За крок ад перамогі

1.7.2014
 

Да гэтага выніку юіраўцы ішлі доўга. Дагэтуль гімназісты неаднаразова станавіліся другімі ў абласных спаборніцтвах. Доўгі час не ўдавалася перамагчы шматгадовага лідара – каманду Збуражскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Маларыцкага раёна. Але сёлета ўдача нарэшце ўсміхнулася гімназістам, якія ў выніку прадстаўлялі Брэстчыну на рэспубліканскім злёце.

Падрыхтоўкай юіраўцаў займалася сапраўдны прафесіянал і фанат сваёй справы, настаўніца матэматыкі І.І.Радзівончык. Цікавасць да юіраўскага руху ў педагога сфарміравалася яшчэ ў школьныя гады дзякуючы бацьку І.В.Наўросю, сённяшняму дырэктару Збуражскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, чыя каманда юных інспектараў дарожнага руху на працягу доўгага часу была бясспрэчным лідарам у вобласці. Менавіта Іван Васільевіч навучыў дачку ўсяму, што яна сёння шчодра перадае сваім выхаванцам. Будучы вучаніцай, Ірына Іванаўна ўзначальвала школьны атрад і натхнёна змагалася за кубкі і дыпломы. Пэўна, педагог ніколі не ўяўляла, што калі-небудзь стане кіраўніком уласнай каманды, якая будзе спаборнічаць з вопытнай камандай бацькі. Падчас напружанай барацьбы на абласным злёце юіраўцаў выхаванцы І.І.Радзівончык абышлі прадстаўнікоў Збуражскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Маларыцкага раёна і сярэдняй школы вёскі Вялікія Матыкалы Брэсцкага раёна.

На рэспубліканскім злёце брэстаўчане прэзентавалі відэаролік пра свой атрад, паказвалі агітацыйна-мастацкае выступленне, спаборнічалі ў конкурсах па выяўленні самага ўважлівага ўдзельніка дарожнага руху і фігурным ваджэнні веласіпеда. У двух выпрабаваннях брэсцкай камандзе не было роўных.

Юіраўцы спадзяюцца, што галоўная перамога яшчэ наперадзе. І яна абавязкова будзе, калі ўлічыць, што падрыхтоўкай каманды займаецца такі вопытны і неабыякавы педагог, як І.І.Радзівончык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: атрад юіраўцаў гімназіі № 2 Брэста.

Фота Яўгена АДАЕВА.

поделиться в: