Форум-тэатр – для прафілактыкі

26.3.2014
 

На Брэстчыне паспяхова рэалізуецца праграма трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна на 2007 – 2013 гады”, у рамках якой ажыццяўляецца праект “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін”. Нядаўна ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі была арганізавана педагагічная майстэрня, прысвечаная выкарыстанню тэхналогіі форум-тэатра ў прафілактычнай рабоце з падлеткамі.

Тэма мерапрыемства выклікала вялікі інтарэс у педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-арганізатараў, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнікаў-прадметнікаў і класных кіраўнікоў. У майстэрні прынялі ўдзел 22 педагогі з усіх рэгіёнаў Брэстчыны.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі даведаліся пра гісторыю ўзнікнення інтэрактыўнага тэатра і яго адукацыйную функцыю ў рэалізацыі прафілактычных праграм з падлеткамі. Работа ў малых групах дазволіла педагогам на ўласным вопыце прайсці ўсе этапы падрыхтоўкі форум-тэатра: ад вызначэння сацыяльнай праблемы, якая кладзецца ў аснову будучага спектакля, да напісання сцэнарнага матэрыялу, размеркавання ролей і апрацоўкі асобных дзеянняў-мізансцэн.

На працягу першага дня майстэрні кожная творчая група ўдзельнікаў, навучаючыся праз дзеянне, змагла адчуць усе стадыі развіцця сюжэту ў сваім спектаклі, навучылася распрацоўваць сцэнарны матэрыял у працэсе жывога дыялогу і імправізацыі, правільна адбіраць прафілактычную інфармацыю ў адпаведнасці з той праблемай, якую адлюстроўвае пастаноўка форум-тэатра. Тэатральныя гульні і практыкаванні дапамаглі ўсталяваць дабратворную псіхаэмацыянальную атмасферу ў групах удзельнікаў.

Другі дзень мерапрыемства меў прэзентацыйны характар. Творчыя групы прадстаўлялі адно аднаму 4 міні-спектаклі-сацыядрамы. Кожная пастаноўка закранала праблему, актуальную ў падлеткавым асяроддзі: узаемаадносіны з бацькамі, псіхалагічны ціск у групе равеснікаў, школьны булінг, першае каханне без адказу, ранні няўдалы сексуальны вопыт і інш.

Дзякуючы выкарыстанню інтэрактыўных метадаў і прыёмаў работы ў групе пасля паказу кожнага спектакля арганізоўваліся яго абмеркаванне і замена акцёраў з мэтай пошуку новых пазітыўных мадэлей паводзін моладзі ў рызыкоўных сітуацыях.

Па выніках работы майстэрні педагогі атрымалі дадатковыя метадычныя дапаможнікі па тэхналогіі форум-тэатра, абмяняліся напрацаваным сцэнарным матэрыялам і далі высокую ацэнку работы арганізатараў і трэнераў цікавага і карыснага адукацыйнага мерапрыемства.

Алена ДЗМІТРЫЕВА,

метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА

.

поделиться в: