Фінансавую бяспеку павысіць… алімпіяда

28.6.2014
 

На базе Брэсцкага абласнога ІРА адбылася І Абласная алімпіяда па пытаннях фінансавай дасведчанасці школьнікаў. Спаборніцтва арганізавалі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці.

- Фінансавая адукацыя займае важнае месца ў жыцці кожнага чалавека, - адзначыў на адкрыцці алімпіяды першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. – Ад таго, наколькі людзі правільна і адказна распараджаюцца ўласнымі грашовымі сродкамі, залежыць іх дабрабыт на працягу жыцця. На жаль, сёння назіраецца нізкая фінансавая дасведчанасць насельніцтва. Такая сітуацыя недапушчальная. Фінансавую культуру неабходна развіваць ужо са школы. Гэта дапаможа дзецям у дарослым жыцці прымаць разумныя, эканамічна абгрунтаваныя рашэнні пры планаванні ўласнага бюджэту, мінімізаваць магчымыя рызыкі ў розных жыццёвых сітуацыях і павысіць фінансавую бяспеку ўвогуле.

У інтэлектуальным марафоне ўдзельнічалі 39 вучняў 10 – 11 класаў. Алімпіядныя заданні былі распрацаваны банкаўскімі работнікамі. На выкананне 16 заданняў, складзеных у тэставай форме, адводзілася 45 хвілін. Школьнікі шукалі адказы на пытанні, што тычыліся сямейнага бюджэту і пасіўных банкаўскіх аперацый, “плаваючых” дэпазітных ставак і банкаўскіх укладаў, крэдытных гісторый і крэдытаздольнасці, дэвальвацыі і дэфляцыі. Па словах журы, вучні паказалі вельмі добрыя веды.

Самым фінансава дасведчаным вучнем стаў адзінаццацікласнік Дзмітрый Уснарскі з сярэдняй школы № 33 Брэста. Дыпломы ІІ ступені атрымалі адзінаццацікласніцы Дзіяна Гава з сярэдняй школы № 18 Брэста і Марыя Вольская з гімназіі № 2 Брэста. Дыпломы ІІІ ступені дасталіся адзінаццацікласнікам Кацярыне Воўчак з Мілавідскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, Міхаілу Локуну з Малоткавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна і Аляксею Матусевічу з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, а таксама дзесяцікласнікам Станіславу Юшкевічу з Лагішынскай сярэдняй школы Пінскага раёна і Вікторыі Канашук з Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна. Пераможцы атрымалі ад спонсараў, якімі выступілі два вядомыя банкі, планшэты, смартфоны і электронныя кнігі.

НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі С.В.Дубкоў узнагароджвае пераможцу алімпіяды Дзмітрыя Уснарскага.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: