У выхаванні і рабоце з кадрамі дробязей няма

27.3.2014
 

На чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама былі разгледжаны пытанні, звязаныя з дзейнасцю аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін навучэнцаў, рэалізацыі прафілактычных праграм і ўдасканаленні работы са зваротамі грамадзян.

Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк расказаў, што ва ўстановах адукацыі Брэстчыны вядзецца мэтанакіраваная дзейнасць па фарміраванні ў навучэнцаў адказных і бяспечных паводзін, здаровага ладу жыцця, выкананні грамадскай дысцыпліны і парадку. У рамках розных дзяржпраграм і пастаноў прымаюцца комплексныя меры па прадухіленні спажывання навучэнскай і студэнцкай моладдзю тытунёвых вырабаў, алкагольных напіткаў, наркатычных, таксічных і псіхатропных рэчываў, прафілактыцы безнагляднасці, злачынстваў і правапарушэнняў сярод падлеткаў, сямейнай нядобранадзейнасці, аказанні непаўналетнім неабходнай спецыялізаванай медыцынскай і іншай дапамогі. Рэалізуюцца мерапрыемствы, распрацаваныя абласнымі ўпраўленнямі адукацыі, аховы здароўя і ўнутраных спраў.

Па словах М.К.Тарасюка, вялікая ўвага ўдзяляецца пошуку і адпрацоўцы новых форм прафілактычнай работы з навучэнцамі, падрыхтоўцы педкадраў. Так, у Брэсцкім абласным ІРА пытанні рэалізацыі дзяржпраграм па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі разглядаюцца пры павышэнні кваліфікацыі ўсіх педагогаў. У інстытуце распрацавана 12 вучэбных модулей правядзення прафілактычных заняткаў у інтэрактыўнай форме па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі з рознымі ўзроставымі групамі школьнікаў. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Брэсцкім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Летась стартаваў міжнародны праект па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна” на 2007 – 2013 гады “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін”. У рамках праекта праводзіцца шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў.

У вобласці паспяхова рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Роўны навучае роўнага”. На Брэстчыне дзейнічае 18 апорных пляцовак, якія ажыццяўляюць праграмы роўнага навучання. У межах гэтых праграм актыўна развіваецца валанцёрскі рух.

У Брэсцкім абласным ІРА сфарміравана электронная папка “Здаровы лад жыцця: прафілактычная работа з навучэнцамі”, матэрыялы якой можна выкарыстоўваць у рабоце з моладдзю. Акрамя таго, у інстытуце з мэтай удасканалення сістэмы навучання навыкам паводзін у надзвычайнай сітуацыі і аказання першай даўрачэбнай дапамогі распрацаваны план правядзення майстар-класаў па асновах бяспекі жыццядзейнасці сярод педагогаў, якія праходзяць павышэнне кваліфікацыі. Аддзел прапаганды і навучання пры абласным упраўленні МНС правёў ужо 17 заняткаў.

Сёлета для педагогаў вобласці былі арганізаваны семінары-трэнінгі “Інтэрактыўныя формы ў прафілактычнай рабоце з падлеткамі”, “Ранняе выяўленне дзяцей, схільных да дэвіяцый” і “Тэхналогія форум-тэатра ў прафілактычнай рабоце з моладдзю”. На працягу года пройдзе конкурс праектаў па прафілактыцы наркаманіі сярод педагогаў Брэстчыны. Неўзабаве будуць падведзены вынікі абласнога інтэрнэт-конкурсу “Метадычнае суправаджэнне прафілактычнай работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін”. Падчас яго педагогі прэзентуюць лепшы вопыт па прафілактыцы наркаманіі, алкагалізму, тытунекурэння, проціпраўных паводзін і дарожнага траўматызму сярод непаўналетніх.

У навучальных установах праводзіцца шмат тэматычных мерапрыемстваў прафілактычнага характару: інфармацыйныя гадзіны, гутаркі, кіналекторыі, віктарыны, дыспуты, выставы спецыяльнай літаратуры, дэкады прафілактыкі СНІДу і здаровага ладу жыцця, асветніцкія акцыі для насельніцтва. Ва ўсіх школах вывучаюцца факультатыўныя курсы “Здаровы лад жыцця” і “Асновы бяспечнай жыццядзейнасці”. Штогод па апошнім з іх на Брэстчыне ладзяцца рэгіянальныя і абласныя алімпіяды. На жаль, яны паказваюць вельмі нізкі ўзровень ведаў навучэнцаў усіх узроставых катэгорый і рэгіёнаў вобласці па медыцынскай падрыхтоўцы. Патрабуе ўдасканалення і аздараўленчая работа са школьнікамі, амаль пятая частка якіх мае пэўныя адхіленні ў здароўі.

М.К.Тарасюк расказаў, што ў вобласці рэгулярна абнаўляецца банк даных аб падлетках, якія ўжываюць алкаголь і наркотыкі. Штоквартал упраўленні адукацыі, аховы здароўя і ўнутраных спраў абменьваюцца інфармацыяй у гэтым кірунку.

Работнікі сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў школ праводзяць індывідуальныя і групавыя заняткі па прафілактыцы ўжывання алкаголю сярод непаўналетніх, якія стаяць на розных відах уліку. У навучальных установах ладзяцца сустрэчы з медыцынскімі работнікамі па пытаннях негатыўнага ўплыву нікаціну і алкаголю на арганізм, транслююцца відэаролікі з сацыяльнай рэкламай, праходзяць прэс-канферэнцыі і круглыя сталы, дзе абмяркоўваюцца сямейныя каштоўнасці, цвярозы лад жыцця і г.д.

Шмат увагі ўдзяляецца процідзеянню наркаманіі ў школьным асяроддзі. Сёння на ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 14 непаўналетніх. Зразумела, што гэтая лічба не адлюстроўвае рэальнае становішча.

Ва ўсіх школах і ПТНУ створаны маладзёжныя ініцыятыўныя групы па процідзеянні гандлю людзьмі і распаўсюджання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, парнаграфічных матэрыялаў. Мінулым летам прайшоў абласны конкурс на лепшую арганізацыю работы такіх груп. Пераможцам стаў Абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй Драгічына. Рай(гар)аддзелы адукацыі, спорту і турызму ў гэтым плане пакуль недапрацоўваюць.

Штогод праводзіцца абласны конкурс агітацыйна-прафілактычных матэрыялаў па процідзеянні распаўсюджання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў “Скажы НЕ наркотыкам!”. У школах паказваюцца

тэматычныя відэаролікі па гэтай праблеме, ладзяцца бацькоўскія сходы з удзелам псіхолагаў, медыкаў, супрацоўнікаў міліцыі. Летам у раёнах працуюць мнагапрофільныя перасовачныя брыгады з ліку сацыяльных педагогаў, псіхолагаў, урачоў-нарколагаў і валеолагаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў па прафілактыцы наркаманіі і таксікаманіі сярод непаўналетніх у аздараўленчых лагерах.

Вынікі пракурорскіх праверак паказваюць, што праблема наркаманіі абумоўлена нізкай эфектыўнасцю дзейнасці навучальных устаноў і органаў кіравання адукацыяй. Недастаткова эфектыўным з’яўляецца ўзаемадзеянне школ з КСН, органамі ўнутраных спраў, установамі аховы здароўя. Колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, вырасла з 6 (у 2012-м) да 14 (у 2013-м) выпадкаў. Лідзіруюць Пінск, Лунінецкі і Драгічынскі раёны.

Па словах М.К.Тарасюка, сёння асноўныя намаганні варта скіраваць на прадухіленне распаўсюджання ў маладзёжным асяроддзі спайсу і насвая, ранняе выяўленне асоб, схільных да ўжывання псіхаактыўных рэчываў, аказанне наркалагічнай, псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі нарказалежным асобам, далучэнне навучэнцаў да прафілактычных мерапрыемстваў антынаркатычнага кірунку, эфектыўнае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі ведамствамі.

Адной з важных праблем з’яўляецца павелічэнне колькасці суіцыдаў сярод непаўналетніх – з аднаго выпадку ў 2012 годзе да 8 – у 2013-м. Калі ў 2012-м суіцыдальных спроб было 61, то ў 2013-м – 36. Аналіз здарэнняў паказвае, што большасць выпадкаў носіць сітуацыйны характар (крыўда, стрэс, невырашальны канфлікт).

Сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя службы школ і ПТНУ імкнуцца аказваць своечасовую комплексную дапамогу навучэнцам, якія маюць праблемы ў зносінах, вучобе, развіцці і сацыялізацыі ці знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Работа педагогаў скіравана на фарміраванне навыкаў самарэгуляцыі і стрэсаўстойлівасці, каштоўнасных адносін да жыцця праз выхаванне паважлівага стаўлення да сябе, умацаванне дзіцяча-бацькоўскіх адносін, пабудову асабістай жыццёвай перспектывы, выяўленне і развіццё інтарэсаў да вучэбных прадметаў, творчасці, спорту і здаровага ладу жыцця. У школах створаны банкі даных дзяцей, якія патрабуюць павышанай псіхолага-педагагічнай увагі.

Спецыяліст па рабоце са зваротамі грамадзян абласнога ўпраўлення адукацыі Т.С.Казлова паведаміла, што летась ва ўпраўленні адукацыі было разгледжана 234 звароты з рэгіёнаў вобласці (у 2012 годзе – 338). 138 зваротаў паступіла ад бацькоў, 66 – ад педагогаў, 40 – ад калектываў. Найменшая колькасць зваротаў паступіла з Бярозаўскага, Жабінкаўскага і Драгічынскага раёнаў, а з Ганцавіцкага раёна – ніводнага. Па-ранейшаму высокай застаецца колькасць зваротаў з Брэста, Баранавіцкага, Пінскага, Камянецкага, Брэсцкага, Кобрынскага, Лунінецкага і Маларыцкага раёнаў.

Знізілася колькасць пісем у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Камітэт дзяржаўнага кантролю, але павялічылася ў Міністэрства

адукацыі. Аналіз гэтых зваротаў паказвае, што праблемы, якія там агучваюцца, можна і неабходна разглядаць на мясцовым узроўні. Большасць праблем тычацца выключна дзейнасці мясцовых органаў улады, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, устаноў адукацыі, не патрабуюць значных фінансавых затрат і вырашаюцца з дапамогай тлумачальнай і арганізацыйнай работы. Даволі часта грамадзяне звяртаюцца ў рэспубліканскія дзяржаўныя органы, абыходзячы мясцовыя.

У асобных зваротах закранаюцца праблемы карупцыйнага характару з боку кіраўнікоў устаноў і педработнікаў. Так, звароты ў КДК і пракуратуру тычацца збораў грошаў на рамонты, арганізацыю паездак на экскурсіі, падарункі настаўнікам ад бацькоў выпускнікоў школ. Такія “ініцыятывы” бацькоў павінны спыняцца на ўзроўні ўстановы адукацыі і аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Тэматыка зваротаў разнастайная: спрэчкі па дзецях паміж разведзенымі бацькамі, закрыццё ўстаноў адукацыі, парушэнне педагагічнай этыкі кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і педагогамі, парушэнне правіл атэстацыі навучэнцаў, размеркаванне надбавак, прэмій і матэрыяльнай дапамогі, зборы сродкаў на патрэбы класа і школы, размеркаванне дзяцей у дашкольныя ўстановы.

Выклікаюць трывогу звароты з нараканнямі ў адрас кіраўнікоў школ і дзіцячых садоў, кіраўнікоў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Баранавіч, Пінска, Лунінецкага, Камянецкага, Маларыцкага і Івацэвіцкага раёнаў. На жаль, не зніжаецца колькасць вусных зваротаў грамадзян на асабістых прыёмах (летась начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі прыняў 43 чалавекі).

Т.С.Казлова адзначыла, што работу са зваротамі грамадзян варта ўдасканальваць. Асноўныя намаганні неабходна скіроўваць на аздараўленне маральна-псіхалагічнага клімату ў праблемных калектывах, больш прынцыпова падыходзіць да падбору кіраўніцкіх кадраў, забяспечыць празрыстасць выкарыстання пазабюджэтных сродкаў ва ўстановах адукацыі, выключыць валакіту і фармалізм пры рабоце са зваротамі, прымаць рашэнні, зыходзячы з інтарэсаў грамадзян. Лепшы паказчык выніковай работы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму – адсутнасць абгрунтаваных зваротаў. Мудры кіраўнік вырашае ўсе праблемы на месцы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

поделиться в: