Энергазберажэнне – справа кожнага

6.3.2014
 
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон – 2013”. Арганізатарамі спаборніцтва выступалі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, абласны інстытут развіцця адукацыі, абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў і абласны эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў.
Конкурс праводзіўся сярод школьнікаў, навучэнцаў ПТНУ і педагогаў па 7 намінацыях. Мэты спаборніцтва – фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі моладзі ў адносінах да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, павышэнне культуры выкарыстання энергарэсурсаў, выяўленне і распаўсюджанне эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі па арганізацыі энергазберажэння.
Удзельнікі конкурсу рыхтавалі аўтарскія праекты з апісаннем практычных прапаноў па больш эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў ва ўстановах адукацыі і ў побыце, магчымасцей атрымання энергіі для мясцовых патрэб (у тым ліку з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі), выступленні агітбрыгад, рэкламныя відэаролікі па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў працягласцю да 30 секунд, “энергаэфектыўныя” лістоўкі, плакаты і малюнкі з заклікамі да папярэджання кліматычных змен, музейныя матэрыялы па энергазберажэнні, дыдактычныя матэрыялы, распрацоўкі вучэбных і факультатыўных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў па энергазберажэнні і асновах энергаэфектыўнасці і інш.
У намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі” перамагла работа “Мадэрнізацыя электраабсталявання пліты электрычнай ПЭМ 2-020”, выкананая Андрэем Казлюком, Барысам Стрэльчыкам і Раманам Загрэбневым з Белаазёрскага дзяржаўнага ПТК электратэхнікі. Лепшым педагагічным работнікам па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў прызнана В.М.Гідрэвіч з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна (“Модульнае навучанне асновам энергазберажэння як цэласная сістэма пры пераемнасці дзіцячага сада і школы”).
У намінацыі “Лепшая творчая работа навучэнцаў устаноў адукацыі па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” адзначаны відэаролік “Энергазберажэнне – інвестыцыі ў будучыню” Паўла Шамецюка з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, плакат “Эканом электраэнергію – беражы прыроду” Настассі Багданец з Лунінскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна, малюнак “Тата, мама, я – эканомная сям’я” Арсена Дзядзеркі з ясляў-сада № 10 Пінска, лістоўка “Правілы эканоміі” Настассі Прыгодзіч з Дамашыцкай базавай школы Пінскага раёна, а таксама агітбрыгада Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч.
Лепшым практычным цэнтрам (музеем) па энергазберажэнні стаў інфармацыйна-асветніцкі цэнтр “Эканом” Альгомельскага ясляў-сада –
сярэдняй школы Столінскага раёна. Лепшай установай адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энергазберажэння прызнаны Белаазёрскі дзяржаўны ПТК электратэхнікі. У намінацыі “Лепшы раён вобласці па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энергазберажэння” перамог аддзел адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама.
Па выніках конкурсу лепшыя матэрыялы будуць размешчаны на сайце Брэсцкага абласнога ІРА і ўнесены ў электронны банк педагагічнага вопыту.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: