Школа хуткага рэагавання

17.2.2014
 
Упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі паспяхова рэалізуюць міжнародны праект “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін” у рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна 2007 – 2013”.
Нядаўна пры падтрымцы цэнтра прапаганды і навучання Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС прайшлі чарговыя заняткі па праграме “Школа хуткага рэагавання”. Іх мэта заключалася ў стварэнні ўмоў для вывучэння асноў бяспечнай жыццядзейнасці і фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін у экстрэмальных сітуацыях. Навучэнцы сярэдняй школы № 31 не толькі атрымалі інфармацыю аб правілах паводзін у надзвычайных сітуацыях, але і на практыцы рашылі прапанаваныя сітуацыйныя задачы аб парадку дзеянняў у час пажару.
Пасля заняткаў адбылася экскурсія ў пажарную аварыйна-выратавальную часць № 3, дзе школьнікаў пазнаёмілі з пажарнай тэхнікай, растлумачылі ім прынцып яе работы, расказалі аб прызначэнні пажарна-тэхнічнага абсталявання, якое знаходзіцца на ўзбраенні ў брэсцкіх пажарных-ратавальнікаў.
- Выкананне правіл паводзін пры пажарах – не пустая фармальнасць, а неабходнасць, якая дазваляе папярэдзіць сустрэчу з агнём, што забірае жыццё людзей, пазбаўляе маёмасці і матэрыяльных каштоўнасцей. Для брэсцкіх школьнікаў запланаваны цыкл заняткаў па навучанні асновам аказання першай медыцынскай дапамогі, выпрацоўцы навыкаў выратавання і алгарытму дзеянняў у экстрэмальнай сітуацыі, - расказаў інжынер службы хімічнай і радыяцыйнай абароны пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада старшы лейтэнант унутранай службы А.У.Сівуда.
Наталля ЯНЧУК,
метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА.