Павышаць эканамічную самастойнасць і адказнасць кіраўнікоў

22.2.2014
 
Адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам на бягучы. У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Л.А.Цупрык.
Сёння на Брэстчыне, як расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, працуе 598 устаноў дашкольнай адукацыі, разлічаных амаль на 66 тысяч дзяцей. Актыўна развіваюцца новыя формы дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя групы, групы выхаднога дня і вячэрняга знаходжання, мацярынскія школы, сезонныя і гульнявыя пляцоўкі (летась іх было 171). Найбольшым попытам у бацькоў карыстаюцца адаптацыйныя групы для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.
Па-ранейшаму ў шэрагу рэгіёнаў вобласці захоўваецца дэфіцыт месцаў у дашкольных установах. Для вырашэння гэтай праблемы прымаюцца розныя захады. Так, летась у Баранавічах, Іванаве і вёсцы Рамель Столінскага раёна адкрыліся новыя дзіцячыя садкі. Новая дашкольная ўстанова пачала працаваць у Бярозе на базе былога сацыяльнага прытулка. Акрамя таго, з дзіцячых садкоў у школы выводзяцца першыя класы. Вядзецца работа па стварэнні прыватных дашкольных устаноў і адкрыцці груп на першых паверхах жылых дамоў. Праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках
надзвычай актуальная для Брэста, Пінска, Маларыцкага, Жабінкаўскага і Столінскага раёнаў.
Праблемным пытаннем застаецца таксама аснашчанасць дашкольных устаноў сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем. У некаторых раёнах іх удвая менш, чым неабходна.
Павялічылася, хаця і неістотна, колькасць выхавальнікаў з вышэйшай адукацыяй (каля 62%). Такіх педагогаў больш за ўсё ў Брэсце, Брэсцкім раёне і Баранавічах (ад 73% да 87%), а менш за ўсё – у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім раёнах (ад 39% да 42%). Зніжаецца колькасць выхавальнікаў з профільнай дашкольнай адукацыяй (каля 54%). Такіх педагогаў найбольш у Лунінецкім, Жабінкаўскім і Пінскім раёнах (ад 72% да 77%), а найменш – у Брэсце, Баранавіцкім і Брэсцкім раёнах (ад 36% да 46%). Толькі каля 18% выхавальнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю (у асобных рэгіёнах гэты паказчык удвая ніжэйшы).
Па словах М.А.Ціханчука, у мінулым годзе працягвалася мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, павышэнні яе якасці. Сёння ў вобласці працуе 547 школ і 17 міжшкольных ВВК. Колькасць навучэнцаў за апошнія 20 гадоў скарацілася з 241 тысячы да 155 тысяч. У сувязі з гэтым адбываецца аптымізацыя і рацыяналізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Так, летась спынілі работу 26 малакамплектных школ, 9 міжшкольных ВВК і 3 вячэрнія школы, а 20 устаноў былі рэарганізаваны. Эканамічны эфект ад аптымізацыі склаў 14,3 мільярда рублёў.
У 2014/2015 навучальным годзе плануецца закрыць 17 і рэарганізаваць 20 школ, спыніць работу дзвюх дашкольных устаноў і 12 міжшкольных ВВК, а таксама адной установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта дазволіць сэканоміць больш за 12 мільярдаў рублёў.
Шмат увагі ўдзяляецца мадэрнізацыі школьных бібліятэк. Гэта пашырае магчымасці навучэнцаў і педагогаў у атрыманні інфармацыі на электронных носьбітах. Летась за кошт абласнога бюджэту бібліятэкі атрымалі 50 праграмна-апаратных комплексаў на 1 мільярд рублёў. Праводзіцца замена састарэлай камп’ютарнай тэхнікі. Сёння ў вобласці адзін камп’ютар прыходзіцца на 13 навучэнцаў. Плануецца, што да 2016 года ўсе школы будуць забяспечаны камп’ютарнымі класамі з тэрмінам эксплуатацыі не больш за 7 гадоў.
Пачата работа па якасным паляпшэнні вучэбна-лабараторнай базы школьных кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. Летась у навучальныя ўстановы вобласці было пастаўлена 38 кабінетаў фізікі.
Брэстчына займае 4 месца ў краіне па выніках экзаменаў за курс сярэдняй школы і 3 месца – за курс базавай. Лепшыя вынікі паказваюць навучальныя ўстановы Баранавіч, Бярозаўскага, Ляхавіцкага і Маларыцкага раёнаў. Што тычыцца вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, то па большасці прадметаў вобласць знаходзіцца на апошніх месцах у краіне. Няма чым ганарыцца і ў алімпіядным руху, дзе сітуацыя аналагічная.
У 80 школах дзесяцікласнікі вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні. Але гэта, лічыць М.А.Ціханчук, павінна практыкавацца найперш у гімназіях і ліцэях. Разам з тым выніковасць работы асобных гімназій даволі нізкая. Так, у гімназіях Іванава, Камянца, Пружан, Кобрына і гімназіях №№ 3 і 4 Брэста пры залічэнні навучэнцаў амаль няма конкурсу.
У вобласці назіраецца тэндэнцыя пераарыентацыі выпускнікоў школ з УВА (каля 53%) на ПТНУ і ССНУ (каля 42%). У 10 класах працягваюць навучанне 70% дзевяцікласнікаў. Астатнія атрымліваюць адукацыю ў ПТНУ і ССНУ. М.А.Ціханчук заклікаў кіраўнікоў узмацніць прафарыентацыйную работу ў гэтым кірунку.
Рынак працы Брэстчыны ў цэлым забяспечваецца спецыялістамі рабочых прафесій. Атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю летась вырашылі каля 5,5 тысяч чалавек. З кантрольнымі лічбамі прыёму не справіліся 7 устаноў. Як правіла, амаль усе выпускнікі ПТНУ працаўладкоўваюцца. Для павышэння канкурэнтаздольнасці навучэнцаў яны атрымліваюць больш за адну кваліфікацыю. Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца з улікам патрэб рэгіянальных рынкаў працы. “Непатрэбныя” спецыяльнасці замяняюцца запатрабаванымі.
З мэтай удасканалення прафесійных ведаў у вобласці ствараюцца рэсурсныя цэнтры вытворчага навучання (сёння іх 5). Гэта дазваляе канцэнтраваць матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы, праводзіць вывучэнне новай тэхнікі і тэхналогій навучэнцамі ўсіх ПТНУ. Летась на аснашчэнне рэсурсных цэнтраў было затрачана больш за 8,6 мільярда рублёў. Для далейшага ўмацавання матэрыяльнай базы цэнтраў неабходна цесна працаваць з прадпрыемствамі.
Аптымізацыя закранула не толькі школы, але і ПТНУ. У мінулым годзе былі аб’яднаны дзве з іх, а сёлета аб’яднаюцца яшчэ 4. Робіцца гэта для павышэння эфектыўнасці работы і больш рацыянальнага выкарыстання фінансавых сродкаў.
М.А.Ціханчук расказаў, што педкалектывы школ шмат робяць па ўзмацненні выхаваўчай работы сярод навучэнцаў, забеспячэнні іх занятасці вучэбнай і працоўнай дзейнасцю, прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, развіцці вучнёўскага самакіравання, узаемадзеяння з сем’ямі. Наладжана супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, ІСН, КСН, аддзеламі па справах моладзі, грамадскімі арганізацыямі і праваслаўнай царквой. Гэта дае станоўчыя вынікі. Так, колькасць злачынстваў скарацілася на 33%. А вось колькасць правапарушэнняў, на жаль, не скарачаецца, асабліва сярод навучэнцаў ПТНУ.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы з падлеткамі, што стаяць на ўліку ў ІСН. Усе яны задзейнічаны ў гуртках і спартыўных секцыях, прыцягваюцца да правядзення мерапрыемстваў школьнай суботы.
М.А.Ціханчук паведаміў, што ў 2014 годзе на бягучы і капітальны рамонт устаноў адукацыі плануецца выдаткаваць каля 170 мільярдаў рублёў, а на будаўніцтва аб’ектаў адукацыі – 99,6 мільярда рублёў. Будзе завершана
рэканструкцыя медыцынскага блока Брэсцкай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, працягнецца будаўніцтва сярэдніх школ на 1120 месцаў у Брэсце і Пінску, а таксама дзіцячага сада на 75 месцаў у вёсцы Рубель Столінскага раёна. Акрамя таго, у Івацэвіцкім, Лунінецкім, Маларыцкім раёнах і Баранавічах будуць пабудаваны 4 аднакватэрныя жылыя дамы для сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі.
На пасяджэнні калегіі выступілі таксама іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Так, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама А.М.Наскоў расказаў пра работу, звязаную з павышэннем якасці адукацыі ва ўстановах адукацыі горада, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Л.С.Былінская засяродзіла ўвагу на асаблівасцях і праблемах вывучэння прадметаў на павышаным узроўні, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў В.А.Капчэўскі падзяліўся вопытам арганізацыі эфектыўнай пазабюджэтнай дзейнасці і падрыхтоўкі кадраў, запатрабаваных на сучасным рынку працы. Старшыня Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.В.Шукала гаварыла пра ролю сацыяльнага партнёрства ў забеспячэнні камфортных умоў працы педагогаў, а рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў вёў гаворку пра павышэнне кваліфікацыі педработнікаў і якаснае паляпшэнне работы ў гэтым кірунку.
Вынікі калегіі падвёў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык:
- У сучасных эканамічных умовах павялічваюцца роля і адказнасць кіраўнікоў у забеспячэнні матэрыяльнага дабрабыту работнікаў. Ці змогуць усе дырэктары школ аб’ектыўна ацаніць узровень матэрыяльнага стымулявання падначаленых з улікам укладу кожнага ў агульную справу, вызначыць аптымальную колькасць калектыву для паспяховага выканання адукацыйных задач? Гэта патрабуе высокага прафесіяналізму.
У сувязі з аптымізацыяй устаноў адукацыі паўстае пытанне, звязанае з перападрыхтоўкай кадраў. У такой сітуацыі павялічваецца роля абласнога інстытута развіцця адукацыі. Не павінны стаяць убаку і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У іх ёсць прафесіі, якія можна прапанаваць педагогам, што трапяць пад скарачэнне, для таго, каб зарабіць на жыццё. Але варта ўлічваць, што не заўсёды аптымізацыя ўстаноў адукацыі прыносіць адчувальную эканомію грашовых сродкаў. Так, з 18 мільярдаў рублёў, атрыманых падчас аптымізацыі, 17 мільярдаў было затрачана на падвоз дзяцей да месцаў вучобы.
Трэба больш асцярожна падыходзіць і да прафілізацыі навучання. У школах мэтазгодна адкрываць толькі тыя профілі, атрыманне далейшай адукацыі па якіх задаволіць патрэбу ў кадрах у пэўным рэгіёне.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.