Павышаць унутрышкольны кантроль за дзейнасцю харчаблокаў

6.6.2014
 

- Праграма развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Беларусі на 2009 – 2014 гады накіравана на развіццё даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з сацыяльнымі запытамі грамадства і дзяржавы, - адзначыла галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі Н.Д.Шамовіч. – Дашкольнай адукацыяй у вобласці ахоплена амаль 94% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. Дзіцячыя садкі наведвае каля 61,5 тысячы дашкольнікаў.

Летась у Баранавічах, Іванаве і вёсцы Рамель Столінскага раёна адкрыліся новыя дашкольныя ўстановы. У Бярозе на базе былога сацыяльнага прытулку адкрыўся яслі-сад. Працягваецца работа па аптымізацыі сеткі дашкольных устаноў.

Па-ранейшаму праблемным застаецца пытанне, звязанае з уладкаваннем дзяцей у садкі Пінска, Брэста, Брэсцкага, Маларыцкага, Жабінкаўскага і Столінскага раёнаў. Гэта тлумачыцца несвоечасовым і недастатковым увядзеннем дашкольных устаноў у жылых забудовах. На дэфіцыт месцаў у садках уплывае і павелічэнне нараджальнасці.

Н.Д.Шамовіч лічыць, што часткова зняць праблему можа перавод дзяцей, якія нерэгулярна наведваюць дашкольную ўстанову, на гнуткі рэжым кароткачасовага знаходжання ў групе. Для гэтага варта актывізаваць тлумачальную работу з бацькамі. Надзвычай актуальным пытаннем з’яўляецца стварэнне прыватных дашкольных устаноў і адкрыццё груп на першых паверхах жылых дамоў. На жаль, работа ў гэтым напрамку ідзе пакуль безвынікова.

З мэтай павышэння якасці дашкольнай адукацыі развіваецца сетка платных паслуг. Перспектыўнай формай такіх паслуг з’яўляюцца вячэрнія групы для дзяцей, якія наведваюць і не наведваюць садкі, у тым ліку ў выхадныя дні.

Н.Д.Шамовіч расказала, што ў вобласці актыўна ўкараняюцца новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя групы (121), групы выхаднога дня (2) і вячэрняга знаходжання (12), мацярынскія школы (20), сезонныя і гульнявыя пляцоўкі (14). Найбольшым попытам у бацькоў карыстаюцца адаптацыйныя групы для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. У адкрыцці новых форм лідзіруюць Баранавічы, Пінскі, Драгічынскі і Пружанскі раёны. У той жа час недастаткова актыўна ідзе работа па адкрыцці цэнтраў развіцця дзіцяці, хаця патэнцыял у дашкольных установах для гэтага ёсць.

Па словах Н.Д.Шамовіч, нізкая ўкамплектаванасць дзіцячых садкоў медыцынскімі кадрамі не дазваляе арганізаваць якаснае медыцынскае

суправаджэнне дашкольнікаў. Сёння ў 25% устаноў не закрыты вакансіі медыцынскіх сясцёр. Найбольшы дэфіцыт медработнікаў адчуваюць Брэст і Баранавічы, Пінскі, Ляхавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Жабінкаўскі, Івацэвіцкі і Кобрынскі раёны. Каля 21% медыцынскіх сясцёр – пенсіянеры.

Працягваецца работа па аснашчэнні дашкольных устаноў камп’ютарнай тэхнікай, сучаснымі праграмнымі сродкамі, сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем. Самыя высокія паказчыкі ў гэтым плане дэманструюць установы Лунінецкага (каля 90%), Кобрынскага (каля 84%) і Пружанскага (82%) раёнаў, а таксама Баранавіч (78%).

Павялічваецца, хаця і марудна, колькасць выхавальнікаў з вышэйшай адукацыяй (каля 62%). Найбольшая колькасць такіх педагогаў працуе ў Брэсце, Баранавічах і Брэсцкім раёне (ад 73% да 87%), найменшая – у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім раёнах (ад 39% да 42%).

Зніжаецца колькасць педагогаў з профільнай дашкольнай адукацыяй (амаль 54%). Найбольшая колькасць “дыпламаваных” выхавальнікаў задзейнічана ў Пінскім, Жабінкаўскім і Лунінецкім раёнах (ад 72% да 77%), найменшая – у Брэсце і Баранавічах (ад 37% да 42%). Зніжаецца і колькасць педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй (каля 18%). У некаторых раёнах гэты паказчык складае 7 – 8%.

Начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі П.І.Валынец расказаў, што ў вобласці вывучана арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі вучняў і вызначана далейшая немэтазгоднасць функцыянавання міжшкольных ВВК. Першапачаткова на Брэстчыне дзейнічалі 26 ВВК. Летась былі закрыты 9, сёлета плануецца закрыць яшчэ 10. Астатнія ВВК павінны спыніць работу ў 2015 годзе. Тым не менш раённыя ўлады імкнуцца захаваць Высокаўскі ВВК у Камянецкім раёне і Кобрынскі ВВК. Аналіз сітуацыі паказвае, што ўтрыманне Высокаўскага ВВК немэтазгоднае, а Кобрынскі ВВК (з улікам моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базы) можа існаваць толькі як установа дадатковай адукацыі, прычым цалкам на пазабюджэтнай аснове.

- Харчаванне ў школах, дзе дзеці праводзяць значную частку часу, займае важнае месца ў захаванні і ўмацаванні іх здароўя, - адзначыла галоўны спецыяліст аддзела тэхнічнага нагляду за капітальным рамонтам, утрыманнем і эксплуатацыяй збудаванняў пры абласным упраўленні адукацыі А.А.Бялаш. – Гарачым харчаваннем ахоплена 97% школьнікаў. У сельскіх навучальных установах гэты паказчык амаль стапрацэнтны. Нізкі ахоп гарачым харчаваннем назіраецца ў школах Брэста, Пінска і Баранавіч, гарадскіх школах Бярозаўскага, Жабінкаўскага і Камянецкага раёнаў.

У арганізацыі харчавання вялікая ўвага ўдзяляецца нарыхтоўцы сельгаспрадукцыі і развіццю ўласнай нарыхтоўчай базы, а таксама ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння харчаблокаў. Летась на гэта было накіравана 39,4 мільярда рублёў.

У школьных харчаблоках не хапае кухараў, кухонных работнікаў і кладаўшчыкоў, асабліва ў невялікх сельскіх навучальных установах. Укараненне аўтаматызаванай праграмы “Харчаванне” ў дзіцячых садках для

складання меню-патрабаванняў, аналізу выканання натуральных норм і вядзення складскога ўліку значна аблегчыла работу харчаблокаў ва ўмовах недахопу кадраў. Але работа ў гэтым напрамку патрабуе актывізацыі.

Значная роля адводзіцца павышэнню ўзроўню санітарна-гігіенічнай культуры работнікаў харчаблокаў. Для гэтага рэгулярна праводзяцца семінары-практыкумы з удзелам спецыялістаў раённых цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.

Важным складнікам у арганізацыі харчавання вучняў з’яўляецца фарміраванне ў іх культуры правільнага харчавання. На гэта накіравана вучэбна-выхаваўчая і санітарна-асветніцкая работа са школьнікамі. Праводзяцца класныя гадзіны, канферэнцыі і дыспуты: “Ці ўсякая ежа карысная?”, “Аптымізацыя харчавання”, “Жывыя вітаміны” і інш. Для бацькоў арганізуюцца выставы-продажы страў з мяса, рыбы і садавіны, выставы-дэгустацыі вырабаў для дзіцячага харчавання прадпрыемстваў-вытворцаў, дні нацыянальнай кухні.

З мэтай павелічэння ахопу харчаваннем выкарыстоўваюцца прагрэсіўныя формы абслугоўвання. У асноўным у арганізацыі харчавання школьнікаў прымяняюцца папярэдняе накрыццё сталоў і папярэдні заказ (сёння на заўтра). Праводзіцца апрабацыя і іншых форм абслугоўвання: вітамінны стол (другі сняданак па заяўках і на грошы бацькоў, у меню якога ўваходзяць сокі і фрукты), альтэрнатыўныя стравы кожнага дня (меню вольнага выбару) і інш.

Сёлета ў 70% правераных школьных харчаблокаў былі выяўлены пэўныя парушэнні. Іх наяўнасць сведчыць пра аслаблены ўнутрышкольны кантроль з боку адміністрацыі ўстаноў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: