Кіраваць – весці іншых да поспеху

21.4.2014
 

Мерапрыемства, арганізаванае аддзелам адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста пры ўдзеле абласнога ІРА, праводзілася ў форме педагагічнай гасцёўні для дырэктараў і намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце пачатковых, базавых школ і ВПК “дзіцячы сад – школа” з усіх рэгіёнаў вобласці.

- На Брэстчыне шмат адрасоў эфектыўнага кіраўніцкага вопыту, - адзначыла ў пачатку мерапрыемства метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Э.І.Міхайлава. – Заслугоўвае ўвагі вопыт работы Алены Васільеўны Фігурынай з дзіцячага сада – сярэдняй школы № 4 Кобрына, Таццяны Аляксееўны Мосінай з дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Брэста, Ірыны Сцяпанаўны Дзямчук са Снітаўскай базавай школы Іванаўскага раёна, Іны Васільеўны Жуковіч з Бярозаўскай базавай школы Бярозаўскага раёна і інш. У гэтых дырэктараў выпрацаваўся ўласны кіраўніцкі почырк, дзякуючы якому іх установы адукацыі займаюць лідзіруючыя пазіцыі па многіх напрамках работы. Вопыт такіх кіраўнікоў заўсёды запатрабаваны і надзвычай карысны для калег з іншых рэгіёнаў.

Пра тое, з чаго складаецца майстэрня поспеху 34-й школы, расказала яе дырэктар А.Я.Івашова:

- Праца дырэктара школы вельмі складаная. Яму неабходна самому быць першым настаўнікам, валодаць высокай педагагічнай і метадычнай дасведчанасцю, арганізатарскімі здольнасцямі. Кіраванне сучаснай школай – актуальнейшая праблема для любога кіраўніка. Многія традыцыйныя кіраўніцкія мадэлі страцілі былыя, здавалася б, трывалыя пазіцыі і сталі больш дэмакратычнымі.

Сучасны кіраўнік установы адукацыі – гэта не адміністратар, які ўмее даваць распараджэнні і наганяі, даводзіць да ведама падначаленых пункт гледжання вышэйшага начальства. Гэта хутчэй дырыжор у аркестры, дзе кожны іграе сваю партыю. Пры такім падыходзе да кіравання знікае вертыкальная мадэль і звязаная з ёй жорсткая сістэма пасад. З’яўляецца дыяпазон новых кампетэнцый, свабода манеўру, усвядомленасць і ўзгодненасць дзеянняў. Узнікае магутны рэсурс развіцця карпаратыўнай культуры.

Кіраўнік школы павінен умець фарміраваць каманду аднадумцаў, забяспечваць аптымальныя ўмовы для самарэалізацыі педагогаў, дэлегіраваць паўнамоцтвы іншым, прыцягваць і граматна выкарыстоўваць дадатковыя крыніцы і спосабы фінансавання, задзейнічаць новыя сацыяльныя рэсурсы ў кадравай палітыцы, выбудоўваць уласныя адносіны з іншымі суб’ектамі сацыяльнай сістэмы, клапаціцца пра стварэнне іміджу, укараняць высокія тэхналогіі ў кіраўніцкія працэсы і інш.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.В.Куклеўская засяродзіла ўвагу на ролі адміністрацыі школы ў прафесійным і асобасным станаўленні настаўнікаў, а намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.А.Малашук расказала пра эфектыўныя тэхналогіі ўнутрышкольнага кантролю. Настаўнікі школы прэзентавалі работу са здольнымі дзецьмі ў пачатковых класах.

Удзельнікі мерапрыемства прынялі ўдзел у дзелавой гульні “Я – кіраўнік”, мэта якой заключалася з самааналізе асобасных якасцей, неабходных для кіраўніцкай кампетэнцыі. Падчас гульні педагогі пашыралі веды пра лідарства, усведамлялі свае станоўчыя і адмоўныя якасці ва ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі, развівалі навыкі маўленчай рэфлексіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: