Няма сістэмнай работы – няма і выніку

22.7.2014
 

Дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук расказала, што ў вобласці сёння дзейнічаюць 611 класаў інтэграванага навучання і выхавання. Іх наведваюць 976 дзяцей з АПФР (45 з іх пражываюць у нядобранадзейных сем’ях). У школах-інтэрнатах знаходзіцца 1004 дзіцяці, 223 з іх – сіроты, 43 – з нядобранадзейных сем’яў. Права выбару ўстановы і формы арганізацыі адукацыйнага працэсу для “асаблівых” вучняў застаецца за іх бацькамі. Сёння аднолькава запатрабаваны як школы-інтэрнаты, так і інтэграванае навучанне. Спецыялісты ЦКРНіР тлумачаць бацькам станоўчыя моманты і аб’ектыўныя цяжкасці пры арганізацыі розных форм адукацыйнага працэсу і дапамагаюць выбраць найбольш эфектыўную для іх дзіцяці ў канкрэтнай сітуацыі.

Па словах Т.В.Жук, паспяховасць арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання залежыць ад падрыхтаванасці да яго ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Падбор педагогаў – абавязковая ўмова пры арганізацыі інтэграцыі. Сёння ў інтэграваных класах працуюць 170 настаўнікаў-дэфектолагаў (77% ад існуючай патрэбы ў кваліфікаваных кадрах).

Аналіз дзейнасці школ і дзіцячых садкоў паказвае, што камплектаванне інтэграваных класаў і груп у большасці з іх не адпавядае неабходным патрабаванням. Існуюць праблемы са зместам і правільным афармленнем вучэбных планаў у такіх класах і групах. Не ва ўсіх школах створана адаптыўная прастора для вучняў з АПФР. Даволі часта кабінеты настаўнікаў-дэфектолагаў сумяшчаюцца з кабінетамі пачатковых класаў.

Адным з важных складнікаў якасці арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання “асаблівых” дзяцей з’яўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне. Для гэтага ствараюцца спецыяльныя групы з ліку педагогаў ЦКРНіР, настаўнікаў інтэграваных класаў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў і адміністрыцыі школы. Групы праводзяць мэтанакіраваную работу па фарміраванні пазітыўнай грамадскай думкі ў адносінах да дзяцей з АПФР. З мэтай паспяховай сацыялізацыі “асаблівых” выпускнікоў ва ўстановах арганізавана іх патранатнае суправаджэнне.

Усе ўстановы адукацыі актыўна ўзаемадзейнічаюць з ЦКРНіР. Іх спецыялісты ўдзельнічаюць у пасяджэннях груп псіхолага-педагагічнага суправаджэння, аказваюць неабходную кансультацыйную і метадычную дапамогу адміністрацыі ўстаноў і педагогам, якія працуюць у інтэграваных класах і групах, па пытаннях распрацоўкі вучэбных планаў, афармлення дакументацыі, выкарыстання актыўных форм і метадаў навучання.

Улічваючы вялікі аб’ём работы спецыялістаў ЦКРНіР, мэтазгодна ўвесці ў іх штат стаўку метадыста па спецыяльнай адукацыі (інтэграваным навучанні).

- Цяжкасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах інтэграцыі і недастатковая арганізацыйна-метадычная дапамога з боку аддзелаў адукацыі, спорту і турызму вядуць да змяншэння колькасці інтэграваных класаў у вобласці. Змяншэнне іх колькасці адбываецца таксама з-за іх павышанай камплектацыі, што значна пагаршае якасць адукацыі і ўмовы працы спецыялістаў. Неабходна накіроўваць максімум намаганняў на развіццё інклюзіўных напрамкаў у адукацыі, у тым ліку праз фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з АПФР ва ўмовах інтэграцыі і прывядзенне адукацыйнага інтэграванага працэсу ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам, - падагуліла Т.В.Жук.

Начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі П.І.Валынец (на момант выхаду газеты – намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама) расказаў, што падрыхтоўка алімпіяднікаў у рэгіёнах вобласці ажыццяўляецца праз работу міжшкольных прадметных факультатываў, індывідуальнае кансультаванне вучняў, вучэбна-трэніровачныя зборы, дзейнасць профільных аздараўленчых летнікаў, удзел у розных дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах. Значную работу па арганізацыі вучэбных збораў праводзяць у Баранавічах, Пінску, Брэсце і Лунінецкім раёне. Патэнцыял профільных летнікаў добра выкарыстоўваюць у Баранавічах, Пінскім і Драгічынскім раёнах. Да работы з алімпіяднікамі актыўна прыцягваюцца выкладчыкі УВА ў Брэсце, Баранавічах і Лунінецкім раёне.

Акрамя прадметных алімпіяд, школьнікі ўдзельнічаюць у алімпіядзе Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, рэгіянальных алімпіядах па пытаннях здаровага ладу жыцця, асновах прававых ведаў і фінансавай дасведчанасці.

Значную работу ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў праводзіць Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава. Летась ва ўстанове тройчы працавалі профільныя летнікі. У 2012 годзе на базе ліцэя быў створаны рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы вучняў вобласці да рэспубліканскай і міжнароднай алімпіяд. Заняткі праводзяцца для 8 – 11 класаў па 13 прадметах. У рабоце цэнтра актыўна ўдзельнічаюць выкладчыкі УВА.

На базе ліцэяў і гімназій Брэста, Баранавіч, Пінска, Ганцавіч, Жабінкі, Драгічына, Іванава, Івацэвіч, Камянца, Лунінца, Ляхавіч, Століна і Белаазёрска Бярозаўскага раёна працуюць кансультацыйныя пункты (рэсурсныя цэнтры) па рабоце з адоранымі вучнямі. Выкладчыкі УВА вобласці (БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, БарДУ і ПалесДУ) прымаюць актыўны ўдзел у вучэбных зборах, дзейнасці рэсурсных цэнтраў і профільных летнікаў, рабоце журы і распрацоўцы алімпіядных заданняў. На базе лабараторый “пушкінскага” ўніверсітэта праводзяцца эксперыментальныя заняткі па біялогіі, хіміі і фізіцы. Акрамя таго, выкладчыкі УВА працуюць з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі на базе філіялаў кафедр ва ўстановах адукацыі вобласці і ў рамках школ юных

матэматыкаў, фізікаў, археолагаў, архівістаў, краязнаўцаў, біёлагаў, географаў, рэлігіязнаўцаў і псіхолагаў.

У сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе прадстаўнікі Брэстчыны заваявалі 58 дыпломаў (у 2009-м – 61, у 2010-м – 53, у 2011-м і 2012-м – па 68, у 2013-м – 56). Большасць пераможцаў вучацца ў гімназіях і ліцэях. Традыцыйна сярод уладальнікаў дыпломаў шмат вучняў Брэста, Баранавіч і Пінска. Знізілася выніковасць удзелу ў алімпіядным руху ў прадстаўнікоў Драгічынскага, Камянецкага, Жабінкаўскага, Маларыцкага, Пінскага, Кобрынскага і Лунінецкага раёнаў. За апошнія два гады ніводнага “рэспубліканскага” дыплома не атрымалі вучні Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і Ляхавіцкага раёна. На жаль, і не ўсе гімназіі паказваюць станоўчыя вынікі. Так, на працягу некалькіх гадоў няма сярод пераможцаў заключнага этапу алімпіяды вучняў гімназіі Ганцавіч, Століна, Ляхавіч, Драгічына, Камянца, Пружан, Іванава і гімназій №№ 3 і 4 Брэста.

Найлепшую падрыхтоўку брэсцкая каманда паказвае па рускай і беларускай мове і літаратуры, англійскай, нямецкай і французскай мовах, гісторыі, а найгоршую – па фізіцы, матэматыцы, працоўным навучанні, хіміі, геаграфіі і іспанскай мове.

П.І.Валынец канстатаваў, што, нягледзячы на розныя меры па паляпшэнні выніковасці алімпіяднай работы, сітуацыя кардынальна не мяняецца ўжо на працягу доўгага часу. З году ў год Брэстчына займае апошняе месца па колькасці дыпломаў сярод іншых рэгіёнаў краіны.

На думку П.І.Валынца, гэта звязана з недапрацоўкай рэгіёнаў, Брэсцкага абласнога ІРА і адсутнасцю комплекснай сістэмы падрыхтоўкі адораных вучняў ад школьнага да абласнога ўзроўню. Сур’ёзныя нараканні выклікае эфектыўнасць алімпіяднай падрыхтоўкі ў раёнах, асабліва тых, якія былі прадстаўлены на заключным этапе алімпіяды найбольш масава. Дзіўна, калі, скажам, з 20 прадстаўнікоў рэгіёна дыпломы атрымліваюць толькі 5.

Калі прааналізаваць сітуацыю, становіцца зразумела, чаму так адбываецца. Так, вучэбна-трэніровачныя зборы да абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды не праводзіліся ў Баранавіцкім, Бярозаўскім і Ганцавіцкім раёнах, профільных летнікаў не было ў Баранавіцкім і Кобрынскім раёнах, у дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах не ўдзельнічалі прадстаўнікі Баранавіцкага, Бярозаўскага, Маларыцкага і Пружанскага раёнаў, не прыцягвалі да работы з алімпіяднікамі выкладчыкаў УВА ў Ганцавіцкім, Драгічынскім, Івацэвіцкім, Камянецкім і Пружанскім раёнах.

Прадстаўнікі рэгіёнаў прапануюць праводзіць больш семінараў-практыкумаў для педагогаў па падрыхтоўцы да алімпіяд з запрашэннем аўтараў алімпіядных заданняў і выкладчыкаў УВА. Неабходна іх дапамога і ў рабоце з дзецьмі па практычным рашэнні алімпіядных заданняў. Варта праводзіць абласныя алімпіяды і для вучняў 4 – 9 класаў.

- Інстытут развіцця адукацыі павінен быць каардынатарам работы з адоранымі дзецьмі пры падрыхтоўцы іх да алімпіяд і з педагогамі, якія з імі займаюцца, - лічыць П.І.Валынец. – Неабходна дасканала прадумваць формы работы, якія могуць быць выкарыстаны на працягу ўсяго навучальнага года, у тым ліку з прыцягненнем таленавітых настаўнікаў-алімпіяднікаў. Заняткі з вучнямі павінны мець сістэмны, а не эпізадычны/кансультацыйны характар.

- Ускладаць віну за ўпушчэнні ў алімпіяднай рабоце на абласны інстытут развіцця адукацыі няправільна, - адзначыў першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі. – Метадысты інстытута займаюцца падрыхтоўкай праграмных матэрыялаў да алімпіяд па ўсіх прадметах, ладзяць вучэбна-трэніровачныя зборы. Праблема не ў недастатковай рабоце інстытута, а ў базавай падрыхтоўцы дзяцей па месцы навучання. Гэта патрабуе развіцця алімпіяднага руху сярод малодшых школьнікаў. Выніку няма таму, што адсутнічае сістэмная работа ўсіх зацікаўленых асоб на кожным з этапаў падрыхтоўкі алімпіяднікаў.

На праблемах узаемадзеяння школ, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, абласнога ІРА і УВА засяродзіла ўвагу рэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна Г.М.Сендзер. Па словах Ганны Мікалаеўны, універсітэцкія выкладчыкі ахвотна дапамагаюць у алімпіяднай рабоце з вучнямі. На жаль, патэнцыял БрДУ не выкарыстоўваецца належным чынам у шэрагу рэгіёнаў вобласці.

- Будзем спадзявацца, што ў перспектыве, няхай і аддаленай, сітуацыя з нізкай выніковасцю алімпіяднага руху на Брэстчыне зменіцца ў лепшы бок, - падагуліў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: