Жыць без шкодных звычак

22.2.2014
 
У горадзе над Бугам падвялі вынікі міжведамаснай акцыі “Без гэтага можна жыць”, ініцыіраванай пракуратурай Брэсцкай вобласці. Акцыя, у якой прынялі ўдзел каля 2 тысяч школьнікаў, праводзілася пры падтрымцы абласнога ўпраўлення адукацыі, гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму, абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, абласнога ўпраўлення спорту і турызму, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласнога ўпраўлення МНС, гарадскога камітэта БРСМ і абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У рамках акцыі арганізатары ладзілі розныя мерапрыемствы. Так, супрацоўнікі пракуратуры Брэсцкай вобласці правялі інфармацыйныя акцыі па фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод моладзі. Пракурор вобласці І.Д.Наскевіч сустрэўся з навучэнцамі Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, намеснік пракурора вобласці А.Ц.Тачко – з выхаванцамі сярэдняй школы № 24 Брэста, а старшы памочнік пракурора вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі І.Я.Страпко – з навучэнцамі брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна.
У “пракурорскай” акцыі ўдзельнічала каля 1 тысячы школьнікаў. Навучэнцы паглядзелі відэафільм пра курыльную сумесь “спайс”, відэаролікі пра шкоднасць курэння, даведаліся пра спартыўную інфраструктуру Брэста, праслухалі лекцыі пра недапушчальнасць проціпраўных паводзін.
Падчас сустрэч праходзіў конкурс на лепшае пытанне пракурору. Самымі эрудзіраванымі і актыўнымі прызнаны шасцікласнік Сяргей Рэуцкі з сярэдняй школы № 28 Брэста, васьмікласніца Маргарыта Кандрацюк з сярэдняй школы № 25 Брэста, адзінаццацікласнік Ігнацій Навасад і дзесяцікласнік Данііл Стралкоўскі з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама і Мнагапрофільны цэнтр дзяцей і моладзі арганізавалі конкурс сацыяльнай рэкламы “Маладзёжны погляд”, скіраваны на фарміраванне маральных каштоўнасцей дзяцей і моладзі, прыцягненне іх увагі да сацыяльных праблем, прапаганду здаровага ладу жыцця. Удзельнікі конкурсу ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў падрыхтавалі 94 творчыя работы ў трох намінацыях (плакат, фотаздымак і відэаролік) і па трох тэмах.
Дыпломы пераможцаў атрымалі Антон Пунько з Мнагапрофільнага цэнтра дзяцей і моладзі, Ульяна Наскова з гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава, Дзмітрый Уснарскі з сярэдняй школы № 33, Юлія Дораш з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована, а таксама Аляксандра Харытановіч, Аляксандра Патаповіч і Павел Кажамячанка з гімназіі № 2.
Абласное ўпраўленне ўнутраных спраў зладзіла конкурс “Спорт асобага назначэння”, падчас якога падлеткі спаборнічалі ў практыкаваннях па фізічнай, інтэлектуальнай і стралковай падрыхтоўцы. Самымі лепшымі
аказаліся навучэнцы сярэдняй школы № 28 Брэста. У індывідуальным заліку не было роўных юнаму стралку Паўлу Царову з гімназіі № 2 Брэста.
У рамках конкурсу прайшоў таксама турнір па міні-футболе з удзелам школьных каманд, падлеткаў, якія стаяць на прафілактычным уліку ў ІСН, работнікаў МНС і зборнай участковых інспектараў па справах непаўналетніх. Пераможцамі турніру сталі выхаванцы сярэдняй школы № 9 Брэста.
Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя правёў конкурс “Скажы курэнню і наркотыкам не”. У ім прынялі ўдзел навучэнцы брэсцкіх сярэдніх школ №№ 18 і 30 імя Д.Б.Гвішыяні, якія былі адзначаны ў намінацыях “Самая масавая акцыя” і “Самая відовішчная акцыя” адпаведна.
На працягу трох месяцаў валанцёры-пажарнікі арганізоўвалі цікавую акцыю “Не марнатраў сваё жыццё” каля гарадскога кінатэатра “Беларусь” і гіпермаркета “Карона”. Лепшай прызнана каманда валанцёраў абласнога ўпраўлення МНС.
Гарадскі камітэт БРСМ на базе Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі зладзіў аматарскі турнір па дартсы. У агульнакамандным заліку першае месца занялі навучэнцы каледжа сувязі.
Акрамя таго, былі праведзены спаборніцтвы па баскетболе сярод ССНУ і ПТНУ Брэста. Лепшай аказалася каманда Брэсцкага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту.
Па выніках акцыі найбольш актыўныя яе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, граматы, каштоўныя падарункі і бясплатныя абанементы ў басейн.
 
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: