Пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва ў прафілактычнай рабоце з падлеткамі

23.7.2014
 

Мерапрыемствы, арганізатарамі якіх выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ІРА, праходзілі ў рамках міжнароднага праекта “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін” па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна 2007 – 2013”.

Прадстаўнікі муніцыпалітэта гміны Дрэлюва (Польшча), упраўлення адукацыі і навукі Валынскага аблвыканкама (Украіна) і ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама сабраліся ў Косаўскай сярэдняй школе, каб абмеркаваць актуальныя праблемы супрацоўніцтва ў галіне выхаваўчай работы з цяжкімі падлеткамі і ацаніць майстэрства дзіцячых тэатральных калектываў.

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.В.Чоўжык расказала пра сістэму работы па прафілактыцы падлеткавых дэвіяцый у школах вобласці. Гэтая работа ажыццяўляецца ў рамках розных дзяржаўных праграм, заканадаўства і нарматыўных прававых дакументаў органаў мясцовага самакіравання. Актыўна развіваюцца міжведамасныя сувязі. У прафілактычнай рабоце задзейнічаны сем’і, органы кіравання адукацыяй, аховы здароўя, унутраных спраў, апекі і папячыцельства, школы і камітэты па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Работа пабудавана з улікам айчыннага вопыту і практычных вынікаў у галіне прафілактыкі дэвіянтных паводзін, а таксама сучасных патрабаванняў да прэвентыўных мер. Асноўная ўвага ў прафілактычнай дзейнасці ўдзяляецца фарміраванню ў моладзі адказнага стылю жыцця і адказных паводзін, якія вядуць да здароўезберажэння.

- Першачарговай задачай прафілактыкі з’яўляюцца ўмацаванне і развіццё сацыяльных сувязей паміж сям’ёй і школай, распрацоўка мер па своечасовым выяўленні нядобранадзейных сем’яў і папярэджанне асацыяльных паводзін у падлеткавым асяроддзі. Для гэтага праводзяцца розныя мерапрыемствы. Сярод іх важнае месца належыць тым, якія эфектыўна арганізуюць вольны час моладзі, далучаюць яе да карысных заняткаў і працоўнай дзейнасці. Так, падлеткі ва ўзросце 14 – 18 гадоў задзейнічаны ў летніх працоўных аб’яднаннях, вытворчых і рамонтна-будаўнічых брыгадах, атрадах па добраўпарадкаванні. Шмат робіцца па прыцягненні цяжкіх падлеткаў да заняткаў у спартыўных секцыях, творчых калектывах, студыях і клубах, - расказала І.В.Чоўжык.

Ва ўстановах адукацыі вобласці ўкараняюцца аўтарскія прафілактычныя і псіхолага-педагагічныя праграмы і праекты: “Школа без наркотыкаў”, “Прафілактыка праблемы алкагалізму ў сям’і і яе ўплыву на фарміраванне падлетка”, “Жыццё без прысмаку тытуню”, “Лекі ад жыцця, ці

Праўда пра шкоду наркатычных сродкаў”, “Прафілактыка суіцыдальных паводзін: пазаўрочнае суправаджэнне старшакласнікаў”, “Дзіця ў свеце правоў і абавязкаў” і інш. Дзякуючы ім падлеткі ўсведамляюць уласную каштоўнасць і каштоўнасць іншых, удасканальваюць камунікатыўныя навыкі, павышаюць сацыяльную актыўнасць, задавальняюць узроставыя патрэбы ў зносінах, інфармацыі і інш.

З мэтай павышэння эфектыўнасці дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх і пераадоленні сямейнай нядобранадзейнасці, выяўлення і ўкаранення найбольш паспяховых форм і метадаў прафілактычнай работы, прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем умацавання законнасці і правапарадку ў маладзёжным асяроддзі на Брэстчыне праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў (конкурс на лепшы сацыяльны праект па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх, прафілактычныя акцыі “Агні начнога горада”, “Стоп-спайс”, “Прафілактыка і ты”, “Брэстчына без тытуню” і інш.). Вялікую ролю ў фарміраванні цэласнай прафілактычнай прасторы адыгрываюць грамадскія і рэлігійныя арганізацыі. Дзякуючы сістэмнай рабоце зніжаецца колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, вырашаецца праблема дзіцячай безнагляднасці, а прыкметы сямейнай нядобранадзейнасці выяўляюцца на раннім этапе.

Метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы БрАІРА А.Г.Дзмітрыева пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з дзейнасцю Цэнтра сацыяльнай адаптацыі падлеткаў “Знайдзі сябе”, які з мінулага года працуе ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. У цэнтры займаюцца падлеткі ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Заняткі праводзяцца тры разы ў тыдзень. На працягу месяца цэнтр наведваюць 8 – 10 груп па 12 – 15 чалавек кожная.

У цэнтры пабывалі ўжо каля 860 падлеткаў. Праведзена больш за 270 інтэрактыўных сустрэч, у тым ліку 8 заняткаў па тэхналогіі форум-тэатра і 24 прафарыентацыйныя заняткі. Распрацавана метадычнае забеспячэнне па 6 тэматычных напрамках.

З дзецьмі працуюць два псіхолагі. Усе заняткі праводзяцца ў інтэрактыўнай форме ў выглядзе трэнінгу. Гэта дапамагае схіліць падлеткаў да зносін, стварыць эмацыянальна камфортную атмасферу ў групе. Першыя заняткі носяць азнаямленчы характар і накіраваны на ўсталяванне кантакту з падлеткамі. Наступныя тэмы сустрэч выбіраюцца з улікам пажаданняў дзяцей. Падлеткі самі гавораць пра тое, чаму хацелі б навучыцца, пра што гатовы весці дыялог, якія праблемы ім найбольш блізкія на сённяшні дзень.

Адукацыйная праграма цэнтра складаецца з некалькіх тэматычных раздзелаў, арыентаваных на інтарэсы і запыты сучасных падлеткаў. Першы раздзел “Я пазнаю сябе і іншых” уяўляе сабой цыкл інтэрактыўных заняткаў, якія дапамагаюць падлетку спазнаць сябе, вывучыць свой эмацыянальны свет, разабрацца ў сабе як у асобе. На такіх сустрэчах дзеці атрымліваюць не толькі элементарныя веды па псіхалогіі падлеткавага ўзросту, але і

займаюцца самадыягностыкай, выконваюць дыягностыка-развіццёвыя практыкаванні.

Наступны раздзел – “Псіхалогія супрацоўніцтва”. Гэта серыя трэнінгавых заняткаў на камандаўтварэнне. Падчас сустрэч падлеткі знаёмяцца з формамі і стылямі зносін, асвойваюць вербальныя і невербальныя прыёмы эфектыўнай камунікацыі, набываюць навыкі бесканфліктных зносін, калектыўнай работы і супрацоўніцтва праз мадэліраванне і аналіз розных сітуацый.

Надзвычай запатрабаваны ў падлеткаў заняткі, звязаныя з прафесійным самавызначэннем. Цыкл тэматычных заняткаў прадугледжвае не толькі вывучэнне псіхалагічных перадумоў да выбару прафесіі, але і дапамагае разабрацца ў сваіх жыццёвых мэтах. На занятках вядзецца гаворка пра тое, як правільна выбраць прафесію і якія памылкі прыводзяць да няправільнага прафесійнага самавызначэння. Псіхолагі фарміруюць у падлеткаў уяўленне пра прафесіі, запатрабаваныя на сучасным рынку працы. Дзецям прапануюцца розныя прафарыентацыйныя дзелавыя і арганізацыйна-дзейнасныя гульні.

Цыкл інтэрактыўных сустрэч “Здаровы падлетак – здаровая нацыя” цесна звязаны з прафілактыкай правапарушэнняў, паколькі ў многіх падлеткаў першы канфлікт з законам, як правіла, адбываецца з-за ўжывання алкаголю, курэння тытуню і іншых курыльных сумесей. Падчас заняткаў, прысвечаных праблемам здароўя, псіхолагі размаўляюць з дзецьмі пра прафілактыку ВІЧ-інфекцыі, курэння, ужывання алкаголю і іншых псіхаактыўных рэчываў, рэпрадуктыўнае здароўе і адказныя сексуальныя паводзіны. Большасць сустрэч ладзіцца па прынцыпе “роўны навучае роўнага” з удзелам валанцёраў-інструктараў з ліку равеснікаў.

Цыкл пазнавальных сустрэч “Мае правы і абавязкі” накіраваны на фарміраванне прававой культуры падлеткаў. Заняткі пачынаюцца з вывучэння правоў дзіцяці ў Беларусі праз розныя навучальныя гульні і практыкаванні. Затым падлеткі знаёмяцца з адміністрацыйным і крымінальным правам. Акцэнт робіцца не на запужванні і крымінальнай адказнасці, а на адказнасці перад самім сабой і сваімі блізкімі.

З цягам часу ў цэнтры ўзніклі дзве ініцыятыўныя групы падлеткаў. Так, малая акцёрская каманда дапамагае ў арганізацыі інтэрактыўных сустрэч па тэхналогіі форум-тэатра. Падлеткі не толькі пішуць сцэнарыі спектакляў, але і вызначаюць праблемнае поле кожнага з іх.

Сёння дзеці праз форум-тэатр гатовы разважаць і спрачацца на розныя тэмы: як вырашыць праблемы дзіцяча-бацькоўскіх адносін, як супрацьстаяць негатыўнаму ціску равеснікаў, як не стаць ахвярай падлеткавага булінгу, як распазнаць рызыкоўную сітуацыю і не аказацца яе заложнікам. Юныя акцёры вучацца не толькі пераканаўча ўваходзіць у вобразы пэўных герояў, але і весці дыялог з гледачамі. Важна, што на сустрэчы ў цэнтр пачалі прыходзіць і бацькі дзяцей.

Другая ініцыятыўная група цэнтра аб’ядноўвае валанцёраў-інструктараў роўнага навучання. Перавага прафілактычнай работы па

прынцыпе “роўны навучае роўнага” заключаецца ў тым, што яна інтэрактыўная і арганізуецца ў малых групах, дзе можна пачуць і зматываваць кожнага, дапамагчы кожнаму і пабудзіць да рэфлексіі.

У пачатку работы цэнтра была сфарміравана каманда падлеткаў, якія не толькі хацелі быць карыснымі равеснікам, але і былі гатовы вучыцца гэтаму. Будучыя валанцёры на працягу двух месяцаў асвойвалі методыку правядзення трэнінгу, знаёміліся з прынцыпамі нефармальнай адукацыі, вывучалі інфармацыю па розных праблемах здароўя моладзі. Сёння валанцёры не толькі праводзяць трэнінгавыя сустрэчы з равеснікамі ў цэнтры, але і выязджаюць ва ўстановы адукацыі Брэста, супрацоўнічаюць з Кобрынскай дзіцячай вёскай, дзе ладзяць розныя творчыя майстэрні.

Вясной выхаванцы цэнтра прынялі ўдзел у міжрэгіянальнай сустрэчы падлеткавых клубаў. Падчас яе адбылася дыскусія пра ролю і запатрабаванасць падобных цэнтраў у моладзі. Прыемна было пачуць ад падлеткаў, што ў цэнтры яны “адчуваюць сябе дарослымі і самастойнымі людзьмі”, “могуць стасавацца з усімі на роўных, выказваць уласны пункт погляду”, “знаходзяць новых сяброў”. Школьнікі прызнаваліся, што дзякуючы заняткам сталі менш агрэсіўнымі, кінулі курыць, менш спрачаюцца з бацькамі, навучыліся пазбягаць канфліктаў, слухаць іншых і інш. Многія плануюць наведваць цэнтр і надалей, у тым ліку і з сябрамі. Гэта сведчыць пра тое, што ў цэнтра ёсць будучыня.

Метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы БрАІРА Н.М.Янчук падзялілася вопытам работы з дэвіянтнымі падлеткамі ў Школе хуткага рэагавання. Школа – гэта цыкл заняткаў, накіраваных на папярэджанне пажаранебяспечных сітуацый. Праз актыўнае далучэнне цяжкіх падлеткаў да сацыяльна значнай дзейнасці супрацоўнікі МНС дапамагаюць школам вырашаць шэраг пытанняў прафілактычнага характару.

Праграма школы распрацавана з мэтай стварэння ўмоў для вывучэння асноў бяспечнай жыццядзейнасці і фарміравання навыкаў бяспечных паводзін у экстрэмальных сітуацыях. Праграму рэалізуюць цэнтр прапаганды і навучання пры Брэсцкім абласным упраўленні МНС і вучэбна-метадычны цэнтр ідэалагічнай і выхаваўчай работы БрАІРА. Заняткі школы накіраваны на тое, каб сфарміраваць у дзяцей агульнае ўяўленне пра прычыны катастроф і іх наступствы, навучыць падлеткаў асновам аказання першай медыцынскай дапамогі і далучыць іх да валанцёрскага руху ратавальнікаў-пажарных.

Праграма школы разлічана на 20 гадзін. Заняткі праводзяцца супрацоўнікамі цэнтра прапаганды і навучання пры Брэсцкім абласным упраўленні МНС і складаюцца з двух блокаў – тэарэтычнага і практычнага. Пасля навучання з ліку падлеткаў фарміруюцца валанцёрскія групы, якія працуюць з выхаванцамі дзіцячых садкоў і малодшымі школьнікамі.

На думку супрацоўнікаў МНС, заняткі з цяжкімі падлеткамі станоўча ўплываюць на прафілактыку пажаранебяспечных сітуацый. Важна, што з юнакамі займаюцца мужчыны, якія з’яўляюцца для іх станоўчым прыкладам.

Атрыманыя веды падлеткі прымянялі падчас спаборніцтваў у дзіцячым міжнародным летніку “Падлетак”, які дзейнічаў у чэрвені ў Польшчы.

Апытанне педагогаў і вучняў паказвае, што сёння многія з іх гатовы працаваць па праграме Школы хуткага рэагавання.

Надзвычай змястоўнымі былі выступленні і іншых метадыстаў вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы БрАІРА. С.Г.Корбут засяродзіла ўвагу на метадычным суправаджэнні работы класных кіраўнікоў па арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння з бацькамі, а Л.І.Мемех вяла гаворку пра фарміраванне прафесійных кампетэнцый у педагогаў для работы ў галіне прафілактыкі дэвіяцый і ўдзел падлеткаў у творчых конкурсах.

Цікава было паслухаць і замежных гасцей. Так, дацэнт кафедры практычнай псіхалогіі і бяспекі жыццядзейнасці факультэта псіхалогіі Усходнееўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі, кандыдат педагагічных навук А.П.Мельнік падзяліўся вопытам укаранення навуковых распрацовак у галіне прафілактыкі і псіхолага-сацыяльнага суправаджэння падлеткаў з дэвіяцыямі, а дырэктар школы ў Додзі гміны Дрэлюва Гжэгаж Міхальчук расказаў пра міжведамаснае ўзаемадзеянне і грамадскія ініцыятывы ў прафілактыцы дэвіянтных паводзін падлеткаў.

Удзельнікі канферэнцыі падпісалі пагадненне аб стварэнні міжнароднага педагагічнага таварыства спецыялістаў-практыкаў па рабоце з падлеткамі, заклалі на тэрыторыі Косаўскай сярэдняй школы алею дружбы і наведалі музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. Лепшых у міжнародным конкурсе тэатральных пастановак вырашылі не вызначаць – пераможаных у сяброўстве не бывае.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: