой валанцёры прыходзяць у групы роўных сабе. Падлеткі ў ролі валанцёраў-інструктараў смела бяруць на сябе адказнасць за кожнае слова, сказанае равеснікам, імкнуцца быць мадэллю паводзін для групы роўных сабе па ўзросце.

Важна, што ўсе ўдзельнікі фестывалю адкрыты для зносін і заматываваны на самаадукацыю, набыццё новых уменняў і навыкаў, важных для далейшага асобаснага развіцця. Фестываль дазволіў падлеткам атрымаць новыя веды, уменні і вопыт валанцёрскай дзейнасці ў сістэме “роўны – роўнаму” ў рамках рэалізацыі адукацыйнай праграмы “Абласная школа валанцёра-інструктара”.

На працягу фестывальнага тыдня кожны яго ўдзельнік праходзіў дадатковае інтэрактыўнае навучанне ў адной з 5 адукацыйных секцый-майстэрань, дзе можна было асвоіць такія сучасныя тэхналогіі, як форум-тэатр, сацыяльнае праектаванне валанцёрскай дзейнасці, арганізацыя валанцёрскай акцыі, а таксама на больш кампетэнтнасным узроўні вывучыць тэхналогію правядзення трэнінгу, методыкі інтэрактыўнай работы з гендарнымі групамі. Работа кожнай секцыі-майстэрні будавалася па алгарытме “навучанне – мадэліраванне – прэзентацыя ідэі – рэалізацыя”. Дзякуючы такому дзейнаснаму падыходу ў навучанні, у апошні дзень фестывалю былі праведзены 4 валанцёрскія акцыі, адбыліся прэзентацыі 4 сацыяльных праектаў, паказаны 4 форум-тэатры і праведзены 8 новых інтэрактыўных сустрэч, распрацаваных падлеткамі падчас мерапрыемства.

“Мне падабаецца вучыцца, калі вучуся таму, што мне падабаецца! Новае не прыходзіць само па сабе! Не чакай! Да яго трэба заўсёды ісці насустрач!” – сказаў адзін з удзельнікаў фестывалю на ўручэнні сертыфікатаў аб заканчэнні Абласной школы валанцёраў-інструктараў.

Карысны адпачынак і навучанне на фестывалі ўдала дапаўнялі адно аднаго. Штовечар на праграму вольнага часу ўсіх удзельнікаў запрашалі валанцёрскія каманды з розных рэгіёнаў Брэстчыны. Танцавальны флэш-моб, шоу надзіманых шароў, творчыя конкурсы і спаборніцтвы дазволілі стварыць на фестывалі атмасферу дзяцінства і летніх канікул.

Фестываль аб’яднаў не толькі падлеткаў-валанцёраў, але і педагогаў-кансультантаў роўнага навучання. Трэнінг на камандаўтварэнне “Вяровачны курс” для дарослых, удзел у рабоце Абласной школы валанцёраў-інструктараў у якасці кіраўнікоў секцый-майстэрань, вячэрнія дыскусіі – усё гэта дазволіла педагогам павысіць прафесійны ўзровень, атрымаць новыя ўражанні, пазітыўныя эмоцыі і задавальненне ад зносін. Бо самы галоўны сакрэт паспяховасці развіцця валанцёрскага руху “роўны – роўнаму” – гэта адзінства дарослых і дзяцей, захопленых адной сацыяльна значнай ідэяй.

Алена ДЗМІТРЫЕВА,

метадыст Брэсцкага абласнога ІРА.

поделиться в: