Прававыя класы: ад прафілактыкі да прафарыентацыі

28.6.2014
 

У горадзе над Бугам прайшоў семінар-нарада кіраўнікоў рэгіянальных органаў адукацыі і ўнутраных спраў “Перспектывы развіцця прававых класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкай вобласці і далейшае ўдасканаленне іх дзейнасці”. Арганізатарамі мерапрыемства, якое праводзілася на базе сярэдняй школы № 28 і абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, выступілі ўпраўленне адукацыі і УУС аблвыканкама.

- Сярэдняя школа № 28 Брэста была выбрана месцам правядзення семінара-нарады невыпадкова, - адзначыў на адкрыцці мерапрыемства намеснік начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама, палкоўнік міліцыі А.Р.Кавалевіч. – У навучальнай установе назапашаны вялікі вопыт работы па арганізацыі дзейнасці прававых класаў. Такія класы павінны існаваць у школах кожнага раёна вобласці, бо яны займаюць важнае месца ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, фарміраванні прававой культуры і законапаслухмяных паводзін школьнікаў, а таксама ў іх прафарыентацыі. Органы ўнутраных спраў, як і Акадэмія МУС Беларусі, заўсёды гатовы аказваць неабходную дапамогу ў стварэнні і рабоце прававых класаў.

- Развіццё прававых (кадэцкіх) класаў з’яўляецца перспектыўным напрамкам работы навучальных устаноў, - пацвердзіла намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. – Вопыт, назапашаны за гады існавання такіх класаў, патрабуе распаўсюджання сярод іншых школ.

- Яшчэ 10 гадоў назад наша школа займала першае месца ў вобласці па правапарушэннях сярод непаўналетніх і апошняе – па ўзроўні навучанасці дзяцей, - расказаў дырэктар сярэдняй школы № 28 А.А.Лазарук. – Сёння сітуацыя кардынальна змянілася. Гэта стала магчымым дзякуючы адкрыццю ў 2004 годзе прававых класаў. Іх выхаванцы – высокаматываваныя, дысцыплінаваныя і адказныя вучні, якія ўсвядомлена рухаюцца ў вызначаным прафесійным напрамку.

За час існавання спецыялізаваных класаў 25 выпускнікоў сталі курсантамі Акадэміі МУС Беларусі, 5 – студэнтамі сілавых УВА і 33 – студэнтамі УВА і ССНУ юрыдычнага профілю. З 2010/2011 навучальнага года школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па тэме “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнасці ў сістэме “базавая школа – ліцэй” як сродку прафесійнага самавызначэння вучняў”. Больш за палову школьнікаў атрымліваюць веды ў кадэцкіх і праліцэйскіх класах. На рахунку вучняў шмат дасягненняў у прадметных алімпіядах і спартыўных спаборніцтвах.

- Калі ў 2002 годзе ў школах краіны дзейнічала толькі 5 прававых класаў, то сёння ўжо 179, - паведаміў начальнік аддзялення прафесійна-арыентацыйнай работы Акадэміі МУС Беларусі В.Г.Страмбурскі. – У прававых класах, створаных у 58 установах адукацыі, вучацца амаль 4 тысячы дзяцей.

Брэстчына з’яўляецца адным з лідараў па колькасці прававых класаў у краіне. Сёння з Акадэміяй МУС Беларусі супрацоўнічаюць 14 навучальных устаноў вобласці.

Статыстыка паказвае, што 35% выпускнікоў прававых класаў паступаюць ва УВА юрыдычнага профілю. Сярод выхаванцаў такіх класаў няма правапарушэнняў. Вучоба ў прававых класах з’яўляецца добрым прафілактычным і прафарыентацыйным сродкам работы.

В.Г.Страмбурскі расказаў, што сёння ў Акадэміі МУС Беларусі вучацца 82 прадстаўнікі Брэстчыны. Тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў павінны быць зацікаўлены ў існаванні прававых класаў, бо яны, валодаючы вялікім выхаваўчым патэнцыялам, павышаюць імідж супрацоўнікаў міліцыі.

На жаль, прызнаўся В.Г.Страмбурскі, апошнім часам колькасць абітурыентаў, якія выбіраюць Акадэмію МУС Беларусі, змяншаецца. Так, калі ў 2008 годзе ва ўстанову хацелі паступіць 1252 чалавекі, то летась – 782. Конкурс пры паступленні знізіўся з 3,6 да 1,9 заявы на месца. Каб гэтага не было, упэўнены В.Г.Страмбурскі, неабходна зацікавіць вучняў у атрыманні адукацыі менавіта ў Акадэміі МУС Беларусі. Таму павялічваецца роля прафарыентацыйнай работы. Акадэмія ладзіць дні адкрытых дзвярэй, арганізуе экскурсіі ва ўстанову для вучняў прававых класаў, праводзіць шэфскую работу (курсанты выязджаюць у школы з прафарыентацыйнымі гутаркамі), творчыя конкурсы і штогадовыя вучэбна-метадычныя семінары для школ. Начальнік Акадэміі МУС Беларусі ахвотна наведвае навучальныя ўстановы ў рэгіёнах.

- Неабходна, каб у кожным раёне вобласці была хаця б адна школа, дзе існавалі б прававыя класы, - заўважыў В.Г.Страмбурскі. – На жаль, пакуль не ва ўсіх раёнах Брэстчыны ёсць такія ўстановы. А карысць ад іх узаемная. Заслугоўвае ўвагі вопыт работы сярэдніх школ №№ 8 і 28 Брэста, сярэдняй школы № 12 Пінска, Крывошынскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна, ліцэя № 1 Баранавіч, сярэдняй школы № 2 Століна, сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч Лунінецкага раёна і гімназіі Ганцавіч. На іх варта раўняцца іншым.

Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні аддзела ўнутраных спраў Пінскага гарвыканкама С.М.Кібак расказаў пра асаблівасці ўзаемадзеяння ГАУС з сярэдняй школай № 12, дзе з 2006 года дзейнічаюць прававыя класы. Супрацоўнікі міліцыі і педкалектыў навучальнай установы праводзяць шмат цікавых сумесных мерапрыемстваў па розных напрамках прафілактычнай, выхаваўчай і прафарыентацыйнай работы.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 12 Пінска І.П.Кухнавец засяродзіла ўвагу на шляхах удасканалення работы з вучнямі прававых класаў у грамадзянска-патрыятычным выхаванні. З вопытам работы прававых класаў азнаёміла ўдзельнікаў семінара-нарады і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Брэста Ж.М.Лапыка.

Падчас круглага стала былі абмеркаваны асноўныя напрамкі далейшага функцыянавання прававых класаў.

Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем кіраўнікоў школ граматамі УУС аблвыканкама за плённае супрацоўніцтва ў галіне прававога выхавання моладзі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: