Лепшыя ў 11 прафесіях

15.5.2014
 

- Сёлета пры падтрымцы беларускага ўрада наша краіна стала 68 удзельнікам World Skills International – некамерцыйнай міжнароднай арганізацыі ведамстваў, устаноў і агенцтваў, адказных за развіццё прафесійнай адукацыі, - расказала намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Л.С.Міхальчук. – Гэтая арганізацыя кожныя два гады праводзіць у розных краінах конкурсы прафесійнага майстэрства па асноўных галінах эканомікі для маладых спецыялістаў ва ўзросце да 22 гадоў.

WSI папулярызуе рабочыя прафесіі ў сучасным грамадстве. Гэта самая хуткая і эфектыўная сістэма распаўсюджання міжнародных прафесійных стандартаў у нацыянальнай прафтэхадукацыі. Дзякуючы ёй рабочыя паспяхова адаптуюцца да сучасных тэхналогій, становяцца больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы. Акрамя таго, павышаюцца статус і якасць прафесійнай адукацыі, прэстыж рабочых прафесій. Удзел у конкурсах, арганізаваных WSI, з’яўляецца цудоўнай магчымасцю для навучэнцаў ПТНУ прэзентаваць навыкі і майстэрства не толькі на абласным і рэспубліканскім, але і міжнародным узроўні.

- Конкурс – гэта стымул у асваенні новага і рух наперад, імкненне да развіцця асобы і магчымасць паглядзець на сябе збоку іншымі вачыма, а таксама незалежная ацэнка сваёй работы, - адзначыў на ганараванні пераможцаў абласнога этапу конкурсу, якое праходзіла ў Брэсцкай крэпасці-героі, першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. – Сучасныя рэаліі патрабуюць ад выпускнікоў ПТНУ не толькі спасціжэння азоў прафесіі, але і канкурэнтаздольнасці на рынку працы, прадпрымальнасці, дзелавітасці. Таму навучанне, прафесійнае станаўленне і выхаванне творчай моладзі з’яўляюцца галоўнай задачай прафесійнай адукацыі, рашаць якую дапамагаюць конкурсы прафесійнага майстэрства. Гэтыя конкурсы фарміруюць вопыт творчай дзейнасці, ствараюць аптымальныя ўмовы для самарэалізацыі асобы, яе прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі. Канкурэнтаздольны спецыяліст – гэта не толькі кампетэнтны і высокакваліфікаваны работнік, а найперш асоба, якая валодае навыкамі нестандартнага і гнуткага мыслення, гатовая да пастаяннага прафесійнага росту і здольная да самаарганізацыі і самаўдасканалення.

Конкурсныя спаборніцтвы па 11 прафесіях праходзілі на базе розных ПТНУ вобласці. Так, у Баранавіцкім дзяржаўным ПТК сферы абслугоўвання вызначалі лепшых у кампетэнцыі “Дызайн адзення”. Удзельнікі распрацоўвалі эскізы калекцыі і прадстаўлялі іх экспертам, якія ацэньвалі арыгінальнасць канцэпцыі і мастацкіх вобразаў, тэхнічны ўзровень выканання, выразнасць эскізаў, творчы падыход і адпаведнасць модным

тэндэнцыям. Найбольшую колькасць балаў набрала Рыта Амялішка з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання. Натхнёная творамі Васіля Кандзінскага, дзяўчына распрацавала эскізы калекцыі “Кампазіцыя №…”. Мадэлі злучылі ў сабе рысы абстракцыянізму з сённяшнімі тэндэнцыямі моды. Цікавыя маляўнічыя прынты ў спалучэнні з тэхнікай пэчворк стварылі новы непаўторны вобраз сучаснай дзяўчыны.

У Брэсцкім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання прайшлі спаборніцтвы ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”. Ад канкурсантаў патрабавалася якаснае выкананне работы ў строга зададзены час. Кожная прычоска/стрыжка, акрамя добрага выканання, павінна была адпавядаць кваліфікацыі ў гэтым відзе майстэрства: мужчынская дынамічная стрыжка на доўгіх валасах з укладкай, мужчынская класічная стрыжка з укладкай для ўрачыстага выпадку, гістарычная прычоска эпохі “Бідэрмаер” і вясельная прычоска з пляценнем. Лепшай стала Алеся Назарава з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Для дзяўчыны гэта не першы конкурс, дзе яна перамагла. Алеся паказала добрыя вынікі на ІV Міжнародным фестывалі прыгажосці “Ружа вятроў HAIR – 2013” і ІІІ Рэспубліканскім фестывалі прыгажосці “Залаты падснежнік – 2014”.

На базе кандытарскага цэху ААТ “Прадтавары” адбыліся спаборніцтвы ў кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”. У конкурсе ўдзельнічалі навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа і кандытар ААТ “Прадтавары”. Удзельнікі прыгатавалі бісквітны торт з паўфабрыкату, упрыгожылі яго кампазіцыяй з масцікі і прэзентавалі журы. Торты “Хакей – 2014” з сімвалам чэмпіянату свету па хакеі зубрам Волатам, “Пасха” ў выглядзе пасхальнага яйка, “Вясна” з пяшчотнымі кветкамі з масцікі добра ўразілі экспертаў. Перамагла выпускніца каледжа, сённяшні кандытар ААТ “Прадтавары” Юлія Гурыч.

Уменне смачна гатаваць і арыгінальна падаваць стравы дэманстравалі канкурсанты ў кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”. Спаборніцтва кухараў праходзіла на базе Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Удзельнікі гатавалі яйкі, фаршыраваныя грыбамі, з гарнірам, катлеты сялянскія з грыбамі і адварной бульбай, складалі кампазіцыі з садавіны і агародніны. Лепшым кухарам стаў Арцём Якубовіч з Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Прафесія афіцыянта патрабуе ад яе прадстаўніка высокамаральных паводзін, ведання чалавечай псіхалогіі, бездакорнага знешняга выгляду. Ад прафесіяналізму афіцыянта залежыць, ці захоча кліент наведаць рэстаран ці кафэ зноў. Будучыя афіцыянты сабраліся ў вучэбна-вытворчай майстэрні-кафэ “Крыніца” Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа, каб паспаборнічаць у кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс”.

Конкурснае заданне складалася з дзвюх частак – падрыхтоўкі да абслугоўвання ў розных стылях (папярэдняя сервіроўка стала для абеду і банкету з частковым абслугоўваннем афіцыянтамі, складванне не менш 10 відаў льняных сурвэтак у стылі “Бістро” на працягу 10 хвілін) і

абслугоўвання ў адпаведнасці з папярэдне атрыманым заказам (сервіроўка сталоў у адпаведнасці з заказам). Удзельнікі рэкамендавалі да заказных страў алкагольныя і безалкагольныя напіткі, падавалі іх, прапаноўвалі халодныя закускі і гарачыя напіткі французскім метадам “у абнос”. Перамог Аляксей Арчакаў з Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа.

На базе Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання будучыя токары і фрэзероўшчыкі выяўлялі лепшых у кампетэнцыях “Фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем” і “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем”. Юнакі выконвалі складаныя заданні па складанні тэхналагічных карт, кіруючых праграм па апрацоўцы зададзеных дэталей, якія патрабавалі высокіх тэхналагічных і геаметрычных параметраў. За гадзіну і 20 хвілін патрабавалася вырабіць дэталь пятага разраду складанасці. Прыемна, што з гэтым заданнем канкурсанты справіліся як сапраўдныя прафесіяналы. Лепшымі аказаліся Аляксандр Федасюк з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання і Аляксей Пухцееў з Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага ПТК.

Будаўнічыя прафесіі – масавыя і запатрабаваныя, іх прадстаўнікі карыстаюцца стабільным попытам на рынку працы. Сёння будаўнічая спецыяльнасць гарантуе працаўладкаванне і высокі заробак, з’яўляецца выдатным стартам для кар’ернага росту. Развіццё будаўнічай галіны, рэалізацыя маштабных інфраструктурных праектаў патрабуюць высокакваліфікаваных кадраў з ліку моладзі. Конкурс у кампетэнцыі “Абліцовачныя работы”, які праходзіў на базе Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, паказаў, што добрых спецыялістаў у нас шмат. Удзельнікі, згодна з эскізам задання, самастойна выконвалі абліцоўку паверхні сцяны керамічнай пліткай. Найбольш бездакорнай аказалася работа Мікалая Гладкага з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.

У Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы вызначалі лепшых у кампетэнцыі “Каменныя работы”. Будучыя муляры выконвалі кладку з цэглы з дэкаратыўным малюнкам швоў на вонкавай паверхні. Падчас конкурсу выкарыстоўвалася керамічная і сілікатная цэгла, прымяняліся выступы з асноўнага масіву цаглянай кладкі, элементы перакрыцця праёмаў радавой і лучковай перамычкай, падрэзкі і рэзкі цэглы, што ўскладняла выкананне задання.

Кампетэнтнае журы пры ацэньванні прафесіяналізму ўдзельнікаў звяртала асаблівую ўвагу на арганізацыю рабочых месцаў, тэхналогію выканання кладкі, якасць і расшыўку швоў, выкананне тэхнікі бяспекі і інш. Лепшым мулярам прызнаны Яўген Васільчук з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.

На базе Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў канкурсанты паказвалі прафесійнае майстэрства ў кампетэнцыі “Сталярныя работы”. Падчас спаборніцтваў удзельнікі распрацоўвалі чарцёж часопіснага століка і затым выраблялі яго. З гэтым заданнем лепш за ўсіх справіўся Уладзіслаў Спявак з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.

Будучыя электрагазазваршчыкі дэманстравалі прафесійныя навыкі і творчыя здольнасці ў Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў. Лепшы вынік у трох відах зваркі паказаў Павел Цімаховіч з Пінскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа.

Будзем спадзявацца, што вызначаныя пераможцы годна прадставяць Брэстчыну на рэспубліканскім узроўні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: