Да здароўя праз веды

14.5.2014
 

- Пытанні, звязаныя са здаровым ладам жыцця, заўсёды актуальныя, - адзначыў на адкрыцці алімпіяды начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. – Радуе, што сучасная моладзь у пераважнай большасці аддае перавагу здароваму ладу жыцця. Гэта дазваляе быць максімальна карысным грамадству. Алімпіяда дапамагае задумацца пра самую вялікую каштоўнасць у жыцці – уласнае здароўе і здароўе родных. Галоўнае, каб кожны з удзельнікаў спаборніцтва абавязкова прымяняў атрыманыя веды ў адносінах да сябе і адначасова прапагандаваў здаровы лад жыцця сярод равеснікаў.

Нягледзячы на тое, што курс “Здаровы лад жыцця” выкладаецца ў навучальных установах факультатыўна, важнасць і неабходнасць профільнай алімпіяды бясспрэчная, паколькі такая форма работы павышае цікавасць вучняў да ўласнага здароўя, садзейнічае актывізацыі пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці па фарміраванні пазітыўнага ладу жыцця моладзі, прапагандуе карысныя веды сярод падрастаючага пакалення.

Абласному спаборніцтву папярэднічалі школьныя і раённыя (гарадскія) алімпіяды, якія адабралі найбольш дастойных васьмікласнікаў і дзесяцікласнікаў, а таксама навучэнцаў ПТНУ. Сёлета ў Брэст з’ехаліся 68 удзельнікаў. Многія алімпіяднікі прыязджаюць на спаборніцтва ўжо не першы раз, што сведчыць пра ўсвядомлены выбар актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Алімпіяда праходзіла на базе сярэдняй школы № 18. На працягу чатырох гадзін удзельнікі інтэлектуальнага спаборніцтва выконвалі шэраг тэарэтычных тэставых заданняў, якія тычыліся ролі раслін, грыбоў і жывёл у жыцці чалавека, рацыянальнага харчавання, валеалогіі, прафілактыкі тытунекурэння, СНІДу і інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, а таксама ўжывання псіхаактыўных рэчываў. У цэлым, па словах членаў журы, алімпіяднікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніца Таццяна Салей з гімназіі Кобрына, дзесяцікласніца Ірына Воўк з гімназіі Драгічына і Кацярына Ляўчук з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: пераможцы алімпіяды.

Фота аўтара.

поделиться в: