Да гісторыі адукацыі – з увагай і павагай

31.1.2014
 
На Піншчыне ў Пагост-Загародскай сярэдняй школе імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія адкрыўся музей развіцця адукацыі палескага рэгіёна. Гэты музей стаў другім па ліку на Брэстчыне.
Пагост-Загародская сярэдняя школа з’яўляецца адной з найстарэйшых навучальных устаноў Піншчыны. Нядаўна яна адзначыла 140-годдзе з часу свайго адкрыцця. Школа ўключана ў Дзяржаўную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 – 2015 гады. На рэканструкцыю ўстановы з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана больш за 3 мільярды рублёў. Мясцовая ўлада ўклала ў абнаўленне школы каля 800 мільёнаў рублёў, з якіх 200 мільёнаў былі накіраваны на стварэнне музея развіцця адукацыі.
Аснову музейнай экспазіцыі, размешчанай у невялікім памяшканні, складаюць успаміны настаўнікаў. Шмат экспанатаў паступіла з Лагішынскай і Табульскай сярэдніх школ. На жаль, не ўсе навучальныя ўстановы раёна прадстаўлены ў музеі.
Наведвальнікі музея могуць азнаёміцца з букваром 1914 года, даваеннай школьнай формай, падручнікамі пасляваеннага часу, архіўнымі матэрыяламі, дакументамі аб атрыманні адукацыі, сшыткамі па чыстапісанні 1917 года і шматлікімі фотаздымкамі. У музеі налічваецца больш за 300 экспанатаў.
У перспектыве плануецца стварыць віртуальную музейную экспазіцыю, якая змясціла б увесь матэрыял, назапашаны некалькімі пакаленнямі педагогаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
поделиться в: