Прэміі аблвыканкама – лепшым вучням і педагогам

11.6.2014
 

- Адукацыя з’яўляецца адной з ключавых сфер нашага жыцця, - адзначыў К.А.Сумар у пачатку святочнага мерапрыемства, якое праходзіла ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. – Якасць адукацыі вызначае стан эканомікі, узровень навукі, культуры і духоўнасці нацыі. Нездарма на нядаўняй сустрэчы з моладдзю Прэзідэнт Беларусі назваў высокі ўзровень адукацыі і творчы патэнцыял асобы важнейшымі каштоўнасцямі для краіны. Кожны з нас уносіць важкі ўклад у фарміраванне гэтых каштоўнасцей – працавітасцю, мэтанакіраванасцю і талентам.

Актыўная і таленавітая моладзь – не толькі наш гонар, але і надзея на тое, што заўтрашні дзень Брэстчыны будуць вызначаць сапраўдныя патрыёты і добрыя спецыялісты, здольныя захаваць і значна павялічыць патэнцыял роднай зямлі. Задача ўлады заключаецца ў тым, каб ствараць максімальна камфортныя ўмовы для самарэалізацыі моладзі і ўсяляк падтрымліваць яе поспехі і дасягненні.

Адной з такіх мер з’яўляецца ўзнагароджанне лепшых вучняў і настаўнікаў прэміямі і стыпендыямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. За час дзейнасці фонду з 1996 года больш за 22 тысячы таленавітых беларусаў сталі яго стыпендыятамі. Больш за 3 тысячы з іх маюць прапіску на Брэстчыне.

З 2006 года да гэтай прэстыжнай узнагароды дадаліся і прэміі аблвыканкама, якімі сёння адзначаны больш за 800 вучняў і педагогаў вобласці. Штогод па выніках навучальнага года лепшыя дзеці і настаўнікі атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды.

- Дасягненню вучэбных поспехаў заўсёды папярэднічаюць вялікая і карпатлівая праца, вытрымка, цярпенне і настойлівасць, - заўважыў К.А.Сумар. – Не кожнаму такое па сілах. Радуе, што моладзь Брэстчыны не баіцца цяжкасцей і вучыцца годна іх пераадольваць.

Сёлета прадстаўнікі зборных каманд школьнікаў вобласці заваявалі на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 58 дыпломаў. Прыемна, што менавіта брэсцкая каманда па рускай мове і літаратуры заняла першае месца ў краіне. Дзесяцікласніца Марыя Басалай з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста стала абсалютнай пераможцай сёлетняй “рускамоўнай” алімпіяды.

Вынікова выступаюць вучні Брэстчыны і на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Так, выпускнік сярэдняй школы № 2 Камянца Максім Ліцкевіч атрымаў сярэбраны медаль на 44-й Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы ў Даніі, Хрысціна Неўдах з ліцэя Лунінца прывезла залаты медаль з Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў у Азербайджане. На рахунку каманды вобласці 5 дыпломаў, заваяваных на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы ў лістападзе мінулага года.

Па-ранейшаму найбольш паспяховую падрыхтоўку да алімпіяд вядуць гімназіі і ліцэі. Сярод іх варта вылучыць гімназію № 1 Баранавіч, гімназію № 1 і ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста.

К.А.Сумар выказаў падзяку настаўнікам, якія з году ў год дапамагаюць сваім выхаванцам адольваць складаныя вяршыні ведаў. Гэта: настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ірына Аляксандраўна Борздая з гімназіі № 1 Баранавіч і Іна Мікалаеўна Валяева з сярэдняй школы № 7 Баранавіч, настаўніца біялогіі Алена Ягораўна Градоўкіна з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўніца англійскай мовы Наталля Іванаўна Жарыкава з ліцэя № 1 Баранавіч, настаўнік фізікі і астраноміі Уладзімір Уладзіміравіч Зылевіч з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна, настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з сярэдняй школы № 2 Камянца і многія-многія іншыя.

- Мы ўдзячны вам, паважаныя педагогі, за тое, што вы сваёй нястомнай працай, забываючы пра стомленасць і асабістыя справы, адкрываеце ў выхаванцах новыя грані іх таленту і дапамагаеце знайсці правільны шлях да будучай прафесіі ў жыцці, - адзначыў старшыня аблвыканкама. – Асобнай падзякі варты бацькі, якія вырасцілі і выхавалі цудоўных і таленавітых дзяцей. Перамогі вашых дзяцей – наша агульная радасць.

К.А.Сумар пажадаў выпускнікам годна прайсці ўсе выпрабаванні, моцнага здароўя, поспехаў, шанцавання і ўпэўненасці ў сваіх сілах.

- Няхай выбар прафесіі, зроблены вамі, будзе правільным і стане яшчэ адной прыступкай у рэалізацыі вашых здольнасцей і магчымасцей. Настойліва ідзіце да мэты і не бойцеся цяжкасцей. Няхай у вас будзе менш расчараванняў і параз і больш – энергіі і сіл для таго, каб зрабіць свет лепшым, а Беларусь прыгажэйшай і багацейшай, - падагуліў кіраўнік Брэстчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: