“Прыбужскае” лета для цяжкіх падлеткаў

7.7.2014
 

Лагер дзейнічае на працягу ўжо 10 гадоў. У ім аздараўліваюцца дзеці, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку і ўліку ў ІСН, і дзеці з нядобранадзейных сем’яў. Па выніках мінулагодняй летняй аздараўленчай кампаніі калектыў вайсковай часці быў узнагароджаны ганаровай граматай Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

На працягу чэрвеня ў лагеры дзейнічаюць дзве дзевяцідзённыя профільныя змены. За час знаходжання ў летніку азы армейскай навукі і салдацкага побыту спасцігнуць 60 цяжкіх падлеткаў ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў са школ Брэсцкага раёна.

Нязменны начальнік лагера А.Я.Шумовіч гаворыць, што сумаваць дзецям не даводзіцца. Кожнаму знаходзіцца цікавы і карысны занятак.

- Вельмі важна, што падчас знаходжання ў летніку ў юнакоў ёсць з каго браць прыклад, - адзначае А.Я.Шумовіч. – Падлеткі штодзень кантактуюць не толькі з салдатамі тэрміновай службы, але і афіцэрамі. Вучацца ў іх дысцыплінаванасці, адказнасці і мужнасці. Адметна, што некаторыя школьнікі прыязджаюць у лагер штогод.

Падлеткі жывуць у казармах ці палатках. За 9 дзён праходзяць міні-курс маладога байца. Распарадак дня нічым не адрозніваецца ад армейскага (пад’ём а сёмай гадзіне), але ёсць і экскурсіі, і спартыўныя мерапрыемствы. Лагер цесна ўзаемадзейнічае з супрацоўнікамі МНС, якія з’яўляюцца яго частымі гасцямі.

- Мы размаўляем з юнакамі, як з дарослымі, - гаворыць А.Я.Шумовіч. – Імкнёмся, каб яны былі ўвесь час чымсьці заняты. Дзеці могуць глядзець тэлевізар, карыстацца спартыўным інвентаром, займацца ў гімнастычным гарадку. Многія з цікавасцю спасцігаюць вайсковы побыт. З задавальненнем дапамагаюць салдатам прыбіраць тэрыторыю часці. Вельмі важна навучыць падлеткаў працаваць у калектыве.

У лагеры падлеткі атрымліваюць першапачатковыя навыкі па некаторых прадметах агульнавайсковай падрыхтоўкі, абароне ад зброі масавага паражэння (вучацца апранаць процівагаз і агульнавайсковы ахоўны камплект), знаёмяцца з асноўнымі элементамі зенітна-ракетнага комплексу С-300 і інш.

Па словах А.Я.Шумовіча, прафесійнага трэнера, чэмпіёна свету ў рыўку па гіравым спорце, з цяжкімі падлеткамі працаваць нават цікавей, чым з іншымі. Гэтыя падлеткі больш актыўныя і энергічныя. Для супрацоўнікаў летніка яны звычайныя хлапчукі, з якімі трэба займацца, якім неабходна ўдзяляць шмат увагі і якіх варта ўспрымаць як роўных. А яшчэ – паказваць ім

добры прыклад. Канечне, чакаць імгненных вынікаў ад работы нельга. Выхаванне – працэс працяглы і патрабуе ад дарослых шмат цярпення. Але з цягам часу, упэўнены А.Я.Шумовіч, работа прыносіць плён. А ўсё таму, што да кожнага падлетка асабісты падыход.

***

У летні перыяд на тэрыторыі Брэстчыны будуць працаваць больш за 30 палатачных лагераў з кругласутачным знаходжаннем. Акрамя вайсковых часцей, такія летнікі створаны і на базе пагранічных застаў. Актыўную дапамогу ў арганізацыі палатачных і профільных лагераў з дзённым знаходжаннем аказваюць абласныя ўпраўленні ўнутраных спраў і МНС. Як правіла, такія летнікі працуюць па трох напрамках – ваенна-патрыятычным, спартыўна-патрыятычным і абаронна-спартыўным.

Сёлета на Брэстчыне будуць функцыянаваць больш за 800 аздараўленчых лагераў з кругласутачным і дзённым знаходжаннем. У іх плануецца аздаравіць каля 60 тысяч дзяцей (з іх каля 20,5 тысячы – у летніках з кругласутачным знаходжаннем).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота Алены ГАРМЕЛЬ.

поделиться в: